У РФ знайшоўся кітайскі хірург, які эксперыментуе з перасадкай галавы
- 24.10.2026, 5:04
Жэнь Сяопін актыўна праводзіць аперацыі ў Маскве.
Кітайскі вучоны Жэнь Сяопін, які раней абяцаў правесці першую ў свеце паспяховую перасадку галавы чалавека, аб’явіўся ў Расіі. Паводле інфармацыі South China Morning Post, якая спасылаецца на крыніцы ў РФ, ён працуе ў Навукова-даследчым інстытуце неадкладнай медыцыны імя Скліфасоўскага ў Маскве.
14–15 кастрычніка хірург правёў аперацыю на спінным мозгу паралізаванага пацыента з прымяненнем «наватарскай тэхнікі зрашчэння тканак». Умяшанне працягвалася 12 гадзін. Як гаворыцца ў матэрыяле, лекары выдалілі ўчастак спіннога мозгу, які быў цалкам перарэзаны ў выніку траўмы тры гады таму, і замянілі яго фрагментам ад донара са смерцю мозгу. Аперацыю выконвалі мікрахірургічнымі метадамі з выкарыстаннем паліэтыленгліколю, рэчыва, якое спрыяе зліццю клеткавых мембран. Аўтары называюць яе першай у свеце трансплантацыяй спіннога мозгу.
Стан пацыента стабільны. Ці дала аперацыя станоўчы вынік, пакуль невядома.
Паводле даных выдання, Жэнь Сяопін актыўна праводзіць аперацыі ў Маскве, у прыватнасці займаецца трансплантацыяй канечнасцяў. Не выключаецца, што кітайскі вучоны можа быць задзейнічаны ў маштабным праекце па падаўжэнні жыцця Уладзіміра Пуціна. Ім, нібыта, куруе дачка расійскага лідара Марыя Варонцова, а фінансаванне праекта ацэньваецца як велізарнае.
Раней Жэнь Сяопін разам з італьянскім нейрахірургам Сэрджо Канаверам працаваў над скандальным праектам перасадкі чалавечай галавы. Яны заяўлялі пра эксперыменты на трупах і малпах, аднак давесці задуманае да канца ім не ўдалося праз крытыку навуковай супольнасці.