Рубінаў прапаноўвае змагацца з «несяброўскімі СМІ»
41- 5.10.2010, 9:21
Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў чальцам «савета рэспублікі» загадана часцей выступаць у навучальных і вытворчых калектывах.
Пра гэта заявіў 4 кастрычніка на адкрыцці сесіі «савета рэспублікі» яго старшыня Анатоль Рубінаў, перадае БелаПАН.
«Трэба развейваць палітычныя міфы, якія ў вялікай колькасці насаджаюцца сёння ў несяброўскіх нам сродках масавай інфармацыі», - сказаў Рубанаў.
Паводле яго словаў, пры гэтай працы неабходна ўлічваць інтарэсы розных групаў насельніцтва.
Старшыня «савета рэспублікі» заклікаў, выкарыстоўваючы мясцовыя СМІ, надаць асаблівую ўвагу інфармаванню насельніцтва пра падрыхтоўку і рэалізацыю рэспубліканскіх і рэгіянальных сацыяльна-эканамічных праграмаў, накіраваных на падвышэнне жыццёвага ўзроўня насельніцтва.
«Мы павінны мабілізаваць свой патэнцыял і працаваць так, каб усе этапы выбарчай кампаніі прайшлі ў адпаведнасці з заканадаўствам, каб былі забяспечаныя высокі ўзровень арганізацыі выбарчага працэсу, дакладная і зладжаная праца выбарчых камісіяў», - сказаў Рубінаў.
Ён перакананы, што 19 снежня «краіна прадэманструе ўсёй міжнароднай супольнасці адкрытасць сваёй палітыкі, дэмакратычнасць выбараў». «Разам з тым мы адхіляем якое-небудзь умяшанне ў працэс волевыяўлення нашых грамадзянаў», - адзначыў чыноўнік.