23 снежня 2024, панядзелак, 23:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каманда Саннікава дамаглася права агітаваць у цэнтры горада

21
Каманда Саннікава дамаглася права агітаваць у цэнтры горада

Актывісты кампаніі Андрэя Саннікава адмовіліся ісці на павадку ва ўладаў і дамагліся выканання сваіх законных правоў.

Як вядома, умовы агітацыі ў Менску і рэгіёнах істотна адрозніваюцца. Калі ў Менску пасля патрабаванняў апазіцыі быў істотна пашыраны спіс дазволеных для агітацыі месцаў, дык у правінцыі чальцоў кампаніяў апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты па-ранейшаму адпраўляюць агітаваць у аддаленыя ад цэнтра і малалюдныя месцы.

Так, у Баранавічах мясцовы выканкам сумесна з тэрытарыяльнай выбарчай камісіяй дазволіў агітацыю толькі ў самых пустэльных месцах горада - парку імя 60-годдзя СССР, скверы імя двойчы героя Савецкага Саюза Сцепанішчава, скверы каля памятнага знака ахвярам рэпрэсіяў і г.д.

Актывіст кампаніі кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Віктар Мязяк адмовіўся праводзіць там бессэнсоўную агітацыю і падаў 23 лістапада ў Баранавіцкі гарвыканкам заяўку на правядзенне агітацыйных пікетаў у самых ажыўленых месцах горада – ля кінатэатра «Кастрычнік», рынкаў «Палескі» і «Цэнтральны», ля Дома гандлю «Вясёлка», у парку культуры і адпачынку імя 30-годдзя ВЛКСМ. У заяўцы апазіцыянер пазначыў, што ў Менску гарадскі выканаўчы камітэт дазволіў агітаваць за кандыдатаў у цэнтры горада, і, калі ў нас гэтым разам сапраўдныя, а не паказушныя «свабодныя выбары», як пра гэта ўвесь час заяўляе Аляксандр Лукашэнка, дык, значыць, агітаваць можна і на цэнтральных вуліцах іншых гарадоў.

У гэты ж дзень актывіст выйшаў з агітацыйным стэндам да кінатэатра «Кастрычнік» і на працягу некалькіх гадзінаў заклікаў жыхароў Баранавічаў падтрымаць Саннікава. За пікетам сачылі супрацоўнікі міліцыі, але ніякіх актыўных дзеянняў не рабілі.

Раніцай 24 лістапада Віктару Мезяку патэлефанавалі на мабільны тэлефон і выклікалі ў тэрытарыяльную выбарчую камісію, дзе ўручылі папярэджанне за парушэнне правілаў правядзення агітацыі. На гэта апазіцыянер запярэчыў старшыні ТВК Латышавай, што вызначэнне месцаў для агітацыі на вуліцы – прэрагатыва выканкама, а не камісіі. З ТВКа Мязяк адправіўся ў выканкам, дзе запатрабаваў неадкладна разгледзець яго заяўку. Намеснік старшыні выканкама па ідэалогіі Дзмітры Касцюкевіч адказаў, што «яшчэ трэба вырашаць» і папрасіў пачакаць некалькі дзён.

Мязяк чакаць не стаў, а пайшоў ізноў у цэнтр горада, да кінатэатра «Кастрычнік», агітаваць за Саннікава. Да актывіста адразу ж падышлі некалькі супрацоўнікаў аддзела па ідэалогіі гарвыканкама і прадстаўнік спецслужбаў і сталі пагражаць адміністрацыйнай адказнасцю за правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства.

«Я адказаў, што ў Менску пастанову гарвыканкама аб месцах для правядзення агітацыі перагледзелі праз суткі пасля падачы заявы каманды Саннікава, таму няма чаго мяне запалохваць, а трэба пачакаць рашэнні ўладаў», - распавядае сайту charter97.org Віктар Мязяк. Пасля гэтых словаў «наглядчыкі» патэлефанавалі камусьці па тэлефоне і сышлі.

25 лістапада, калі Мязяк ізноў сабраўся выходзіць на «несанкцыянаваны» пікет, яго запрасілі ў выканкам. Намеснік старшыні па ідэалогіі ўручыў яму пастанову, у якой пазначалася, што Дзмітрыю Мезяку дазваляецца праводзіць агітацыйныя пікеты за Андрэя Саннікава ва ўсіх заяўленых ім месцах у цэнтры горада.

«Я ўпэўнены, што цяпер мой прыклад пераймуць актывісты кампаніі Саннікава ва ўсіх гарадах Беларусі. Заклікаю людзей не баяцца, а дзейнічаць: патрабаваць, дамагацца выканання сваіх законных правоў. Не трэба ісці на павадку ў дыктатуры, чыноўнікі самі ведаюць, што дзейнічаюць, парушаючы закон і Канстытуцыю, таму, калі дзейнічаеш з усім націскам – перамагаеш», - сказаў Віктар Мязяк.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках