Пуціністка Доліна засталася без новага альбома праз атакі ЗСУ
2- 27.10.2026, 10:00
- 2,158
Раней такія праблемы ўзніклі ў Газманава.
Расійская спявачка Ларыса Доліна страціла частку музычных матэрыялаў, якія рыхтавала да выхаду новага альбома. Прычынай сталі перабоі ў працы воблачнага сховішча кампаніі «Яндэкс», якія пачаліся пасля атак беспілотнікаў на дата-цэнтры, піша УНІАН са спасылкай на расійскія СМІ.
Паводле слоў менеджара спявачкі Сяргея Пудаўкіна, з-за тэхнічных праблем зніклі кампазіцыі, якія рыхтавалі да рэлізу. У прыватнасці, каманда планавала выпусціць новую песню «Крылы».
«Сапраўды, песні «ўляцелі», у тым ліку з новага альбома Ларысы Долінай. Мы рыхтавалі прэм’еру, рэліз новай песні «Крылы», – расказаў Пудаўкін.
Ён дадаў, што цяпер камандзе давядзецца нанова збіраць кампазіцыі. Некаторыя важныя часткі песень захаваліся на жорсткіх дысках, аднак толькі ў выглядзе асобных гукавых дарожак. З-за гэтага аднаўленне музычных матэрыялаў запатрабуе дадатковай працы.
Напярэдадні пра страту музычных матэрыялаў паведаміў расійскі спявак-пуцініст Алег Газманаў. Паводле яго слоў, значная частка неапублікаваных кампазіцый захоўвалася ў воблачным сховішчы «Яндэкса».
«На жаль, большая частка матэрыялу страчана. У мяне ўвесь матэрыял быў у воблаку на «Яндэксе». У мяне трагедыя, я згубіў вельмі шмат песень», – заявіў Газманаў.
Атака на дата-цэнтры «Яндэкса»
У ноч на 9 кастрычніка беспілотнікі атакавалі дата-цэнтр «Яндэкса» ў Калуге. У выніку ўдару былі пашкоджаныя некалькі модуляў аб’екта, якія, паводле паведамленняў, цалкам выведзеныя з ладу.
Уначы 11 кастрычніка выбухі прагучалі ва Уладзімірскай вобласці Расіі. У горадзе Уладзімір быў паражоны яшчэ адзін дата-цэнтр кампаніі. Аб’ект магутнасцю 50 МВт, разлічаны на 2880 ІТ-стоек, з’яўляецца важным элементам інфраструктуры расійскага тэхналагічнага гіганта.