2 траўня 2024, Чацвер, 10:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саннікаў: «Лукашэнка ўжо правёў акцыю на Кастрычніцкай плошчы. Правядзем сваю і мы!» (Фота, відэа)

83
Саннікаў: «Лукашэнка ўжо правёў акцыю на Кастрычніцкай плошчы. Правядзем сваю і мы!» (Фота, відэа)

Супрацоўнік генпракуратуры уручыў папярэджанне кандыдату ў прэзідэнты на яго сустрэчы з выбаршчыкамі.

9 снежня ў Савецкім раёне Менска ў гімназіі № 15 на вуліцы Максіма Багдановіча адбылася сустрэча кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава з выбаршчыкамі. Улады адмыслова вылучаюць апазіцыйным кандыдатам у прэзідэнты для сустрэчаў з выбаршчыкамі толькі невялікія памяшкання. Таму месцы ў залі былі ўсе занятыя, людзі стаялі ў праходах. Потым месцаў не хапіла і там, і шмат каму прыйшлося стаяць у фае.

Разам з Андрэем Саннікавым ў сустрэчы з выбаршчыкамі прынялі ўдзел вядомы мастак, кіраўнік суполкі «Пагоня» Алесь Марачкін і рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна.

За некалькі хвілінаў да сустрэчы, проста на сцэну да кандыдата ў прэзідэнты ўзняўся супрацоўнік генеральнай пракуратуры Павал Радзівонаў, каб уручыць яму пастанову за нібыта незаконныя заклікі падчас выступленняў на ТБ да ўдзелу ў «несанкцыянаванай акцыі» ў дзень выбараў. Пракурорскі супрацоўнік аддаў свае паперкі, невыразна спрабаваў апраўдацца, не змог адказаць ні на адно патрабаванне Саннікава ахоўваць закон, а не займацца запалохваннем, і ўцёк.

Кандыдат у прэзідэнты тым часам звярнуўся да выбаршчыкаў.

«Сёння ў гэтай зале шмат людзей не таму, што гэта першая сустрэча ў Савецкім раёне Менска. Людзей шмат, таму што мы хочам пераменаў. Людзі хочуць жыць у новай свабоднай Беларусі. Людзі не хочуць жыць пры дыктатуры. Ім сорамна. Нам усім сорамна.

Мая праграма называецца «Моцная Беларусь для свабодных людзей». Але мы павінны быць свабоднымі, каб стаць моцнымі. Галоўнае, што беларусы - вялікі народ, яны могуць узяць лёс сваёй краіны ў свае рукі і вырашыць гэты лёс. Час мяняць лысую гуму!

Першы крок да моцнай і дэмакратычнай Беларусі - гэта змена ўлады. У гэтым годзе ў нас гістарычны шанец, і мы не можам яго прапусціць. Унікальны шанец, калі ўвесь беларускі народ практычна аднадушны ў тым, што нам патрэбныя выбары. Нам трэба адстаяць сваё права на выбары свайго кіраўніка і свайго ўрада.

Перад пачаткам нашай сустрэчы да мяне падышоў супрацоўнік генеральнай пракуратуры з папярэджаннем аб тым, што я нібыта незаконна заклікаю людзей на плошчу 19 снежня ў 20.00. Я законна заклікаю гэта рабіць. Гэта наша права! Мы нармальная еўрапейская краіна, і мы павінны адстаяць сваё права. Мы мірная апазіцыя, і мы маем права дачакацца ўсе разам вынікаў выбараў, вынікаў назірання і вырашыць, што нам рабіць са сваёй Беларуссю. Пракурор ўцёк. Яго мэта была - аказанне ціску на мяне перад выступам. Я хачу ў яго спытаць: дзе ён быў як супрацоўнік генеральнай пракуратуры, калі Лукашэнка прызнаўся ў фальсіфікацыі выбараў? Чаму не была заведзеная крымінальная справа на Лукашэнку за фальсіфікацыю выбараў? Чаму сёння кіруе ЦВК Лідзія Ярмошына, якая прызналася публічна, што яна чалец каманды Лукашэнкі? Гэта незаконна, таксама як і незаконны ўдзел Лукашэнкі ў гэтых выбарах.

Мы блізкія да таго, каб вызваліць нашую Беларусь. Мы блізкія да таго, каб зажыць свабодна і годна, як жывуць нашыя суседзі, карыстаючыся павагай і падтрымкай. Але трэба разумець, што само нічога не адбываецца. Нічога не робіцца без нашых намаганняў. Таму я заклікаю. Першае - не хадзіце на датэрміновае галасаванне. Я ведаю, што будзе ціск і спробы шантажу, але менавіта гэтым карыстаецца ўлада для таго, каб фальсыфікаваць выбары. Другое - галасуйце за свайго кандыдата ў дзень галасавання і выходзьце разам на плошчу 19 снежня, у 20.00 для таго, каб сустрэць нашую перамогу. Два дні ў Палацы рэспублікі за бюджэтныя грошы праходзіла несанкцыянаваная акцыя, названая «усебеларускім народным сходам». Дзе была пракуратура? Ён што, падаваў у Менгарвыканкам заяўку? Лукашэнка правёў на Кастрычніцкай плошчы сваю акцыю. Правядзем сваю і мы!».

Абмеркаванне сітуацыі ў краіне было такім гарачым, што нават у дрэнна ацепленай актавай зале гімназіі стала горача. Пытанняў у выбаршчыкаў была такая вялікая колькасць, што вылучаных пад сустрэчу паўтарох гадзінаў не хапіла, каб усіх іх задаць. Ад сустрэчы да сустрэчы людзей хвалюе, як змагацца з фальсіфікацыямі, як, нарэшце, памяняць ўладу ў краіне, як змагацца з прававым беззаконнем, што чакае эканоміку краіны, якія рэформы будуць праведзеныя пры прэзідэнце Саннікаве.

Адна жанчына, змучаная гадамі перапіскі з чыноўнікамі і чэргамі ў іх прыёмных, спытала Саннікава: «Вы разумееце, што збіраецеся увайсці ў клетку з драпежнікам? Мы вядзем амаль грамадзянскую вайну».

Адказ палітыка імгненна разрадзіў атмасферу, выклікаў у людзей рогат і прымусіў паверыць у свае сілы. «Вы ведаеце, гэта ўлады хочуць, каб мы так думалі. На самой справе гэта не клетка з тыграм. Гэта клетка з дробнымі грызунамі пад павелічальным шклом, праз якое нас усіх прымушаюць глядзець», - заявіў Саннікаў.

Большасць тых, хто прыйшоў, былі аднадушныя - 19 снежня абавязкова трэба выходзіць на вуліцы. Цікавіла людзей, якой будзе рэакцыя супрацоўнікаў сілавых структураў. «Сілавыя структуры - гэта таксама грамадзяне Беларусі, якія таксама хочуць жыць па-іншаму і не хочуць трываць тую знявагу, якую яны часцяком адчуваюць. Краіна не толькі спынілася ў развіцці, яна імкліва коціцца назад. Нас столькі гадоў кармілі казкамі, а вынік сумны. Яны таксама ўсё разумеюць», - упэўнены Саннікаў.

У гэты час з залы прыйшла запіска са словамі: «Я ў БРСМ. Але саромеюся гэтага. Што вы зробіце з БРСМ, калі прыйдзеце да ўлады?». Запіска выклікала ў зале гром апладысментаў.

«Спыніць бюджэтнае фінансаванне. БРСМ сёння гэта інструмент ціску, выхаванне рабоў, а не свабодных грамадзянаў. Я супраць такіх арганізацыяў», - заявіў кандыдат у прэзідэнты.

З залы таксама прыйшло пісьмовае паведамленне, што на гэтых выбарах фальсыфікацыі, могуць адбывацца не ва ўчастковых выбарчых камісіях, а проста ў раённых выбаркамах, дзе няма назіральнікаў. Той, хто напісаў, прасіў Саннікава папярэдзіць пра гэта міжнародных назіральнікаў. Саннікаў запэўніў, што зробіць гэта.

Наогул, усе ўвесь час казалі пра тое, што ў народа забралі права выбіраць. «Давайце адправім Ярмошыну ў Францыю, і ўсё ў нас будзе добра, мы хутка пераабярэм прэзідэнта», - прапанавала адна жанчына.

Цікавіла менчукоў і тое, пра што маглі паўтары гадзіны размаўляць у Маскве 9 снежня Лукашэнка і Мядзведзеў?

«Падпісалі зноў тое, у чым Лукашэнка дастаткова спрактыкаваўся. Падпісалі пагадненне аб адзінай эканамічнай прасторы, якое ўступіць у сілу з 1 студзеня 2012 года пасля ратыфікацыі. Ён зноў можа іх падманваць, не ратыфікаваць, і не падпісваць. Падпісалі тое, што на сённяшнюю сітуацыю не ўплывае. Я думаю, што наша агульнае, нашага народа, пасланне Расеі - мы хочам нармальных стасункаў. Пры Лукашэнку яны немагчымыя», - заявіў Саннікаў.

У канцы сустрэчы з залы прыйшла запіска. «19 снежня ў мяне дзень нараджэння. Адсвяткую яго на Кастрычніцкай плошчы. Запрашаю прыйсьці на плошчу разам са мной самых годных людзей Беларусі». Адказам былі гучныя апладысменты. Запрашэнне прынятае.

Напісаць каментар 83

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках