Работнікам з Таджыкістана абяцаюць у Беларусі да 1200 долараў у месяц
9- 27.10.2026, 9:17
- 3,076
Дзе іх збіраюцца працаўладкоўваць.
Прадпрыемствы Гродзенскай вобласці дамовіліся аб найме работнікаў з Таджыкістана. Замежнікам прапануюць заробкі ад 750 да 1200 долараў у месяц, жыллё і часткова бясплатнае харчаванне. Пагадненні заключаны больш як з дзесяццю кампаніямі, паведаміла Міністэрства працы, міграцыі і занятасці насельніцтва Таджыкістана.
Дамоўленасці былі дасягнутыя падчас службовай паездкі ў Гродзенскую вобласць прадстаўнікоў таджыкскага Агенцтва па працаўладкаванні за мяжой.
Работнікаў з Таджыкістана плануюць прыцягваць у будаўніцтва, сельскую гаспадарку, тэкстыльную і цяжкую прамысловасць, сферу паслуг і транспарт.
Сярод прадпрыемстваў, што заключылі пагадненні, — «Гронитекс», «Белкард», агракамбінат «Скідзельскі», «Гроднопромстрой», «Гроднооблавтотранс», «Цветлит», Гродзенская птушкафабрыка і аўтобусны парк Гродна. Акрамя таго, замежнікам прапануюць працу ў фермерскіх гаспадарках і на прадпрыемстве «Гродзенскі сад», дзе патрэбныя супрацоўнікі для вырошчвання і збору яблыкаў, а таксама працы ў цяпліцах.
У аўтобусным парку Гродна грамадзян Таджыкістана хочуць працаўладкоўваць вадзіцелямі аўтобусаў і тралейбусаў. Пры гэтым некаторыя таджыкістанцы ўжо працуюць на прадпрыемстве.
У залежнасці ад прадпрыемства і спецыяльнасці новым работнікам абяцаюць плаціць ад 750 да 1200 долараў у месяц. Наймальнікі таксама гатовыя прадаставіць жыллё, спецвопратку і часткова забяспечыць харчаваннем. Асноўныя патрабаванні да кандыдатаў — веданне рускай мовы, адсутнасць судзімасці і добрае здароўе.
Колькі менавіта работнікаў збіраюцца прыцягнуць у Гродзенскую вобласць і калі яны змогуць прыступіць да працы, у ведамстве не паведамілі.
Кадравы голад і сітуацыя з мігрантамі
Нагадаем, улады занепакоеныя дэфіцытам кадраў і рэгулярна ўказваюць на патрэбу рынку працы ў замежнай рабочай сіле. У Мінпрацы гэта тлумачылі таксама рэкордна нізкім узроўнем беспрацоўя і тым, што эканоміка штогод стварае дзесяткі тысяч новых працоўных месцаў.
Аляксандр Лукашэнка раней спрабаваў дамовіцца з уладамі Пакістана аб арганізацыі масавага прытоку людзей адтуль у Беларусь — да 150 тысяч чалавек. Аднак з гэтай ідэі нічога не выйшла. У маі 2026-га года міністр унутраных спраў Іван Кубракоў адчытаўся: у нашай краіне знаходзяцца 324 пакістанцы.
9 ліпеня 2026-га года на сустрэчы з Шаўкатам Мірзіёевым беларускі дыктатар прапанаваў працоўным мігрантам з Узбекістана пераязджаць у нашу краіну сям'ямі.
У тым жа месяцы ў Беларусь чартарным рэйсам прыбылі каля 250 жыхароў Андыжанскай вобласці Узбекістана для працы ў сельскай гаспадарцы і жывёлагадоўлі. На першым этапе ўлады планавалі працаўладкаваць 1100 узбекаў на 13 прадпрыемствах Віцебскай і іншых абласцей. У далейшым іх колькасць хацелі павялічыць да 5000 чалавек.
Аднак неўзабаве пасля прыезду частка работнікаў паскардзілася на прапанаваныя ўмовы працы і пражывання. Мужчыны сцвярджалі, што ім абяцалі заробак у 500 долараў, з якога давялося б самастойна аплачваць жыллё і харчаванне. Яны заявілі, што пры такіх умовах гатовыя вярнуцца на радзіму.