4 траўня 2024, Субота, 7:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэвід Крэймер: На дыктатара Лукашэнку трэба аказваць ціск

29
Дэвід Крэймер: На дыктатара Лукашэнку трэба аказваць ціск

На канферэнцыі ў ЗША Беларусь назвалі «анамаліяй сучаснай Еўропы».

Як перадае радыёстанцыя «Голас Амерыкі», выступаючы на канферэнцыі ва Універсітэце Джонса Хопкінса, Орэст Дзейчакіўскі (Orest Deychakiwsky), палітычны дарадца Камісіі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (Хельсінская камісія), назваў Беларусь «анамаліяй сучаснай Еўропы». Дзейчакіўскі быў міжнародным назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года і з абурэннем распавёў, як чальцы выбарчых камісіяў рабілі ўсё, каб схаваць працу па падліку галасоў. Ён нагадаў, што ўсе выбары, праведзеныя падчас кіравання Лукашэнкі, не адпавядалі еўрапейскім стандартам.

Цяпер, паводле яго словаў, сітуацыя з выбарамі крыху палепшылася, аднак выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў па-ранейшаму знаходзяцца пад поўным кантролем Аляксандра Лукашэнкі. Акрамя таго, улады робяць усё, каб пазбавіць насельніцтва Беларусі доступу да аб'ектыўнай інфармацыі, і не грэбуюць звяртацца да ціску – да прыкладу, студэнтам пагражаюць адлічэннем з ВНУ, а дзяржслужбоўцам (80% працаздольнага насельніцтва рэспублікі) – звальненнем.

Дэвід Крэймер (David Kramer), выканаўчы дырэктар праваабарончай арганізацыі «Фрыдам хаўс» (Freedom House), які ў нядаўнім мінулым займаў высокую пасаду ў Дзярждэпартаменце ЗША, нагадвае, што ЗША і ЕЗ уводзілі санкцыі ў дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Санкцыі былі накіраваныя на тое, каб прымусіць Менск адэкватна расследаваць забойствы апазіцыйных палітыкаў і журналістаў і вызваліць палітычных зняволеных.

Лукашэнка і шэраг яго набліжаных былі пазбаўленыя права наведваць Еўропу і ЗША. Акрамя таго, пад санкцыі патрапіў і шэраг беларускіх прадпрыемстваў, да якіх, паводле выразу Крэймера «Лукашэнка і яго асяроддзе мелі асабістую цікавасць». На думку Крэймера, санкцыі ў выніку згулялі сваю ролю – пасля працяглых перамоваў Менск быў вымушаны вызваліць вязняў (сярод іх быў і былы супернік Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах Аляксандр Казулін).

Аднак ЕЗ зняў санкцыі неўзабаве пасля заканчэння жнівеньскай вайны 2008 года, разлічваючы такім чынам пераканаць Лукашэнку не прызнаваць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

У выніку, Аляксандр Лукашэнка стаў наведваць краіны ЕЗ, а ў апошні час шэраг еўрапейскіх палітыкаў наведалі Менск з афіцыйнымі візітамі, што, на думку Дэвіда Крэймера «стварае ўражанне, што ЕЗ робіць стаўку на Лукашэнку, разлічваючы з яго дапамогай захаваць незалежнасць Беларусі ад Расеі».

Дэвід Крэймер лічыць, што гэта заганная практыка: «Лукашэнка па-майстэрску выкарыстоўвае Захад супраць Расеі і наадварот, часам ён сутыкае нават ЕЗ і ЗША». Крэймер не разлічвае на тое, што выбары, якія маюць адбыцца, будуць адпавядаць міжнародным стандартам і лічыць неабходным працягваць аказваць ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках