19 красавiка 2024, Пятніца, 3:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саннікаў «Інтэрфаксу»: «Мы ўдзельнічаем у кампаніі, каб змяніць уладу»

31
Саннікаў «Інтэрфаксу»: «Мы ўдзельнічаем у кампаніі, каб змяніць уладу»

Гэта абраза беларускага народа – такія псеўдавыбары.

Лідэр «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў, які балатуецца на пасаду прэзідэнта, даў эксклюзіўнае інтэрв'ю агенцтву «Інтэрфакс-Захад».

- Абвяшчаючы пра пачатак агульнанацыянальнай грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», вы заявілі, што «інтэграцыя ў Еўразвяз – гэта не толькі адзіны эфектыўны шлях для сённяшняй Беларусі, але і жыццёвая неабходнасць». Ці азначае гэта, што вы пазіцыянуеце сябе як празаходняга палітыка?

- Я – беларускі палітык, і лічу, што мая краіна павінна быць сябрам Еўразвяза. Але, у той жа час, я кажу і пра стратэгічнае партнёрства з Расеяй. Без гэтага мы проста не ў стане будзем нармальна развівацца. Тое, што сёння адбываецца з Расеяй, – недапушчальна. Гэта абсалютна не трэба народу Беларусі. Інтэграцыя ў Еўропу азначае, што Беларусі трэба ісці шляхам, які ўжо прайшлі шмат якія нашыя суседзі, і гэты шлях зразумелы. Ёсць досвед (інтэграцыі ў Еўрапейскі звяз суседніх краінаў - ІФ) як поспехаў, так і памылак. Памылкі нам нават цікавей будзе даведацца, каб не набіць гузоў. Але гэта не выключае стратэгічнага партнёрства з Расеяй на новых прынцыпах. Я спадзяюся, што і Расея павінна быць зацікаўленая ў такім партнёрстве.

- У святле рэзкага пагаршэння стасункаў лідэраў Беларусі і Расеі, на вашую думку, ці вядзе Крэмль пошук новых палітычных партнёраў сярод прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла?

- Гэта справа Расеі. Я лічу, што дастаткова сур'ёзны палітычны сігнал быў накіраваны, які сведчыць пра тое, што Лукашэнка больш не з'яўляецца партнёрам (Расеі – ІФ). Так, мы гатовыя быць партнёрам. Мы гатовыя сур'ёзна размаўляць.

- У інтэрв'ю часопісу Newsweek вы заяўлялі, што «апазіцыянеры вядуць кансультацыі, аднак адзіны кандыдат ад апазіцыі не патрэбны». Чым выкліканы падобны пункт погляду?

- Я казаў, што адзіны кандыдат ад апазіцыі – гэта нейкі стэрэатып, які мне не зразумелы. Нам сёння трэба актывізаваць людзей і гэта зараз адбываецца. Тое, што пайшло (на выбары - ІФ) некалькі апазіцыйных кандыдатаў, якраз спрыяе мабілізацыі людзей. Мы ўсе ідзём з альтэрнатывай. Альтэрнатывай Лукашэнку. Таму што далей гэта ўжо не можа працягвацца. А на пазнейшым этапе будзе праходзіць кансалідацыя, будзем глядзець, патрэбны нам адзін кандыдат ці не патрэбны.

- У сваім блогу вы пішаце: «Электарата ў Лукашэнкі больш няма». Як вы лічыце, пахаладанне стасункаў паміж Менскам і Масквой зменшыць колькасць тых, хто будзе галасаваць за дзеючага прэзідэнта, ці наадварот дадасць яму папулярнасці? Бо фармальна ён абараняе незалежную палітыку краіны, змагаючыся з адчувальным ціскам звонку.

- Нічога падобнага, гэта глупства, якое любяць паўтараць. Дыктатура ніколі не будзе гарантам незалежнасці дзяржавы. Ніколі. Яна здасць гэтую незалежнасць, як толькі будзе выгадна дыктатару. І не трэба лічыць беларусаў ідыётамі. Гэта, вядома, зменшыць падтрымку Лукашэнкі, і без таго мізэрную.

- Чым вашыя перадвыбарчыя тэзісы адрозніваюцца ад праграмаў астатніх прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла? На каго будзе арыентаваная кампанія кандыдата Саннікава?

- Кампанія арыентаваная на ўвесь народ Беларусі. Тое, што я прапаную, знаходзіць водгук у людзей, якія належаць да розных прафесійных і сацыяльных групаў. Ад іншых яна адрозніваецца тым, што я дастаткова дакладна кажу, што інтэграцыя ў Еўропу і стратэгічнае партнёрства з Расеяй, пры ўдзеле найважнейшага партнёра Беларусі – Украіны, не толькі магчымае, але гэта менавіта тое, што трэба Беларусі.

- На старце выбарчай кампаніі вы выступілі са зваротам да беларусаў, у якім пісалі: «Сёння прыйсці на выбарчы ўчастак і прагаласаваць супраць дзеючай улады - недастаткова. Мы ўсе гэта ўжо даўно засвоілі. Мы зможам абараніць свае інтарэсы толькі тады, калі зможам абараніць свой выбар». Што азначае гэтае вашае выказванне? Вы заклікаеце да адкрытага супрацьстаяння з дзеючай уладай?

- Я заклікаю людзей актыўна выяўляць сваю пазіцыю. Таму што ў нас няма выбараў. Лукашэнка па законе, нават па тым, які ён змяняў, не мае права балатавацца на пасаду прэзідэнта. Ярмошына па законе не мае права ўзначальваць ЦВК, паколькі яна сказала, што яна з каманды Лукашэнкі, а значыць – гэта выключае яе непрадузятасць. Акрамя таго, супраць яе дзейнічаюць міжнародныя санкцыі, уведзеныя з-за фальсіфікацыі выбараў.

Гэта абраза беларускага народа – такія псеўдавыбары. Таму сёння людзі павінны рашуча патрабаваць змены ўлады і нармалізацыі сітуацыі ў Беларусі.

- Як, на вашую думку, размяркуюцца галасы на выбарах, якія маюць адбыцца? Ці можна сёння рабіць на гэты конт якія-небудзь прагнозы?

- Я ўжо сказаў, што ў Беларусі няма выбараў пры Лукашэнку і Ярмошынай.

- А чаму тады вы ў іх удзельнічаеце?

- Таму што мы павінны змяніць гэтую ўладу. Скарыстацца палітычнай кампаніяй, якая называецца «прэзідэнцкія выбары», і гэтую ўладу змяніць.

- Вы паведамлялі, што збіраецеся прадаць кватэру, каб удзельнічаць у перадвыбарчай кампаніі. А іншыя крыніцы фінансавання ў «Еўрапейскай Беларусі» ёсць?

- Кватэру пакуль не прадаў, але ўжо ёсць некалькі пакупнікоў. Крыніцы фінансавання з'яўляюцца і будуць з'яўляцца ўнутры Беларусі.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках