23 снежня 2024, панядзелак, 18:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саннікаў і Кобец сустрэліся з міжнароднымі назіральнікамі

7

Да місіі БДІПЧ АБСЕ данеслі інфармацыю пра факты, якія сведчаць пра тое, што выбары не могуць лічыцца свабоднымі і дэмакратычнымі.

Сустрэча кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Андрэя Саннікава і кіраўніка яго штаба Уладзіміра Кобеца з прадстаўнікамі БДІПЧ АБСЕ адбылася 23 лістапада ў Менску.

Як распавёў Уладзімір Кобец прэс-службе грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кіраўніка місіі – Герта Арэнса цікавіла хада выбарчай кампаніі ў Беларусі, меркаванне Андрэя Саннікава адносна падзеяў, звязаных з правядзеннем агітацыі. Кіраўнік місіі распавёў пра мэты і задачы, якія стаяць перад БДІПЧ АБСЕ.

Андрэй Саннікаў данёс інфармацыю пра факты, якія сведчаць пра тое, што выбары не могуць лічыцца свабоднымі і дэмакратычнымі. У прыватнасці, ён прыцягнуў увагу назіральнікаў АБСЕ да фактаў пра ціск на чальцоў яго ініцыятыўнай групы – пра звальненне з працы, пагрозы ў навучальных установах, затрыманні і палітычна матываваныя крымінальныя справы. Ён распавёў таксама пра абуральны выпадак у Бабруйску, калі Людміле Рубан пагражалі пазбаўленнем бацькоўскіх правоў на прыёмных дзяцей, калі яна працягне збор подпісаў за вылучэнне Андрэя Саннікава.

Кіраўнік перадвыбарчага штаба Саннікава Уладзімір Кобец паведаміў пра цяжкую сітуацыю з месцамі для агітацыі ў Гародні, Магілёве, Мазыры і іншых гарадах. А таксама пра затрымку з вырабам інфармацыйных матэрыялаў па віне ЦВК. Так, фінансаваму прадстаўніку Андрэя Саннікава пасведчанне было выдадзенае толькі пасля 17 гадзінаў у пятніцу, калі ўсе банкі ўжо зачыняліся да панядзелка. Па словах Кобеца, падобная сітуацыя – агульная для ўсіх кандыдатаў, і з-за гэтага практычна ўсе яны адчуваюць цяжкасці з вырабам друкаваных матэрыялаў.

«Кіраўнік місіі прадэманстраваў добрае валоданне сітуацыяй у краіне. Ён ведае пра тое, што сітуацыя з месцамі для агітацыі ў сталіцы і рэгіёнах кардынальна адрозніваюцца. Місія БДІПЧ АБСЕ і яе назіральнікі ў рэгіёнах старанна адсочваюць развіццё сітуацыі, акрамя таго, сп-р Арэнс прапанаваў арганізаваць абмен інфармацыяй з прадстаўнікамі рэгіянальных штабоў. Таксама прадстаўнікі місіі адзначылі практычна поўную адсутнасць знешніх прыкметаў выбарчай кампаніі, нягледзячы на тое, што да правядзення выбараў застаецца менш за месяц», -- распавёў Уладзімір Кобец.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках