Анджэй Пачобут паведаміў, калі канчаткова вернецца ў Беларусь
- 27.10.2026, 9:50
Гэтае рашэнне было ад самага пачатку.
Былы палітвязень, журналіст і актывіст незалежнага Саюза палякаў Беларусі Анджэй Пачобут у снежні плануе вярнуцца ў Беларусь на сталае пражыванне. Пра гэта ён распавёў у інтэрв'ю польскай газеце Rzeczpospolita, перадае Onet.
«Такое рашэнне было ад самага пачатку. Я пастаянна пра гэта кажу. У снежні вяртаюся ў Беларусь. Вядома, сям'я хацела б, каб я застаўся ў Польшчы. Бацькі таксама. У той жа час яны разумеюць мае матывы і ведаюць, што я ўжо такі чалавек», — заявіў журналіст.
Пачобут таксама падзяліўся ўражаннямі ад вераснёўскай паездкі ў Беларусь. Тады ён найперш адправіўся ў родную Гродну, дзе знаходзіцца яго дом. Паводле слоў экс-палітвязня, за гады яго зняволення горад прыкметна змяніўся — перадусім праз ад'езд знаёмых.
«Знаёмых няма. Ніколі раней са мной не здаралася такога, каб я прайшоў праз цэнтр горада і не сустрэў ніводнага знаёмага. А цяпер так і было. Калі я нарэшце ўбачыў чалавека, якога ведаю, ён вельмі здзівіўся маёй прысутнасці. Я таксама здзівіўся, што сустрэў яго, бо ўжо паспеў прызвычаіцца да таго, што знаёмых няма. Да гэтай пустэчы», — распавёў Пачобут.
Паводле яго назіранняў, цяпер лягчэй сустрэць знаёмых з Гродна або Мінска на вуліцах Беластока, Варшавы і Вільні, чым у саміх беларускіх гарадах.
Журналіст таксама распавёў, што неўзабаве пасля прыезду ў яго кватэру ў Гродне прыйшоў супрацоўнік міліцыі з уключаным відэарэгістратарам.
«Усё было афіцыйна. Дзе я працую, колькі часу буду ў Беларусі. Я адказваў, што толькі што прыехаў. Не хацеў даваць адказы. Увогуле ў такіх сітуацыях стараюся гаварыць як мага менш. Ён сышоў, потым вярнуўся і сказаў, што ў чацвер я павінен з'явіцца ў аддзяленне міліцыі. Спытаў, ці прыйду я. Я адказаў: «Вядома». Я чалавек, які паважае закон, насуперак таму, што ў іх напісана пра мяне ў дакументах», — распавёў Пачобут.
Аднак на наступны дзень яму патэлефанавалі і паведамілі, што прыходзіць у міліцыю больш не трэба.
Яшчэ адной нечаканай праблемай стала забарона на карыстанне мабільнай сувяззю. Паводле слоў журналіста, праз уключэнне ў беларускія спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» ён не можа мець мабільны тэлефон.
«Спачатку я пайшоў перааформіць на сябе стары нумар, які быў зарэгістраваны на жонку. Гэта зрабілі, але пасля трох званкоў нумар перастаў працаваць. Я пайшоў высвятляць сітуацыю і даведаўся, што не маю на яго права», — распавёў ён.
Нагадаем, Анджэя Пачобута затрымалі ў сакавіку 2021 года. У лютым 2023-га яго прысудзілі да васьмі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачаннях у «распальванні варожасці» і «закліках да дзеянняў супраць бяспекі дзяржавы». Праваабаронцы прызналі журналіста палітвязнем.
28 красавіка 2026 года Пачобута вызвалілі ў межах абмену зняволенымі паміж Беларусьсю і Польшчай па формуле «пяць на пяць». Пасля больш як пяці гадоў зняволення ён апынуўся ў Польшчы.
Пра намер вярнуцца на радзіму журналіст гаварыў амаль адразу пасля вызвалення. Ён распавядаў, што яшчэ на мяжы запатрабаваў ад беларускіх уладаў гарантый магчымасці вяртання.
8 верасня Пачобут прыбыў у Беларусь, дзе сустрэўся з сям'ёй і прадстаўнікамі незалежнага Саюза палякаў. У краіне ён правёў тыдзень, а 15 верасня вярнуўся ў Польшчу.
Пазней журналіст паведаміў, што збіраецца зноў прыехаць у Беларусь пасля паездкі ў ЗША. Адзін з яго планаў — напісаць кнігу пра пяць гадоў, праведзеных у зняволенні.
Пры гэтым беларускія праваабаронцы папярэджвалі, што гісторыя Пачобута не азначае, што вяртанне на радзіму стала бяспечным для іншых былых палітвязняў і людзей, якім можа пагражаць палітычны пераслед.