23 лiстапада 2024, Субота, 19:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Народная воля»: Як агітуюць за кандыдатаў у прэзідэнты (Фота)

10

Карэспандэнт «Народнай Волі» выйшаў на вуліцы Менска, каб паназіраць, як агітуюць за кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі.

Нагадаем, што барацьбу за прэзідэнцкае крэсла працягваюць дзесяць кандыдатаў. Паводле назіранняў, найболей актыўна агітуюць за Андрэя Саннікава і Уладзіміра Някляева, піша «Народная воля».

У нядзелю днём каля Камароўскага рынка ў Менску размясціўся пікет у падтрымку Андрэя Саннікава. У намёце ля стэнда з партрэтам кандыдата ў прэзідэнты гучалі патрыятычныя беларускамоўныя песні. Тым часам актывісты з каманды Андрэя Саннікава раздавалі мінакам улёткі ў падтрымку гэтага кандыдата.

«Мы павінны вярнуць у краіну сапраўдную законнасць. Мы абавязаныя засвоіць прынцып – перад законам роўныя ўсе. Прынцып падзелу ўладаў – гэты прынцып павінен быць непарушным, інакш заўсёды будзе заставацца рызыка скочвання ў дыктатуру», – напісана ў гэтай улётцы.

Трэба адзначыць, што мінакі з задавальненнем бралі агітацыйныя матэрыялы каманды Андрэя Саннікава – стосы ўлётак разыходзіліся літаральна за лічаныя хвіліны. Хтосьці спыняўся, каб задаць пытанні пра Саннікава і яго праграму, хтосьці абыякава праходзіў міма…

Учора днём каля Камароўкі пікет у падтрымку Саннікава быў адзіным. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што днём раней тут жа агітавалі і за намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва.

А вось ля станцыі мятро «Плошча Перамогі» не было заўважана ніводнага пікета. Толькі «нямая» агітацыя за дзейснага кіраўніка дзяржавы. На прыступках каля кінатэатра «Мір» на адмысловым стэндзе налеплены плакат, які інфармуе грамадзянаў пра рост ВУП у адсотках у перыяд з 2011-га па 2015 год. Трэба меркаваць, што для таго, каб прагноз апраўдаўся, грамадзяне павінны падтрымаць менавіта Лукашэнку.

Можна лічыць, што за Лукашэнку агітуе і расцяжка, нацягнутая ўздоўж праспекта Незалежнасці ў раёне Гума. На ёй жоўтым па чырвона-зялёным напісана, што 6–7 снежня ў Палацы Рэспублікі пройдзе 4-ы Усебеларускі сход. Мяркуецца, што гэта будзе «сольны нумар» Аляксандра Лукашэнкі – менавіта ён, адзіны з кандыдатаў будзе прадстаўляць сваю праграму «шырокім масам».

Тут жа, каля Гума, былі заўважаныя пікеты ў падтрымку ўсё таго ж Андрэя Саннікава і лідара грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева. Ва ўлётках у падтрымку Някляева заклік: паглядзець выступ гэтага кандыдата ў прамым эфіры Беларускага тэлебачання 3 снежня. Акрамя гэтага людзі з каманды Някляева раздаюць усім ахвотным візітоўкі з кантактнымі нумарамі штаба кандыдата…

Агітацыйных пікетаў іншых кандыдатаў у прэзідэнты ў другой палове дня ў Менску на праспекце Незалежнасці заўважана не было.

Тым часам да дня выбараў застаецца 20 дзён…

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках