6 траўня 2024, панядзелак, 22:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зняволеных Шклоўскай калоніі прымушалі падпісвацца за Лукашэнку

14

Назіральнік пры Шклоўскай раённай камісіі Міхаіл Кучарэнка выклаў факты парушэнняў закона пры зборы подпісаў за Лукашэнку.

Як паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары», Міхаіл Кучарэнка, назіральнік пры Шклоўскай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 7 кастрычніка накіраваў у камісію пратэст у сувязі з незаконнымі дзеяннямі ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты дзеючага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.

Старшыні і чальцам камісіі назіральнік, у прыватнасці, паведамляе:

«Прашу на падставе дзеючага Заканадаўства спыніць грубыя парушэнні, што адзначаюцца ў працы чальцоў ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў выбаршчыкаў на карысць беларускага кіраўніка.

У працэсе сваёй працы яны здзяйсняюць парушэнні, якія не дазваляюць лічыць складзеныя імі спісы выбаршчыкаў атрыманымі законна.

Так, 5.10.2010г. і ў АСБ «Беларусьбанк» і ў Выпраўленчай калоніі № 17 выбаршчыкі ў працоўны час здымаліся з працоўных месцаў і ў ленінскіх пакоях, пад пагрозай звальнення з працы, запаўнялі спісы выбаршчыкаў на карысць Лукашэнкі.

7.10.2010г. прадстаўнікі РАНА (Гурын, Грыбанаў) у парушэнне рашэння выканкама арганізавалі пікет у неналежным месцы - побач з музычнай школай, за 10 метраў ад будынка ўстановы. На маё законнае патрабаванне аб пераносе месца пікетавання - рэакцыя нулявая ... », - паведаміў назіральнік.

Міхаіл Кучарэнка, звяртаючыся да камісіі, просіць, у прыватнасці, спыніць парушэнне закона і «нагадаць, магчыма, з запрашэннем юрыстаў, што ўсё, што адбываецца, крымінальна караецца».

«Раённая камісія папросту закрывае вочы на тыя парушэнні закона, якія дапускаюцца пры зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку. Калі б што-небудзь падобнае дазволілі сабе прадстаўнікі ініцыятыўных групаў каго-небудзь з апазіцыйных прэтэндэнтаў у кандыдаты, дык яны б неадкладна былі папярэджаныя аб недапушчальнасці парушэнняў», - кажа Міхаіл Кучарэнка.

«Больш за тое, з імі адразу ж пачалі б разбірацца прадстаўнікі праваахоўных органаў. Ну а прыхільнікам дзейнага кіраўніка дзяржавы, мабыць, дазволена ўсё. Буду чакаць рэакцыі на выкладзеныя мной факты парушэнняў з боку Шклоўскай раённай выбарчай камісіі. Паглядзім, ці сапраўды яе сябры аб'ектыўныя і бесстароннія», - дадаў назіральнік.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках