Фільм беларускага рэжысёра «Лісты» атрымаў прэмію на фестывалі ў Ляйпцыгу
- 1.11.2026, 14:12
Стужка на прыкладзе лёсаў трох чалавек распавядае пра падзеі 2020 года ў Беларусі.
Кінафільм «Лісты» беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы атрымаў прэмію MDR як выбітны ўсходнееўрапейскі дакументальны фільм на фестывалі DOK Leipzig у Германіі. У стужцы распавядаецца пра рэпрэсіі ў Беларусі.
«Фільм, які даў голас тым, каго прымусілі змоўкнуць, пачулі, убачылі і высока ацанілі па-за межамі краіны. І ад гэтага атрыманае прызнанне становіцца яшчэ больш значным», – гаворыцца на старонцы дакументальнай стужкі «Лісты» ў Instagram.
Член адборчай камісіі DOK Leipzig, кінакрытык і журналістка Каролін Вайднэр, адзначыла, што Куціла, які «сам быў вымушаны бегчы ў Польшчу з-за дзяржаўных рэпрэсій», распавядае пра лёсы трох зняволеных, чые гісторыі «ўвасабляюць лёсы больш за 65 тысяч чалавек, якія падвергліся крымінальнаму пераследу і пазбаўленню волі пасля спрэчнага пераабрання Аляксандра Лукашэнкі ў 2020 годзе».
«Фільм Андрэя Куцілы — гэта збор сведчанняў жаху, які адбываецца ў самым сэрцы Еўропы», — цытуе яе «Позірк».
У верасні стужка «Лісты» была паказаная на Венецыянскім міжнародным фестывалі і ўдастоена там прэміі The Impact Golden Globes Prize for Documentary (узнагарода «Залатога глобуса» за ўплыў у дакументальным кіно).
«Гэта спроба праз лісты, праз дзённікі, праз галасы беларусаў, якія апынуліся рэпрэсаванымі, апынуліся ў зняволенні, выкінутымі з краіны ў выгнанне, расказаць пра сучасную Беларусь, пра нашу боль, пра тое, што мы перажылі і пра што мы марым, чаго хочам і да чаго імкнёмся, і, скажам так, кошт гэтай мары і гэтага імкнення. І пытанне — тут няма адказу на яго, кожны сам для сябе яго ставіць — аб ахвярнасці. Наколькі мы гатовыя змагацца, наколькі мы гатовыя ахвяраваць і чым ахвяраваць на гэтым гістарычным шляху», – распавядаў «Белсату» пра ідэю фільма Андрэй Куціла.
