23 лiстапада 2024, Субота, 10:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Берасцейцам надакучыла крытыкаваць уладу толькі на кухнях (Фота)

44
Берасцейцам надакучыла крытыкаваць уладу толькі на кухнях (Фота)

Каля 500 чалавек прыйшлі ў суботу ў Берасці на сустрэчу з кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Андрэем Саннікавым.

Сустрэча прайшла ў Палацы культуры прафсаюзаў. Андрэй Саннікаў распавёў пра тое, якая сітуацыя склалася ў краіне, пра тое, што трэба зрабіць, каб абараніць свой выбар. Акрамя таго, ён адказаў на шматлікія пытанні на палітычную, эканамічную і сацыяльную тэму, якія прагучалі з залы, перадае сайт «Еўрапейская Беларусь».

Асабліва берасцейцаў хвалявала праблема самаўпраўнасці праваахоўных органаў і чыноўнікаў рознага ўзроўню. Значная частка пытанняў і рэплікаў з залы датычылася менавіта гэтай тэмы. Пра яе казалі і прадпрымальнікі, і працоўныя, і былыя супрацоўнікі сілавых структураў, і звычайныя людзі, пацярпелыя ад несправядлівасці чыноўнікаў ці суду.

«Беларускі народ павінен дамагчыся свайго права абіраць сваіх кіраўнікоў. Тады ў нас будзе і незалежны справядлівы суд і сапраўдны парламент і мясцовыя ўлады, якія знаходзяцца пад кантролем выбаршчыкаў. Мы не горш і не лепш, чым іншыя народы Еўропы – чэхі, славакі, палякі. Таксама як і яны, мы павінны змагацца за свае правы, за свае галасы, за сваю будучыню. Гісторыя робіцца сёння, і разам мы пераможам», -- сказаў падчас сустрэчы ў Берасці Андрэй Саннікаў.

Таксама перад берасцейцамі выступіў першы міністр абароны незалежнай Беларусі Павал Казлоўскі. Ён распавёў, што падтрымаў Андрэя Cаннікава, таму што працаваў з ім у цяжкі час – першыя гады пасля, таго, як Беларусь здабыла незалежнасць і ведае яго як высокапрафесійнага дамоваздольнага дзяржаўнага дзеяча, а таксама адказаў на пытанні берасцейцаў, якія датычаць беларускай арміі. Акрамя таго, генерал-палкоўнік з задавальненнем адзначыў, што ў зале прысутнічае шмат яго былых калегаў.

Давераная асоба Андрэя Саннікава ў Берасці Зінаіда Міхнюк сказала, што гэтая сустрэча стала добрай дапамогай у працы мясцовых актывістаў.

«Я ўпершыню выступаю даверанай асобай кандыдата і вельмі хвалявалася, ці праявяць гараджане актыўнасць. Заўсёды перажываю, за берасцейскую зямлю, хачу, каб яна была не горш за іншыя вобласці нашай краіны. Тым больш, у нас было толькі два дні, каб усіх запрасіць і арганізаваць сустрэчу. Але ўсё атрымалася вельмі добра. Шмат цікавых пытанняў, выступы вельмі сардэчныя – і ў Берасці, і ў Кобрыне.

З 2000 года ў Берасці я добра знаёмая з усім дэмакратычным актывам, і была рада, убачыць новыя твары людзей, якія нас падтрымліваюць. Гэтыя сустрэчы надалі мне сілаў. І не толькі мне, але і іншым берасцейцам. Шмат якія людзі, якія проста прыйшлі пацікавіцца, пакінулі ў выніку свае кантакты і выказалі гатоўнасць дапамагаць. Група падтрымкі Саннікава вельмі ўзмацнілася ў нашым родным горадзе», -- сказала Зінаіда Міхнюк.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках