24 лiстапада 2024, Нядзеля, 10:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мы гатовыя заплаціць кошт

131
Мы гатовыя заплаціць кошт

Галоўнае, каб усе мы бясстрашна выйшлі бараніць незалежнасьць і свабоду сваёй краіны, дамагацца справядлівых выбараў.

«Я скажу пра Плошчу, якая мае быць на гэтых выбарах. Нельга дапусьціць каб яна была радыкальнай» , – сфармуляваў сваю грамадзянскую пазыцыю Аляксандр Мілінкевіч у інтэрвію «Свабодным навінам плюс». За такое чыстасардэчнае прызнаньне журналіст «СН+» Віталь Цыганкоў называе Мілінкевіча ня йнакш як «стратэгам» і «стаерам», у адрозьненьні ад іншых апазыцыянэраў – бегуноў на кароткія дыстанцыі. Але, як аказваецца, Мілінкевіч ня толькі «стаер», ён яшчэ і вернік: «Перш за ўсё – я цьвёрды прыхільнік мірных акцыяў. І тады, і сёньня я лічу, што калі па віне палітыкаў праліваецца кроў і гінуць людзі – гэта велізарная трагедыя. Я вернік і для мяне жыцьцё чалавека ня мае цаны» .

Вось як проста можна прыкрыць сваю трусасьць – вернік я, маўляў, і кроў праліваць нельга. Не зразумела толькі ці ведае што-небудзь аб хрысьціянскае веры і хрысьціянскае самаахвярнасьці спадар Мілінкевіч, аб тым колькі жыцьцяў і крыві, пачынаючы ад крыві Ісуса Хрыста, было аддадзена за перамогу хрысьціянства? Хутчэй за ўсё – не, таму нагадаем адзін з галоўных прынцыпаў хрысьціянскае веры: «Ніхто ня мае большай любові за тую, калі хто аддае жыцьцё сваё за сваіх сяброў» . (Яна 15:13). Кіруючыся гэтым прынцыпам Ісус Хрыстос і Ягоныя апосталы перамаглі сьвет. Яны разумелі тое, што вельмі важна зразумець нарэшце і нам: калі ты нешта прапаведуеш, ты павінен быць гатовы ў імя гэтых ідэяў нечым і ахвяраваць. Гэта ня толькі закон Біблійны, гэта закон і жыцьця: калі адзін чалавек верыць у нешта, за што гатовы аддаць жыцьцё, а дзесяць іншых вераць у іншае, за што гатовыя галасаваць – адзін будзе пісаць законы для дзесяці.

Больш правільным для Мілінкевіча было б калі і не папрасіць прабачэньне за здраду 19 сакавіка 2006 году, дык хаця б сказаць: Можа і памыляўся. Гісторыя рассудзіць. Але ён ня толькі палітычнае прыкрыцьцё сабе прыдумаў: «Давайце задумаемся, што мы маглі дамагчыся штурмам? Мы выдатна ведалі, што не набралі 50%, нават разам з Казуліным» , але нават і вераю надумаў прыкрывацца. Атрымоўваецца, што астатнія, хто з гэтым ня згодны і хто ахвяраваў сабою ў імя пераменаў у сваёй радзіме – людзі «няверуючыя».

Тыя мільёны жыхароў Усходняга Бэрліну, якія ў 1989 годзе пад прыцэламі аўтаматаў і парушаючы дзяржаўную мяжу пераходзілі Бэрлінскую сьцяну (а яны таксама не набралі 50% на выбарах – ніякіх выбараў не было!) – людзі «няверуючыя». Тыя сотні тысяч жыхароў Чэхаславакіі, якія выйшлі ў 1989 годзе пад прыцэламі аўтаматаў на масавыя мітынгі, патрабуючы зьмены камуністычнага рэжыму (50% на выбарах прыхільнікі пераменаў таксама не набралі – ніякіх выбараў не было!) – людзі «няверуючыя». І Вацлаў Гавэл, каторы заклікаў іх на вуліцы, як разумее чытач, чалавек таксама «няверуючы». Тыя сотні тысячаў палякаў, якія выйшлі на вуліцы сваіх гарадоў у 1981 годзе патрабуючы зьмены камуністычнага рэжыму (як вы можаце здагадацца, 50% на выбарах таксама не набралі – выбараў не было!) – людзі «няверуючыя». Як і Лех Валенса, каторы заклікаў іх на мітынгі выходзіць, пры падаўленьні якіх некалькі дзясяткаў чалавек загінула. Тыя тысячы літоўцаў, каторыя ў 1991 годзе выйшлі бараніць адміністратыўныя будынкі і Незалежнасьць сваёй краіны (50% на выбарах яны таксама не ўзялі – выбараў не было!) ізноў, але – людзі «няверуючыя». Як і Вітаўт Ландзбергіс, на заклікі каторага грамадзяне Літвы выходзілі на абарону сваёй дзяржавы, што абышлося ў 15 чалавечых жыцьцяў. Шэраг гэтых «няверуючых» можна было б працягваць і працягваць, але і так ужо відавочна: «веруючы» ў нас толькі адзін – Аляксандр Мілінкевіч. І задача ў яго зрабіць так, каб, о упасі Божа!, Плошча не была радыкальнаю! Скажу вам, аднак, што гэта ўжо функцыя нават не «адбельвальніка», гэта функцыя «паслужніка».

Безумоўна, нельга вініць у здрадзе 2006 году толькі Мілінкевіча, як і ў здрадзе 2001 году толькі Ганчарыка. Гэткага кшталту «палітыкі» становяцца раз ад разу нашымі «правадырамі» дзякуючы таму, што маюць пэўную падтрымку сваіх поглядаў у дэмакратычным асяродзьдзі. Вось ужо і адзін з ідэйных нашчадкаў Мілінкевіча ня толькі заявіў, што ставіць простую задачу: патрэніравацца ды некалькі там адсоткаў набраць, але нават і супраць чырвона-зялёнай анучы ён нічога ня мае. No comment, што называецца.

Але, канешне, і вы маеце права рэалізоўваць сваю «цуда-дзейнасьць». Адно толькі хацелася б вас заклікаць не крывадушнічаць перад грамадзянамі Беларусі, а зьбіраючы подпісы так ім і гаварыць: «Пастаўце подпіс за нашага кандыдата – дапамажыце яму сагрэцца й ўмацаваць партыю!», «Падпішыцеся за нашага кандыдата – дапамажыце яму раскруціцца й падрыхтавацца да наступных выбараў!». Мажліва, што тысяч 100 «эвалюцыяністаў» на дваіх і сагітуеце. Асабліва калі па паліклініках паходзіце добра.

Аднак асабіста я пакідаю за сабою права супрацьстаяць вашаму кар’ерызму і палітыканству. Я рашуча абвяшчаю сябе ў апазыцыі да гэткага кшталту «апазыцыянэраў», да прагматыкаў, да «эвалюцыяністаў», да ціпа «стаераў» і падобных ім. Бог гаворыць: «Я зьнішчу мудрасьць мудрацоў і розум разумных адкіну. /…/ Бо мудрасьць гэтага сьвету ёсьць глупства перад Богам, як напісана: ловіць мудрых у хітрасьці іхняй». (1 Кар. 1:19, 3:19) І я таксама абвяшчаю вам – стратэгам, прагматыкам і мудрацам: вы будзеце злоўлены ў вашай хітрасьці і пасаромлены!

Ня маюць ніякага значэньня ўсе нашыя лёзунгі і ідэалы, калі мы не гатовыя дзеля іх рэалізацыі ахвяраваць. І, канешне, тут павінны кожны адказваць сам за сябе. Я, ідучы на Плошчу, іду з усьведамленьнем таго, што гатовы ў імя пераменаў ахвяраваць сваёю свабодаю, а калі спатрэбіцца – і сваім жыцьцём. Ня думаю, што я самотны ў гэтым памкненьні. Няхай нас, можа, не мільёны, але тысячы – дакладна. Перакананы: дастаткова і гэтага. Галоўнае, каб усе мы бясстрашна выйшлі бараніць незалежнасьць і свабоду сваёй краіны, дамагацца справядлівых выбараў.

Можа быць Стваральнік неба ды зямлі і палічыць, што наш народ ужо дастаткова прынёс ахвяраў, каб стацца нарэшце вольным і незалежным. А можа быць цану гэтую нам трэба яшчэ заплаціць. Ніхто ня ведае, але відавочна адно: дзеля таго каб адбыліся перамены мы павінны быць гатовымі заплаціць за іх кошт.

Зміцер Дашкевіч, лідэр «Маладога Фронта»

Напісаць каментар 131

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках