20 красавiка 2024, Субота, 14:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Па сутнасці, рэжым Лукашэнкі ўжо абрынуўся»

51
Андрэй Саннікаў: «Па сутнасці, рэжым Лукашэнкі ўжо абрынуўся»

Беларускія ўлады збанкрутаваліся ва ўсіх кірунках, лічыць кандыдат у прэзідэнты Беларусі.

Расея і Беларусь працягваюць лаяцца. Прэзідэнт адной дзяржавы-саюзніцы робіць рэзкія заявы, адзін з галоўных тэлеканалаў іншай дзяржавы-саюзніцы паказвае дакументальны серыял пра «хроснага бацьку».

Напярэдадні ў Беларусь прыехаў кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў, каб паразмаўляць пра мытны саюз Расеі, Беларусі і Казахстана. У планах — абмеркаваць «іншыя тэмы, якія ўяўляюць практычны інтарэс для абодвух бакоў і абмяняцца меркаваннямі па найболей важных пытаннях беларуска-расейскага супрацоўніцтва» (цытата з заявы МЗС Расеі).

Знешняя палітыка для Беларусі традыцыйна з'яўляецца працягам унутранай. Краіна істотна залежыць ад субсідый звонку і ўсю сваю гісторыю карысталася эканамічнай падтрымкай Расеі (праз палёгкавыя тарыфы на энерганосьбіты). Між тым у сярэдзіне снежня ў краіне пройдуць выбары прэзідэнта. Кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» даў інтэрв'ю пермскай газеце «Соль» пра прыроду беларускай улады.

— Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады з папулісцкімі лозунгамі, а яшчэ з прарасейскімі лозунгамі. Як у яго атрымалася ўтрымаць уладу, што паўплывала на яго палітычную выжывальнасць?

— Лукашэнка доўгія гады незаконна ўтрымлівае ўладу сілавымі метадамі. Ён абапіраецца на шматлікі рэпрэсіўны апарат, на сістэму фальсіфікацыі выбараў, якая дзейнічае з 1996 года. Ключавой акалічнасцю, якая вызначыла яго знаходжанне ва ўладзе, была фінансавая падтрымка з боку Расеі. Паводле самых сціплых падлікаў рэжым Лукашэнкі абыйшоўся расейскім падаткаплатнікам больш за 50 мільярдаў даляраў. Наўзамен ён кляўся ў вечным сяброўстве і гатовасці абараняць Расею ад НАТО. Гэта і былі яго казыры. Цяпер сітуацыя змяняецца. У Расеі разумеюць, што Лукашэнка не з'яўляецца партнёрам, у Беларусі разумеюць, што ён з'яўляецца не гарантам стабільнасці, а прычынай застою.

— А самім беларусам Лукашэнка надакучыў?

— Час Лукашэнкі сышоў. Ён — чалавек з мінулай эпохі. Ён не прапанаваў беларусам адказаў на актуальныя выклікі часу. У яго няма рашэння праблемаў, звязаных з эканамічным крызісам, беларуская эканоміка застаецца псеўдасавецкай, а прамысловасць — адсталай. Беларусы бачаць, што ўсе суседнія краіны ўжо жывуць у новым свеце і імкнуцца да эканамічнай мадэрнізацыі. Гэта сітуацыя яскрава выявілася падчас збору подпісаў. Да пікетаў апазіцыйных кандыдатаў выстройваліся чэргі, а каля пікетаў па зборы подпісаў за Лукашэнку было пуста.

— Каго ці чаго Лукашэнка баіцца сёння?

— Лукашэнка баіцца ўсяго. Ён баіцца свету, які змяніўся і ў якім яму няма месца.

— Пуціна баіцца? Чаму, напрыклад, віншуе яго з днём нараджэння, але не віншуе Мядзведзева?

— Гульня з віншаваннямі і невіншаваннямі — чарговая нязграбная спроба ўбіць клін паміж рознымі суб'ектамі палітычнага жыцця ў Расеі. У яго вельмі доўга атрымоўвалася паспяхова гуляць на супярэчнасцях розных групаў у Расеі, на супярэчнасцях паміж Расеяй і Еўропай. Сёння Расея ўжо вядзе перамовы з Еўразвязам пра бязвізавы рэжым. Беларусы жадаюць быць часткай гэтых працэсаў, а пры Лукашэнку гэта немагчыма.

— Калі рэжым Лукашэнкі можа абрынуцца? Што, на ваш погляд, можа стаць галоўнай прычынай?

— Рэжым Лукашэнкі збанкрутаваўся ва ўсіх кірунках. Па сутнасці, ён ужо абрынуўся. Беларусам трэба зрабіць апошнія высілкі, паказаць характар, каб узяць лёс краіны ў свае рукі. Прычынаў шмат, але галоўная — у тым, што беларускі народ жадае звычайных адносінаў з суседзямі, у першую чаргу з Расеяй.

— На ваш погляд, ці можа здарыцца рэвалюцыя, напрыклад, па грузінскім, украінскім ці кіргізскім сцэнары?

— Сцэнар будзе беларускім. Безумоўна, будзе задзейнічана мноства фактараў, але асноўнай вызначальнай сілай будзе воля і мужнасць беларускага народа.

— А беларускае грамадства дасць сысці Лукашэнку спакойна, ці ён стане палітвязнем, невяртальнікам (як яго сябар Бакіеў) ці штосьці ў гэтым духу?

— Будучыню Лукашэнкі будзе вызначаць не прэзідэнт. Ацэнку вынікам яго кіравання дасць беларускі народ і новы незалежны суд.

— Ці ёсць сёння ў Беларусі палітык, здольны працягнуць курс Лукашэнкі, ці верагодны пераемнік?

— Курс Лукашэнкі — гэта шлях у нікуды. Ніводны рэальны палітык не зможа атрымаць падтрымкі, працягнуўшы гэты курс.

— Пры максімальна спрыяльнай для Лукашэнкі змене ўлады, ці зможа рэжым існаваць і далей?

— Рэжым Лукашэнкі — атавізм. Ён прывёў краіну да краю прорвы. Пры максімальна камфортнай эканамічнай кан'юнктуры і багатым фінансавым уліванням з боку Расеі рэжым Лукашэнкі прымудрыўся набраць больш за дваццаць пяць мільярдаў знешняга доўгу. Такі рэжым не патрэбен ні Беларусі, ні любой іншай краіне.

— Вам не здаецца, што Расея пры жаданні магла б лёгка зрынуць Лукашэнку, напрыклад, адмовіўшыся ад субсідавання беларускай эканомікі, гэта значыць аказваючы эканамічны ціск?

— Я не лічу, што адмова ад субсідавання з'яўляецца «эканамічным ціскам». Рэжым Лукашэнкі неаднаразова даказваў, што ён не з'яўляецца партнёрам ні для Расеі, ні для Еўропы, ні для каго б там ні было яшчэ. Яго сыход задаволіць усіх.

— Ці можна пазбегнуць так званых «малочных» ці «нафтагазавых войнаў» паміж Расеяй і Беларуссю?

— У беларускага народа няма прычынаў для канфлікту з Расеяй. Прычына канфлікту — у Лукашэнку. Ён шмат гадоў атрымліваў падтрымку, прапаноўваючы ў абмен клятвы ў братэрскай любові. Калі сітуацыя змянілася, змянілася і рыторыка Лукашэнкі. Ён сёння спрабуе зрабіць русафобію таварам, які можна прадаць у Еўропу.

— Беларусь здольная абыйсціся без расейскіх нафтагазавых прэферэнцый?

— Беларусы заўсёды былі мудрым, дысцыплінаваным і працавітым народам. Выхадцы з Беларусі дамагліся велізарных поспехаў ва ўсім свеце. Многія з іх займаюць не апошнія месцы ў расейскай кіравальнай эліце. Сёння па віне Лукашэнкі ў Беларусі імідж нахлебніка, які не можа сябе пракарміць. Гэта не задавальняе нікога, і мы гатовыя працаваць, каб гэта змяніць.

— Ці згодныя вы з тым, што сёння саюз Расеі і Беларусі ўяўны?

— Так, а прычына ў тым, што гэты «саюз» першапачаткова быў штучным утварэннем, які выконваў прыватныя інтарэсы асобных палітыкаў, а не адказваў інтарэсам нашых народаў, быў прыладай узбагачэння карупцыянераў. Нашым народам патрэбныя адкрытыя ўзаемавыгадныя адносіны, заснаваныя на павазе і партнёрстве, а не казкі пра тое, што толькі адзін чалавек можа забяспечыць сяброўства з Расеяй.

— А чаму вы, які лічыць, што Беларусь павінна быць еўрапейскай краінай, вырашылі аб'яднацца з палітыкам Уладзімірам Някляевым, якога называюць «лёкаем Масквы»?

— Я такіх словаў у яго адрас не чуў і лічу іх хамскімі. У Беларусі дыктатура. Супраць дэмакратычных кандыдатаў працуе не толькі рэпрэсіўная машына, але і іншыя метады, у тым ліку прапагандысцкая машына. Такія ярлыкі — вынік яе высілкаў. Мы гатовыя аб'ядноўваць высілкі з усімі, хто працуе на змену сітуацыі ў краіне. У гэтай справе няма месца амбіцыям і дробным рознагалоссям.

Някляева ведаю даўно. Ён, вядома, пачатковец у палітыцы, але ў яго моцная каманда і як паэт ён добра разумее душу беларускага народа. Мы абодва сталі лідарамі першага этапу прэзідэнцкай кампаніі і далей будзем каардынаваць свае дзеянні.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках