Вучоныя: Кава неспадзявана можа стаць на 40% больш каларыйнай
2- 1.11.2026, 15:19
- 1,498
І цукар тут ні пры чым.
Даследнікі ўстанавілі, што каларыйнасць кавы ўзрасла на 40%. Праўда, не цукар прыносіць больш дадатковых калорый, а раслінныя вяршкі.
Пра гэта піша Science Daily.
Даследчая група прааналізавала звесткі васьмі паслядоўных цыклаў Нацыянальнага даследавання здароўя і харчавання ЗША (NHANES) за 2003–2018 гады. Рэпрэзентатыўная выбарка ахоплівала 30 тысяч дарослых ва ўзросце ад 20 гадоў. Кожны ўдзельнік падаваў інфармацыю пра ўсё, што еў і піў на працягу сутак.
Вучоныя падзялілі кавовыя напоі на дзве асноўныя групы — чыстыя і з дабаўкамі:
чайнае малако
сумесь малака і вяршкоў
малочныя вяршкі
расліннае малако
раслінныя вяршкі для кавы
цукар і сіропы
замяняльнікі цукру
алкаголь
какава-парашок
Хоць звычайнае малако заставалася найбольш распаўсюджанай дабаўкай да кавы, да 2018 года менавіта раслінныя вяршкі сталі галоўнай крыніцай дадатковых калорый у напоі.
У сярэднім раслінныя вяршкі давалі 18,5 калорый у дзень, тады як цукар — 16 калорый, а звычайнае малако — 11 калорый.
«Мы высветлілі, што раслінныя вяршкі, якія дадаюць у каву, цяпер апярэдзілі і цукар, і малочныя прадукты паводле ўкладу ў агульную каларыйнасць кавы. Раслінныя вяршкі могуць утрымліваць шмат насычаных тлушчаў, якія маюць высокую энергетычную каштоўнасць», — сказаў Ёнгі Пан, вядучы аўтар даследавання і аспірант Школы Фрыдмана (Бостан, ЗША).