Следчы Байкова застаецца пад арыштам
9- 25.10.2010, 10:40
Тэрмін утрымання старэйшага следчага па асабліва важных справах Генеральнай пракуратуры Святланы Байковай пад хатнім арыштам падоўжаны да 20 лістапада.
Пра гэта БелаПАН паведаміў яе адвакат Міхаіл Воўчак. У адпаведнасці з раней прынятым рашэннем дзеянне гэтай меры стрымання павінна было завяршыцца 24 кастрычніка.
Тэрмін азнаямлення Байковай і яе абароны з матэрыяламі справы падоўжаны на паўмесяца - да 15 лістапада, хаця адвакат прасіў у генеральнага пракурора месяц. Тым не менш, адзначыў Воўчак, часу азнаёміцца з усімі матэрыяламі расследавання яму і падабароннай хопіць.
На разглядзе ў генпракурора ці, як лічыць адвакат, ужо ў КДБ знаходзіцца хадайніцтва абароны аб змякчэнні Байковай меры стрымання, паколькі цяпер яна знаходзіцца ва ўмовах жорсткіх абмежаванняў. Напрыклад, ёй забароненыя прагулкі, пракурорскі працаўнік знаходзіцца пад пастаяннай аховай супрацоўніка КДБ.
Адвакат паведаміў, што ў апошнія дні стан здароўя падабароннай пагоршыўся, абвастрыўся шэраг захворванняў, і ёй неабходная кваліфікаваная медыцынская дапамога.
Святлана Байкова была затрыманая супрацоўнікамі КДБ 25 лютага на працоўным месцы па падазрэнні ў перавышэнні ўлады. Справы ў дачыненні да яе старшыня КДБ Вадзім Зайцаў узбудзіў 24 лютага па прыкметах складаў злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 399 (незаконнае вызваленне ад крымінальнай адказнасці) і 426 (перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў) Крымінальнага кодэкса.
Паведамленні, якія з'явіліся ў СМІ, аб узбуджэнні ў дачыненні Байковай новых крымінальных справаў адвакат не каментуе.