Следчы Байкова зноў можа апынуцца за кратамі
23- 22.10.2010, 9:08
Супраць яе распачата яшчэ некалькі крымінальных спраў.
А пакуль старэйшы следчы па асабліва важных справах Генпракуратуры знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, папярэдняе следства па якой ужо завершана, пад кругласутачным кантролем КДБ, піша «Народная воля».
На днях адвакат Святланы Байковай накіраваў на імя генпракурора хадайніцтва аб прадаўжэнні месячнага тэрміну, адведзенага на вывучэнне крымінальнай справы, - тамоў шмат, некаторыя матэрыялы пад грыфам «Сакрэтна», капіяваць іх нельга.
24 кастрычніка сканчаецца тэрмін утрымання Байковай пад хатнім арыштам. Пракурорскае начальства павінна альбо падоўжыць гэтую меру стрымання, або замяніць. Хутчэй за ўсё, вядома, працягнуць. Але адвакат просіць, каб меру стрымання змякчылі, а калі гэта немагчыма - то хаця б прыбралі існуючыя абмежаванні. Паводле словаў блізкіх Святланы Анатольеўны, ёй нават забароненыя прагулкі, і за два месяцы з хаты яна нікуды не выходзіла. Ёй таксама нельга падыходзіць да тэлефона, прымаць гасцей і г. д. Акрамя гэтага, у кватэры Святланы Байковай практычна пасяліліся супрацоўнікі КДБ - два афіцэры кругласутачна знаходзяцца ў кватэры і сочаць за кожным крокам абвінавачанай.
Як стала вядома «Народнай волі» з вартых даверу крыніц, Камітэт дзяржбяспекі ўзбудзіў у дачыненні да Байковай яшчэ некалькі крымінальных спраў. Следства ўжо ідзе. Не выключана, што па зноў узбуджаных справах могуць абраць новую меру стрымання, і тады Байкова зноў можа апынуцца за кратамі. Адвакат Байковай ад каментароў па дадзенай падставе ўстрымліваецца.
Нагадаем, што Святлану Байкову затрымалі ў канцы лютага. На сайце КДБ напісана: «Падчас правядзення следчых дзеянняў, акрамя высветленых раней, выяўлены факты незаконных затрыманняў, прыцягнення ў якасці абвінавачаных, заключэння грамадзян пад варту, дапушчаныя С. Байковай ў 2006-2007 гадах. Інфармацыя па справе не падлягае шырокаму асвятленню ў СМІ ў інтарэсах забеспячэння тайны следства і выключэння ўплыву на яго ход».