23 лiстапада 2024, Субота, 13:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Подпісы за Лукашэнку збіраюцца з парушэннямі заканадаўства

21

У працэсе збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі зафіксаваныя факты выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу, сцвярджаюць актывісты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

У прыватнасці, як паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч, адзначаны выпадкі, калі члены ініцыятыўнай групы Лукашэнкі пры падтрымцы мясцовых улад арганізоўвалі збор подпісаў ва ўстановах адукацыі, аховы здароўя, на прадпрыемствах. «Вядомыя факты, калі кіраўнікі дзяржпрадпрыемстваў і ўстаноў настойліва раяць сваім падначаленым не падпісвацца ні за каго, акрамя Лукашэнкі», — заявіў Стэфановіч інфармацыйнаму агенству БелаПАН.

Між тым, падкрэсліў ён, артыкул 61 Выбарчага кодэкса Беларусі абвяшчае, што «ўдзел адміністрацый арганізацый у зборы подпісаў, а роўна і прымушэнне ў працэсе збору подпісаў не дапускаецца».

Акрамя таго, адзначыў Стэфановіч, адміністрацыі студэнцкіх і рабочых інтэрнатаў не дазваляюць членам ініцыятыўных груп апазіцыйных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта збіраць подпісы ў інтэрнатах, спасылаючыся на адсутнасць адпаведнага дазволу. «У адпаведнасці з пунктам 9 пастановы ЦВК № 47 ад 15 верасня 2010 года пры зборы подпісаў у выбаршчыкаў, якія жывуць у інтэрнатах, члены ініцыятыўных груп усяго толькі павінны выконваць правілы ўнутранага распарадку інтэрната», — сказаў Стэфановіч.

Разам з тым праваабаронца звярнуў увагу на станоўчыя моманты сёлетняй выбарчай кампаніі.

«Шэраг выканкамаў скараціў колькасць месцаў, забароненых для правядзення пікетаў па зборы подпісаў, гэта істотна пашырыла магчымасці для збору подпісаў. Не зафіксавана перашкод пры правядзенні пікетаў па зборы подпісаў з боку супрацоўнікаў МУС. Міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў заявіў, што супрацоўнікі МУС атрымалі рэкамендацыі не перашкаджаць збору подпісаў нават пры наяўнасці нязначнага парушэння закона», — адзначыў Стэфановіч.

Паводле яго слоў, у цэлым палепшылася стаўленне да незалежных назіральнікаў з боку ўлад у параўнанні з папярэднімі выбарчымі кампаніямі. «Фармальна перашкод назіранню амаль не ствараецца», — падкрэсліў праваабаронца.

Нагадаем, назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» праводзяць маніторынг прэзідэнцкай кампаніі. Вынікам назірання стане даклад, які будзе прадстаўлены беларускай і міжнароднай грамадскасці.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках