Украінскі прадусар: Дэпардзье прадаў кватэру ў РФ і перадаў грошы ЗСУ
- 24.10.2026, 7:14
Гучная заява Андрэя Халпахчы.
Французскі акцёр Жэрар Дэпардзье, які раней сябраваў з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным, прадаў нерухомасць у РФ, а атрыманыя грошы накіраваў на патрэбы Узброеных Сіл Украіны. Пра гэта расказаў украінскі кіназнаўца і прадусар Андрэй Халпахчы, які шмат гадоў узначальвае кінафестываль «Маладосць».
У інтэрв'ю OBOZ.UA ён расказаў пра адносіны з акцёрам, які не раз прыязджаў у Кіеў на фестываль, і пра яго ўчынак, пра які, паводле слоў прадусара, ва Украіне амаль ніхто не ведае.
«Жэрар Дэпардзье — вельмі спецыфічная асоба. Безумоўна, гэта і велізарная зорка, фантастычны і выдатны акцёр, але часам паводзіць сябе, ну, як дзіця. Усе памятаюць яго сяброўства з Пуціным, з-за якога сёння ён для многіх стаў персонай нон грата. Але, з другога боку, ніхто ў нас не ведае, што ён прадаў сваю кватэру ў Расіі, а грошы перавёў на ЗСУ», — адзначыў Халпахчы.
Прадусар таксама згадаў візіты Дэпардзье на «Маладосць»: як мінімум двойчы акцёр прыязджаў на фестываль бясплатна. На 40-м кінафестывалі ён стаў вядоўцам маштабнай цырымоніі ў Нацыянальнай оперы Украіны. Тады мерапрыемства падтрымліваў тэлеканал «Украіна», які выплаціў артысту ганарар.
Дэпардзье неаднаразова выказваўся пра Расію і пра поўнамаштабную вайну супраць Украіны. У 2013 годзе ён атрымаў расійскае грамадянства. У лютым 2023 года акцёр назваў вайну «вялікай лухтай» і заявіў, што па-ранейшаму лічыць сябе расіянінам. Як паведамляла нямецкае выданне Augsburger Allgemeine, ён таксама падкрэсліў: «Для мяне нічога не змянілася. Я ўсё яшчэ расіянін. Я люблю рускую культуру».