23 снежня 2024, панядзелак, 23:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саннікаў заклікаў на Плошчу па-беларуску (Аудыё)

38
Саннікаў заклікаў на Плошчу па-беларуску  (Аудыё)

Кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў выступіў сёння раніцай па радыё.

У эфіры Першага нацыянальнага канала радыё, па просьбах выбаршчыкаў, прагучаў зварот, з якім палітык выступіў на Беларускім тэлебачанні 24 лістапада.

«Вельмі важна данесці да большай аудыторыі мой першы зварот. Аудыторыі радыё і тэлебачання адрозніваюцца. Раніцай радыё слухаюць працоўныя заводаў, жыхары вёсак. Многія не паспелі пабачыць мой першы выступ на Беларускім тэлебачанні 24 лістапада, таму, па просьбах людзей, я зноў выступіў з тым жа пасланнем. У гэты раз на беларускай мове. У краіне ж дзве дзяржаўныя мовы. Галоўны пасыл майго звароту – трэба змяніць гэту ўладу, якая з’яўляецца тормазам развіцця краіны. І трэба быць гатовым да таго, каб адстаяць свой выбар», - заявіў Андрэй Саннікаў.

Дарагія суайчыннікі!

Уявіце: 20 снежня мы перамаглі, і дыктатура сышла ў мінулае, а Лукашэнка на ўласным самалёце збег у Венесуэлу. Мільёны людзей з воклічамі “Ура!” і «Жыве Беларусь!» выйшлі на плошчы і вуліцы.

Шаснаццаць гадоў мы чакалі нашай перамогі. І вось гэты дзень надышоў. Мы ўрэшце рэшт пазбавіліся карупцыянераў і мафіёзнай групоўкі, што засела ва ўладзе.

Кожны з нас марыць аб тым, каб жыць у свабоднай і заможнай Беларусі, дзе чалавека паважаюць, дзе жыць бяспечна, спакойна і радасна. 19 снежня мы можам гэтага дамагчыся. Абраць менавіта тую Беларусь, пра якую даўно марылі.

Я – Андрэй Саннікаў, кандыдат у прэзідэнты, кіраўнік грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”.

Лукашэнка ўжо фактычна прайграў. Прайшоў збор подпісаў, і ўсе ўбачылі, што каля стэндаў з ягоным партрэтам было пуста. У пікеты па збору подпісаў за яго вылучэнне кандыдатам гвалтоўна зганялі настаўнікаў і выхавацеляў дзіцячых садкоў. Але ніхто не падыходзіў да гэтых пікетаў. Таму што ў Лукашэнкі ўжо даўно няма падтрымкі.

І ён гэта ведае. Ён нават пабаяўся асабіста прыйсці на рэгістрацыю кандыдатаў у прэзідэнты. Мяне пасля рэгістрацыі сустракалі на плошчы мае сябры, блізкія і проста незнаёмыя людзі, якія прышлі павіншаваць і выказаць словы пдтрымкі. Павіншаваць Лукашэнку не прыйшоў ніхто. Міністр адукацыі Радзькоў, які атрымаў за яго пасведчанне кандыдата, выйшаў з палаца рэспублікі нікем не заўважаны і нікому не цікавы.

Да змены ўлады і вызвалення краіны засталося ўсяго некалькі тыдняў. А пакуль Беларусь называюць апошняй дыктатурай Еўропы, і называюць справядліва. Мы дакладна ведаем той момант, калі Беларусь пачала свой хуткі шлях да дыктатуры. 14 лістапада 1996 года старшыня Цэнтрвыбаркама Віктар Ганчар быў незаконна пазбаўлены сваёй пасады напярэдадні рэферэндума. Той год павінен быў стаць апошнім для Лукашэнкі. Рэферэндум, які ён праводзіў дзеля знішчэння нашай канстытуцыі і поўнага прысваення ўлады, быў незаконным. Ганчар не дапусціў бы гэтага рэферэндуму. Лукашэнка з дапамогай уласнай аховы выкінуў Ганчара з Цэнтрвыбаркама і паставіў на яго месца свайго чалавека – юрысконсульта з Бабруйска Лідзію Ярмошыну, галоўная задача якой з таго часу – фальсіфікаваць выбары, не дапускаць да падліку галасоў назіральнікаў, забяспечваць мясцовыя камісіі фальшывымі бюлетэнямі. Ніякія выбары, ні адзін рэферэндум, праведзеныя Ярмошынай, не былі прызнаныя сусветнай супольнасцю. Сёння супраць Ярмошынай дзейнічаюць міжнародныя санкціі, як і супраць тых сілавікоў, якія падазраюцца ў забойствах апазіцыйных лідэраў. Нават супраць Лукашэнкі санкцыі прыпыненыя. Дык пра якія сумленныя выбры можна весці гаворку?

Менавіта тады, у лістападзе 1996 года, я сышоў у адстаўку з пасады намесніка міністра замежных спраў. Я вельмі любіў свою работу. Гэта было шчасце - працаваць дзеля незалежнасці нашай краіны, дапамагаць росту яе аўтарытэта ў свеце. Але не мог заставацца на дзяржаўнай службе пасля таго, як у краіне перасталі дзейнічаць законы, а падзел уладаў быў знішчаны канчаткова. Трэба было змагацца за вяртанне ў краіну законнасці. Зразумейце мяне. Я прафесійны дыпламат, прыйшоў у сістэму МЗС пры нашым земляку Андрэі Андрэевічы Грамыку. Я бачыў, што Лукашэнка хлусіў як народу, так і нашым міжнародным партнёрам. Я не хацеў быць датычным да гэтага.

Падзел ўладаў – аснова кожнага нармальнага грамадства. Парламенцкая ўлада ці прэзідэнцкая – не істотна. Адна галіна ўлады кантралюе іншую, і ўсе яны ў той жа час незалежныя: урад, парламент, суд. Навошта Лукашэнка знішчыў іхнюю незалежнасць? Таму што ў іншым выпадку яму давялося б адказваць перад парламентам, У парламенце тады было дастаткова моцных палітыкаў, якія добра разумелі, што адбываецца ў краіне. Гэта было неабходна для таго, каб бескантрольна прысвойваць нашы грошы, ствараць за кошт народа свае асабістыя фонды, якія ніхто не кантралюе. Ён кажа нам, што нашы падаткі ідуць на зарплаты ўрачам і настаўнікам. Але давайце запытаем педагогаў і ўрачоў, ці задаволены яны сваімі заробкамі? Вядома ж, не! Тым не менш Беларусь доўгі час знаходзілася на адным з першых месцаў у свеце па колькасці падаткаў, якімі абкладалі грамадзянаў. Дык куды ж ідуць нашы грошы? Яны ідуць у асабістую кішэню Лукашэнкі. На нашы грошы ён вывозіць вялізную світу на горныя лыжы, прымае збеглага з Кіргізіі дыктатара Курманбека Бакіева, які жыве тут як падзішах за наш кошт, арганізуе розныя святы для сябе. Нават дажынкі не маюць ужо нічога супольнага з народнай традыцыяй заканчэння збору ўраджаю, а ператварыліся ў паказуху для дыктатара. На гэтыя грошы можна было б дапамагчы тысячам хворых дзяцей, якім Міністэрства аховы здароўя адмаўляе ў аплаце лячэння – у бюджэце няма грошай на хворых дзяцей. І мы вымушаны збіраць іх усім светам. Звярніце ўвагу, колькі рахункаў для збору сродкаў хворым дзецям вісіць у кожнай ашчаднай касе. Дзяржава адмовілася ім дапамагаць, і усё, што можа зрабіць для іх, - гэта дазволіць хаця б дабрачынны рахунак.

У 1996 годзе, калі Лукашэнка незаконна захапіў усю ўладу ў дзяржаве, ён страціў права называцца абраным прэзідэнтам Беларусі. Ён стаў звычайным узурпатарам – як правадыры лацінаамерыканскіх хунтаў і афрыканскія дыктатары-людаеды, як дробныя фюрэры накшталт Чаўшэску. Таму Беларусь і затрымалася ў сваім развіцці на доўгія гады.

Але чаму ж незаконны захоп улады мы церпім ужо 14 гадоў?

Ёсць на тое дзве прычыны. Першая: гэты рэжым яшчэ напрыканцы дзевяностых забіў тых лідэраў, якія маглі б супрацьстаяць Лукашэнку. 7 красавіка 1999 года загадкава памёр мой сябар Генадзь Дзмітрыевіч Карпенка – член-карэспандэнт АН, віцэ-спікер вярхоўнага Савета, які стварыў ценявы ўрад і быў гатовы ўзяць на сябе адказнасць за вызваленне Беларусі ад гэтай нахабнай дыктатуры. Калі б Генадзь Карпенка застаўся жывы, мы б даўно жылі ужо ў новай шчаслівай краіне.

7 мая 1999 года быў выкрадзены і забіты Юрый Захаранка – былы міністр унутраных спраў, дзяржаўная кар’ера якога скончылася ў той момант, калі на патрабаванне Лукашэнкі “ты павінен выканаць кожны мой загад” ён адказаў: “Страляць у людзей я не буду”. Захаранка захаваў гонар афіцэра, але страціў жыццё. Юрыя Захаранку паважалі і міліцыя, і войска. Калі б ён застаўся жывы, Беларусь ужо была б свабоднай.

Віктар Ганчар разам са сваім сябром Анатолем Красоўскім быў выкрадзены і забіты 16 верасня 1999 года. Ганчар не дапусціў бы самавольства і невыканання законаў. Калі б ён застаўся жывы, нашы галасы не адпраўляліся б у смецце адразу з выбарчых урнаў. Мы даўно вярнулі б сабе права выбару. Я іх ведаў, гэтых моцных людзей, працаваў з імі і бачыў у іх лідэраў свабоднай Беларусі. Сёння я абараняю тыя ж прінцыпы, якія абаранялі яны.

Нядаўна мы звярнуліся да пяці краінаў-членаў Рады Бяспекі ААН з просьбай правесці міжнароднае расследаванне знікненняў людзей у Беларусі. Пасля гэтага презідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў узняў гэтае пытанне ў сваім відэазвароце. Я шчыра дзякую Дзмітрыю Анатоллевічу Мядзведзеву за тое, што гэта трагічная для ўсіх тэма нарэшце загучала ў Расіі. Я ўпэўнены, вельмі хутка справы аб выкраданнях будуць раскрытыя, а вінаватыя будуць пакараныя.

Другая прычына даўгалецця дыктатуры – гэта цярплівасць беларускага народа. Лукашэнка запалохаў многіх і ператварыў людзей у рабоў кантрактнай сістэмы. Адно неасцярожнае слова можа каштаваць чалавеку працы. З ім проста не падоўжаць кантракт.

Студэнтаў, яакія яшчэ не скаваныя ланцугамі кантрактнай сістэмы, прымушаюць баяцца выключэння з універсітэтаў, высялення з інтэрнатаў, пазбаўлення стыпендый. Пад пагрозамі іх гоняць на датэрміновае галасаванне – дарэчы, найлепшы метад фальсіфікавання выбараў. Таму я звяртаюся да ўсіх, каго прымушаюць галасаваць датэрмінова: не ўдзельнічайце ў папярэднім галасаванні! Іначай вашы галасы са стопрацэнтнай верагоднасцю апынуцца ў сметніку.

Вось і атрымліваецца, што Беларусь стала вялікай пацёмкінскай вёскай, дзе ўсё трымаецца на хлусні, запалоханасці і вядомай усім “показухе”. За свае перакананні чалавек можа апынуцца ў турме, як Мікалай Аўтуховіч.

Але хопіць баяцца. Няхай дыктатар і ягоная світа баяцца нас.

Беларуская сітуацыя – не ўнікальная. Мы звычайная еўрапейская краіна. У 1991 годзе мы набылі незалежнасць, але ў 1996 годзе страцілі свабоду. Я часта кантактую з заходнімі палітыкамі, і некаторыя пытаюцца: а можа, беларусам падабаецца жыць пры дыктатуры? Можа, клімат там нейкі асаблівы? Лухта! Палякі, чэхі, славакі, усходнія немцы ненавідзелі дыктатуру, але саступалі гвалту. Мы ўсе памятаем падзеі у Будапешце ў 1956 годзе, Пражскую вясну 1968 года, акцыі пратэсту Салідарнасці ў Польшчы. У 1989 годзе яны ўсе набылі свабоду. Гэтак жа ўпарта змагаліся і беларускія грамадзяне. У Беларусі праходзілі шматтысячныя акцыі: Чарнобыльскі шлях, Маршы свабоды, Дзень волі, маршы пратэсту “Так жыць нельга”, Плошча. Беларусы супрацьстаялі дыктатуры, як і ўсе народы Усходняй Еўропы. І ў нас сёння ёсць самы рэальны шанец зрабіць сваю краіну не толькі незалежнай, але і свабоднай.

Беларускі народ, пра цярплівасць якога ствараюць легенды і расказваюць анекдоты, цярплівы толькі да пэўнага часу. І ў гісторыі было многа выпадкаў, калі народ браў на сябе адказнасць за лёс сваёй зямлі. Памятаеце, менавіта ў Беларусі быў створаны самы моцны партызанскі рух пад час вайны? Дык чаму ж мы церпім гэтую тупую дыктатуру столькі гадоў?

Лукашэнка называе нас апазіцыяй. Але апазіцыяй даўно ўжо стаў ён сам і ягонае атачэнне – тыя, хто жыве ў Драздах. Гэта яны ў апазіцыі да беларускага народа. А мы – не апазіцыя, мы жывем не за высокім плотам Драздоў, мы жывем у сваёй краіне, і мы тут гаспадары. Як кажа мой цесць Трафімыч, калі ў твой гарод уломіцца чужая нахабная свіння, ты што, будзеш нейкую камісію ствараць і абмяркоўваць захоп тваёй тэрыторыі? Не, трэба ўзяць дрын ды пагнаць яе.

Я бачу Беларусь еўрапейскай дзяржавай, якая з цягам часу абавязкова стане часткай адзінай Еўропы. Мы зможам ездзіць у Еўропу без віз. Я цвёрда абяцаю, што гэта адбудзецца ў бліжэйшы час пасля змены ўлады.

Галоўнай сваёй задачай бачу паляпшэнне жыцця людзей не ў аддаленай будучыні, а ў найкарацейшыя тэрміны. Мы павінны дасягнуць еўрапейскаго ўзроўню і адпаведных умоваў жыцця праз 7-8 гадоў.

У новай Беларусі будуць паважаць працоўнае права грамадзян. У нас больш не будзе кантрактнай сістэмы. Абяцаю, што ўказ, які скасуе кантрактную сістэму, будзе адным з першых, які я падпішу.

Вядома ж, трэба адрадзіць прафсаюзы, якія пры цяпершняй ўладзе ператварыліся ў адзін з інструментаў кантролю. У новай Беларусі прафсаюзы будуць выконваць сваю звычайную задачу – бараніць працоўныя правы грамадзян.

Мы вынішчым лукашэнкаўскую ідэалогію з усіх школьных і ўніверсітэцкіх праграм. Ідэалогія ў навучальных установах – гвалт над асобай. Краіне патрэбны патрыёты і грамадзяне, а не паслухмяныя рабы.

Студэнты павінны адчуваць, штто яны – будучыня краіны, што пра іх клапоцяцца, не шантажуюць месцамі ў інтэрнатах, не падзяляюць па прынцыпу “сябра БРСМ або неблаганадзейны” і не размяркоўваюць прымусова.

Пенсіянеры павінны быць упэўненыя, што іх пенсіі будуць рэальнымі грашыма, а не паперкамі, якія знікаюць пасля выбарчых кампаній з прычыны роста коштаў або дэвальвацыі. Калі пенсіянеры прыходзяць у паліклінікі, яны не павінны, як сёння, баяцца, што ім прызначаць не сапраўды патрэбныя лекі, а проста найтаннейшыя, якія можна купіць нават на жабрацкую пенсію.

Служба ў войску стане сапраўднай школай для маладога мужчыны, а не бесплатнай працай на прымусовых работах у камандзіраў.

Дзіцячыя садкі павінны бачыць кожнае дзіця і клапаціцца пра яго, а не ўспрымаць дзяцей як нейкую статыстычную масу. Дашкольныя педагогі змогуць нарэшце ўкараняць уласныя аўтарскія праграмы і распрацоўкі. Творчы падыход да дашкольнай адукацыі – гэта нармальна для свабоднай краіны.

Медыцынскае абслугоўванне будзе накіравана на прафілактыку, папярэджанне захворванняў і стварэнне чалавечых умоваў для лячэння і дагляду хворых, як ў горадзе, так і ў вёсцы.

З чарнобыльскай праблематыкі павінна быць знятая забарона і інфармацыйная блакада. Павінны быць адноўленыя ўсе сацыяльные гарантыі і ільготы ўсім асобам, пацярпелым ад Чарнобылю. (Гэтыя палажэнні прасіў мяне ўключыць у праграму член-карэспандэнт АН Іван Нікітчанка, які трагічна загінуў 20 лістапада. Рэжым у чарговы раз прадэманстраваў сваё хамства. Акадэмія навук Беларусі адмовілася нават ўзяць на сябе арганізацыю пахавання гэтага заслужанага чалавека і вялікага патрыёта Беларусі).

Мы зробім краіну прыдатнай для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Пра гэтае мяне просяць амаль на кожнай сустрэчы з выбаршчыкамі. У розных краінах, у аэрапортах, я бачу такіх людзей, якія пдарожнічаюць па ўсім свеце і ведаюць, што для іх у нармальных дзяржавах ёсць усе ўмовы. А ў нас нават пандусаў няма для інвалідных вазкоў.

Прадпрымальнікі атрымаюць магчымасць зарабляць. Іх не будуць душыць падаткамі і праверкамі. Ставіцца да іх будуць як да самых працавітых і перадавых людзей грамадства, а не як да “вшивых блох”. Вядома ж, скандальны ўказ №760, які пазбавіў многіх прадпрымальнікаў магчымасці нармальна працаваць, будзе скасаваны.

Я глыбока шаную сельскіх жыхароў, якія так многа працуюць і так мала зарабляюць. Нам проста неабходная рэформа сельскай гаспадаркі, каб нашы прадукты, таксама як прадукты сельскай гаспадаркі Польшчы і Літвы, выйшлі на рынкі Еўропы і Амерыкі.

Ці будзе гэта складана? Напэўна, так. Але гэта будуць цяжкасці не выжывання, а росту, развіцця, руху да нармальнага жыцця, дзе словы “заможнасць” і “ўласнасць” не будуць успрымацца як штосьці нядобрае, а стануць нормай.

Мне сорамна за хамства Лукашэнкі, за тое, як ён тыкае сваім падначаленым і публічна іх зневажае. Ніколі не было ў Беларусі такіх кіраўнікоў. Нават у цяжкі савецкі час у нас быў Пётр Міронавіч Машэраў, які паважаў людзей. Беларусы дагэтуль успамінаюць яго з цеплынёй.

А сёння сорамна глядзець, як сівыя генералы вымушаныя цягнуцца па стойцы смірна перад маленькім хлопчыкам, апранутым у пацешную форму, толькі таму, што так пажадаў ягоны тата-дыктатар.

Я звяртаюся да прадстаўнікоў міліцыі і войска. Ужо з 1 студзеня мы можам стаць грамадзянамі прававой дэмакратычнай дзяржавы, дзе стаўленне да людзей у пагонах будзе паважлівым і дзе іх не будуць нацкоўваць на сваіх жа грамадзянаў. Проста трэба найперш выконваць законы, а не толькі загады.

Часам за мяжой пачнеш размаўляць з якім-небудзь таксістам, давядзеш яму, што ты з Беларусі, і таксіст абавязкова сказжа: “Лукашэнка крэйзі” і пакруціць пальцам каля скроні.

Нават людзям, для якіх бяздушнасць і хамства вышэйшага кіраўніцтва сталі звыклымі, прыйшлося пачырванець пасля агульнапольскай трагедыі ў небе над Катынню, калі загінула амаль што ўся эліта гэтай краіны. Беларусы плакалі і ішлі да польскіх консульства і амбасады, каб выказаць свае спачуванні. Толькі рэжым рабіў выгляд, што нічога не адбылося. Гэта тычылася Польшчы. Але яшчэ большую бяздушнасць рэжым прадэманстраваў пасля нядаўняй трагедыі ў Пінску, дзе згарэлі больш за дзесяць чалавек.

Я сапраўды хачу, каб Беларусь стала еўрапейскай краінай, дзе зняважлівае стаўленне да людзей вядзе да імгненнай адстаўкі чыноўніка, які гэткае стаўленне сабе дазволіў. І я ведаю, як зрабіць Беларусь еўрапейскай. Няма ў нас ні патрэбы, ні неабходнасці канфліктаваць з суседзямі. Няма сёння выбару паміж Расіяй і Еўропай. Беларусь будзе рухацца ў Еўропу, захоўваць моцныя адносіны стратэгічнага партнёрства з Расіяй і ўмацоўваць адносіны з Украінай. У 90-я гады я ўдзельнічаў у міжнародных перамовах па звычайных і ядзерных узбраеннях. Скажу вам, што тады наша меркаванне паважалі і Расія, і Еўропа, і ЗША. Мы ўлічвалі іх інтарэсы, адстойвалі свае нацыянальныя інтарэсы і падпісвалі дамовы, якія дзейнічаюцьь дагэтуль.

Партнёрамі дыктатара сёння з’яўляюцца Іран і Венесуэла. Лукашэнка спрабуе пераканаць нас у тым, што везці нафту з Венесуэлы танней, чым набываць яе ў Рассіі. Гэта вельмі нагадвае ідыёцкі праект паварота паўночных рэк у Савецкім Саюзе.

Дэмакратычныя кандыдаты ўжо прадставілі вам некалькі праграм рэформаў. У краіне дастаткова эканамістаў-прафесіяналаў. Некаторыя беларусы працуюць топ-менеджэрамі ў буйнейшых сусветных кампаніях і гатовыя адразу, калі пачнуцца перамены, вярнуцца ў сваю краіну. У мяне ўжо ёсць спіс урада, у які ўваходзяць як вядомыя лідэры дэмакратычнага руху, так і дзеючыя чыноўнікі. Ёсць праграма трансфармацый, падрыхтаваная сумесна з вядомым беларускім эканамістам Леанідам Злотнікавым. У сваім наступным выступе я спынюся на праграме больш падрабязна.

Праграмы – гэта надзвычайна важна. Але галоўнае на сённяшні дзень усё ж такі менавіта перамога над дыктатурай. Каб нармальна жыць, нам трэба змяніць гэтую брыдкую ўладу.

Кожны дзень знаходжання Лукашэнкі ва ўладзе – гэта эканамічны жах для краіны. За апошнія тры гады сумарны знешні доўг краіны вырас да 25 мільярдаў даляраў. У той жа час золатавалютны запас зменшыўся у пяць разоў. Беларусь многія гады значна больш купляе, чым прадае. І таму спробы напярэдадні выбараў падкупіць народ падвышэннем заробкаў, пенсій, стыпендый палохаюць людзей. Людзі цудоўна разумеюць, што за гэтым абавязкова надыдзе дэвальвацыя і рост коштаў, якія імгненна з’ядуць усе прыбаўкі.

Хамскія напады на кіраўніцтва Расіі прывялі да таго, што прэзыдэнт Мядзведзеў абвясціў: Расія будзе ставіцца да Лукашэнкі так, як у свой час да былога прэзідэнта Украіны Юшчанкі. Калі Лукашэнка з дапамогай нейкага цуда ўтрымаецца пры ўладзе, то кошты на нафту і газ для нашай краіны ўзляцяць да нябёсаў.

У краіну, дзе пануе дыктатар і хам, інвестыцыі не ідуць. Такой краіне могуць даваць хіба што крэдыты пад надта вялікія працэнты, а вяртаць іх давядзецца простаму народу.

Калі вы галасуеце за новага прэзыдэнта, вы ратуеце краіну ад краху.

У сувязі з гэтым хачу звярнуцца да беларускіх бізнэсоўцаў. Вы ведаеце выраз, што ў нармальных краінах палітыка з’яўляецца працягам бізнесу. Пдтрымайце сёння мяне і іншых дэмакратычных кандыдатаў – на гэтых выбарах кандыдаты маюць права ствараць свае выбарчыя фонды, - і я абяцаю, што ўжо ў новым годзе вы зможаце займацца сваёй справай спакойна і цывілізавана.

Паверце ў свае сілы. Падтрымайце імкненне народа да свабоды!

Хачу таксама звярнуцца да дзяржаўных чыноўнікаў. Я добра разумею ўсе цяжкасці вашай работы. Я сам аддаў дзяржаўнай службе больш за дваццаць гадоў. Я ведаю, што вы хочаце працаваць на нармальную дзяржаву. Пад час выбарчай кампаніі не парушайце законы і не замінайце людзям свабодна зрабіць свой выбар. Прафесіяналы будуць запатрабаваныя і новай уладай, але сёння свой выбар давядзецца зрабіць і вам. У нас адна краіна, і яе трэба выратаваць.

На сустрэчы з выбаршчыкамі ў Баранавічах да мяне падышла жанчына і сказала:

- Усе абяцаюць, а вы што мне паабяцаеце?

- А што вы хочаце? – запытаў я.

- Я хачу мужа!

- Гэта самае простае, - адказаў я. – Прыходзьце 19 снежня а восьмай гадзіне вечара на плошчу ў Мінску. Там будуцбь лепшыя мужчыны Беларусі, смелыя і моцныя.

Ва ўсім свеце прынята пасля закрыцця выбарчых участкаў разам чакаць падсумавання вынікаў выбараў і вітаць перамогу свайго кандыдата.

Я ведаю, што ў Беларусі самыя мужныя ў свеце мужчыны і самыя прыгожыя жанчыны.

Гсіторыя ствараецца сёння. Гісторыю ствараем мы. Разам мы пераможам!

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках