26 снежня 2024, Чацвер, 23:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аўтуховічу адмовілі ў хадайніцтве аб спыненні крымінальнай справы

2

Следчы амаль адразу ж адмовіў у задавальненні хадайніцтва пасля таго, як да яго звярнуўся адвакат Мікалая Аўтуховіча.

Ваўкавыскаму прадпрымальніку Мікалаю Аўтуховічу адмоўлена ў задавальненні хадайніцтва аб спыненні крымінальнай справы. Пра гэта БелаПАН паведаміў адвакат палітвязня Павел Сапелка.

Адвакат адзначыў, што ён падаў хадайніцтва аб спыненні крымінальнай справы следчаму, як толькі скончыў знаёміцца з матэрыяламі справы. «І практычна адразу ж у задавальненні хадайніцтва было адмоўлена», - адзначыў Сапелка.

Адвакат не ведае, на якім этапе знаходзіцца справа ягонага падабароннага і ці перададзена яна ў пракуратуру. Ніякіх афіцыйных дакументаў у сувязі з гэтым ён не атрымліваў.

Як раней паведамляў сайт charter97.org, ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага 2009 года. 18 лютага ім было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 КК. 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» была ўзбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

8 жніўня Лявонава вызвалілі з менскага следчага ізалятара, а 24 верасня з яго былі знятыя ўсе абвінавачванні.

З 16 красавіка па 16 ліпеня палітвязень Аўтуховіч праводзіў галадоўку, патрабуючы ў найкарацейшыя тэрміны альбо перадаць справу ў суд, альбо змяніць усім падследным меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб невыяздзе.

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка і Юры Лявонаў сёлета сталі лаўрэатамі Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека ў намінацыі «За асабістую мужнасць». Прэмія заснаваная Хартыяй’97.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках