Чыноўнікі атрымалі загад падрыхтаваць «перамогу» дыктатара
86- 14.10.2010, 16:29
Бабруйскім праваабаронцам стала вядома пра «сход», які прайшоў літаральна на днях у гарвыканкаме.
На сход былі запрошаныя дырэктары прадпрыемстваў, навучальных і іншых дзяржаўных устаноў, паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Адзін з прысутных на сходзе, які прасіў не называць яго імя і месца працы, распавёў пра ўказанні, якія агучылі ў гарвыканкаме.
«Нам сказалі, што будуць адсочваць, за каго мы ставім подпісы цяпер, і за каго будзем галасаваць на выбарах. Мы павінны данесці гэтую інфармацыю да падначаленых. Акрамя таго, нам загадалі падрыхтаваць «перамогу» Лукашэнкі, арганізаваць папярэдняе галасаванне і зрабіць патрэбную колькасць галасоў за дзеючага прэзідэнта. Атрымліваецца, нас проста запалохалі. Нават калі я захачу аддаць свой голас за дэмакратычнага кандыдата, я не раз падумаю, ці не адаб'ецца гэта на маёй працы», - распавёў бабруйскі чыноўнік.