23 снежня 2024, панядзелак, 21:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка абрынецца раптоўна

80
Лукашэнка абрынецца раптоўна

Пасля таго, як Лукашэнка пасварыўся з кіраўніцтвам Расеі, зразумела, што ў сваім крэсле ён ужо не ўтрымаецца.

Як піша расейскі сайт «Свабодная прэса», 19 снежня ў Беларусі адбудуцца чарговыя прэзідэнцкія выбары. Апанентамі Лукашэнкі, які збіраецца на свой чацвёрты тэрмін, будуць 11 кандыдатаў. Менавіта столькі прэтэндэнтаў на вышэйшую пасаду краіны змаглі сабраць 100 тыс. подпісаў выбаршчыкаў. Лукашэнка набраў звыш за 1,2 млн.

Сур'ёзнымі супернікамі Лукашэнкі на будучых выбарах могуць быць толькі трое: лідэр кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук і паэт, лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары Праўду» Уладзімір Някляеў. Паводле папярэдніх апытанняў насельніцтва - на вуліцах і ў Інтэрнэце - лідэр апазіцыі - Саннікаў.

Чалавек ён у краіне даволі вядомы: у 1995-1996 гг. працаваў намеснікам міністра замежных справаў Беларусі. Затым, паводле яго словаў, сышоў з ведамства з прычыны рознагалоссяў з кіраўніцтвам і нязгодай з палітыкай Лукашэнкі. Пазней паспеў папрацаваць з загінулым Генадзем Карпенкам і самым вядомым у краіне палітвязнем Міхаілам Марынічам. Напачатку сваёй кар'еры Саннікаў працаваў у якасці інжынера ў Пакістане і Егіпце (1970-я), у Нью-Ёрку ў сакратарыяце ААН (1982-1987). У постсавецкі час (1993-1995 гг.) быў дарадцам прадстаўніцтва Беларусі ў Швейцарыі. Балатавацца ў прэзідэнты, кажа ён, вырашыў пасля інцыдэнту на беларускай мяжы, калі мытнікі так заўзята абшуквалі яго машыну, якая вярталася з Еўропы, што гэта больш было падобным на здзекі. Жанаты з карэспандэнткай «Новой газеты» Ірынай Халіп.

«СП»: - Скажыце, чаму вы вырашылі супернічаць з Лукашэнкам толькі зараз, на гэтых выбарах? Чаму не выстаўлялі сваю кандыдатуру ў 2006 годзе?

- Не выстаўляў і ў 2001. Пасля сыходу ў адстаўку працаваў на аб'яднанне апазіцыі разам з Генадзем Карпенкам – бясспрэчным лідэрам дэмакратычных сілаў. Пасля яго смерці лічыў сваім абавязкам працягнуць яго справу. «Хартыя-97», уся нашая каманда шмат зрабілі для кансалідацыі апазіцыі і арганізацыі маштабных акцыяў пратэсту ў 1999-2006 гадах. Лічу, што і 2001-м, і ў 2006-м апазіцыя магла перамагаць. Мы падтрымлівалі адзіных кандыдатаў, якія пасля выбараў чамусьці сыходзілі ў цень і пачыналі працаваць на ўлады. На нашых шанцах адбілася адсутнасць загінулых лідэраў: Генадзя Карпенкі, Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара.

Рашэнне пра ўдзел сёлета прыняў таму, што сёння мы гатовыя перамагчы. Народ ненавідзіць дыктатуру, стаміўся ад яе. Мяне падтрымліваюць шмат якія лідэры дэмакратычнага руху і мая каманда, якую я лічу лепшай у краіне. У гэтай сітуацыі мы гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за змену ўлады і далейшае развіццё Беларусі.

«СП»: - У Інтэрнэце вы, відавочна, лідэр па апытаннях грамадскай думкі. Чаму так? Можа, уся справа ў папулярнасці сайта Хартыі?

- Інтэрнэт сёння – гэта найбольш сучасная, адукаваная і актыўная частка грамадства. Менавіта гэтыя людзі фарміруюць мэйнстрым і вызначаюць атмасферу ў краіне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Я ўдзячны ім за падтрымку.

«СП»: - Хто з цяперашніх кандыдатаў у прэзідэнты, за выключэннем Аляксандра Лукашэнкі, уяўляецца вам самым моцным? Чаму?

- Лічу моцнымі беларускімі палітыкамі Анатоля Лябедзьку, Сяргея Калякіна, Аляксандра Казуліна, Аляксандра Мілінкевіча, Паўла Севярынца. Гэтыя людзі вядомыя народу, прайшлі арышты, турмы, галадоўкі, збіццё. З розных прычынаў яны вырашылі не ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі на першых ролях. Упэўнены, што ў пераходны перыяд яны зноў актыўна заявяць пра сябе і будуць працаваць у адзіным дэмакратычным сцэнары.

«СП»: - Някляева і Раманчука часта абвінавачваюць у залішняй лаяльнасці Крамлю. Маўляў, яны - пракрамлёўскія кандыдаты. А што вы можаце сказаць пра сябе? Якія знешнія сілы вас падтрымліваюць?

- У мяне шмат сяброў і ў Еўропе, і ў Расеі, і ў ЗША. Нашая стратэгія інтэграцыі ў Еўрапейскі звяз пры развіцці стратэгічнага партнёрства з Расеяй і Украінай знаходзіць сярод іх разуменне і падтрымку. Лічу, што краіны Еўразвяза і Расея ў канчатковым выніку выйдуць на новую стратэгію стасункаў, якая адпавядае выклікам ХХI стагоддзя. Упэўнены, што еўрапейскія Беларусь і Украіна ўзмоцняць пазіцыі Расеі ў Еўропе і паскораць працэсы стварэння новай сучаснай архітэктуры бяспекі ў Еўразіі.

«СП»: - Вы праводзілі сустрэчы на нейкім высокім узроўні ў Маскве? Хтосьці з крамлёўскіх чыноўнікаў з вамі размаўляў? Калі так, да якіх высноваў прыйшлі?

- Такіх сустрэчаў не было. Але, як заявіў нядаўна кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Расеі Сяргей Нарышкін, Масква ўважліва сочыць за ходам перадвыбачнай кампаніі ў Беларусі. Упершыню за шмат гадоў Расея заявіла, што не будзе адназначна падтрымліваць Лукашэнку. Я не выключаю сваіх сустрэчаў з вышэйшым кіраўніцтвам Расейскай Федэрацыі.

«СП»: - У прэсе шмат пішуць пра тое, што беларуская апазіцыя на гэтых выбарах сур'ёзна разлічвае на падтрымку Крамля. Як вам падаецца, якую пазіцыю зойме Масква ў снежні?

- Мы ўжо шмат гадоў змагаемся за вызваленне Беларусі ад дыктатуры. Толькі пасля змены ўлады ў Беларусі мы зможам казаць пра нармальныя стасункі паміж нашымі краінамі. Гэтыя выбары маюць велізарнае значэнне як для беларускага народа, так і для расейцаў. Мы вітаем новую палітыку Расеі ў дачыненні да Беларусі.

«СП»: - Які ваш рэальны рэйтынг? Які ў Лукашэнкі, у астатніх вашых апанентаў? Зразумела, што дакладных дадзеных у вас няма, але хацелася б пачуць вашае меркаванне «наўскідку».

- Незалежнай сацыялогіі ў таталітарным грамадстве не існуе. Разлічваючы на заходнія крэдыты, Лукашэнка вымушаны гуляць у «дэмакратыю». Зараз з'явілася магчымасць убачыць рэальныя рэйтынгі кандыдатаў на пікетах па зборы подпісаў. Лукашэнкаўскія пікеты пустуюць, людзі ахвотна падпісваюцца за альтэрнатыўных палітыкаў. Падчас частых паездак па краіне я бачу, што паўсюдна людзі актыўна падпісваюцца за маё вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты.

«СП»: - Вы лічыце, што ў апазіцыі сапраўды ёсць шанец перамагчы?

- Час Лукашэнкі даўно скончыўся. Упэўнены, што мы пераможам.

«СП»:- Ці магчыма, хаця б тэарэтычна, што лёс выбараў вырашыцца падчас падліку галасоў? Ці ўсё вырашыць вуліца?

- Падлік галасоў у Беларусі не вядзецца ўжо шмат гадоў. У той жа час гісторыя вучыць нас, што дыктатуры абрынаюцца раптоўна. Так будзе і ў Беларусі.

«СП»: - Якія настроі ў беларускім грамадстве і чым яны адрозніваюцца ад таго, якімі былі пяць гадоў таму? Народ гатовы выходзіць на вуліцы і адстойваць сваю пазіцыю?

- Народ хоча змены ўлады. На пікетах людзі не проста ставяць за мяне подпісы, а літаральна патрабуюць выхаду на Плошчу. У падлік галасоў ніхто не верыць.

«СП»: - Вас часта абвінавачваюць у тым, што вы самі - былы апаратчык. Г.зн. такі ж як «яны». Што вы можаце запярэчыць?

- Наогул я кар'ерны дыпламат і сваім моцным бокам лічу ўменне дамаўляцца і выконваць дамоўленасці. Лічу, што маральныя прынцыпы важней за «кар'еру любым коштам». У 1996 годзе менавіта з гэтай прычыны сышоў у адстаўку, пратэстуючы супраць палітыкі Лукашэнкі. У апазіцыі я ўжо 14 гадоў і ведаю, што такое прэс дыктатуры. Нягледзячы на гэта, шчыра раю апаратчыкам зрабіць свой выбар на карысць новай Беларусі. Пасля таго, як Лукашэнка пасварыўся з кіраўніцтвам Расеі, зразумела, што ў сваім крэсле ён ужо не ўтрымаецца.

«СП»: - Што адбываецца з беларускай эканомікай? Ці выжыве яна пры далейшым ціску з боку Крамля?

- Кожны дзень знаходжання Лукашэнкі ва ўладзе – гэта эканамічны кашмар для Беларусі. Ён набраў у доўг ва ўсіх суседзяў і з усімі перасварыўся, паколькі не ў стане аддаць даўгі. Хачу, каб ён сышоў як мага хутчэй, і мы нармалізавалі стасункі з усімі краінамі, у першую чаргу з Расеяй.

«СП»: - Давайце гіпатэтычна ўявім, што вы перамаглі. Што будзе з Лукашэнкам і яго апаратам? Што вы будзеце рабіць з усімі гэтымі чыноўнікамі, якія яго падтрымлівалі ўсе гэтыя гады?

- Гэта залежыць ад таго, як яны сыдуць з улады. Лічу, што ў хуткім часе мы станем сведкамі гучных адставак. На сённяшні дзень я катэгарычна супраць люстрацыі.

«СП»: - Расейскія СМІ актыўна «мочаць» Лукашэнку. Ці ёсць эфект ад гэтага ў Беларусі? Наколькі наогул значны расейскі ўнёсак у гэтую гісторыю?

- Можна чапляцца да формы падачы інфармацыі, але расейскія СМІ кажуць праўду пра сітуацыю ў Беларусі. Тэмы палітычных знікненняў і забойстваў, карупцыі ў асяроддзі Лукашэнкі, распальвання антырасейскіх настрояў – гэта адчувальныя тэмы для беларускага грамадства. Менавіта пра гэта беларуская апазіцыя кажа шмат гадоў. Пра гэта кажуць ва ўсім свеце, і для нас вельмі важна, што расейскія журналісты сталі асвятляць гэтыя праблемы. Давер да расейскіх СМІ ў Беларусі значна вырас.

Напісаць каментар 80

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках