2 траўня 2024, Чацвер, 11:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску прайшоў Усебеларускі народны «Сыходзь!» (Фота, відэа)

452
У Менску прайшоў Усебеларускі народны «Сыходзь!» (Фота, відэа)

Каля трох тысячаў чалавек прыйшлі 6 снежня на сустрэчу з кандыдатамі ў прэзідэнты Андрэем Саннікавым і Уладзімірам Някляевым.

На Прывакзальнай плошчы былі ўсталяваныя намёты, сцэна і гукаўзмацняльная апаратура. Пакуль народ прыбываў, на сцэне выступалі музыкі: рэпер Vinsent, барды Зміцер Вайцюшкевіч і Ігар Сімбіровіч. Луналі сцягі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кампаніі «Гавары праўду! » і нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі.

Побач са сцэнай была ўсталяваная старая шына, на якой фарбай было напісана: «Час мяняць лысую гуму!». На сцэне таксама стаяла празрыстая скрыня, ва ўсталяванні якіх адмовіў беларускі ЦВК. І ў якасці пародыі на скрыню стаяла чырвоная скрыня з афіцыйным гербам. Як заявілі ўдзельнікі мітынгу, гэтая скрыня не для бюлетэняў, а для смецця.

Перад пачаткам мітынгу ўлады спрабавалі арганізаваць правакацыі і заглушыць выступы кандыдатаў у прэзідэнты гучнай музыкай з рэпрадуктараў.

Проста ў натоўп людзей заехаў мікрааўтобус з гучнагаварыцелем, з якога раздавалася гучная музыка. Народ абурыўся, стаў выштурхоўваць мікрааўтобус і літаральна на руках вынес яго на праежную частку. Амапаўцы ў цывільным спрабавалі адштурхнуць людзей ад грузавіка, пагражаючы пры гэтым аднаму з кіраўнікоў штаба Андрэя Саннікава Зміцеру Бандарэнку. Але людзі закідалі машыну снежкамі, а адзін хлопец узяў і вырваў драты ад гучнагаварыцеля. Мікрааўтобус замоўк і з'ехаў.

Андрэй Саннікаў і Уладзімір Някляеў звярнуліся да прысутных.

Саннікаў пачаў свой выступ са словаў: «Час мяняць лысую гуму!». Паводле яго словаў, «Усебеларускі народны сход», які сёння праходзіць у Менску, павінен называцца «Усебеларускі народны сыходзь».

«Час мяняць лысую гуму! Народ прачынаецца! Мы бачым, што нас шмат! Мы бачым, што нас больш, што нас пераважная большасць. Лукашэнка схаваўся, ён баіцца. Ён не прыйшоў да нас на тэледэбаты, ён не хацеў чуць голас народа. Беларусь стаіць перад гістарычным выбарам. Мы ўсе можам памяняць сітуацыю. Мы ўсе можам зрабіць так, што Беларусь стане свабоднай. Я думаю, што сёння Лукашэнка пачаў нядрэннае мерапрыемства. Трэба толькі падкарэктаваць назву і назваць гэта «усебеларускі народны сыходзь»! І мы завершым гэты «сыходзь» 19 снежня пасля выбараў! Не галасуйце датэрмінова. Галасуйце 19 снежня і прыходзьце на плошчу, мы вырашым лёс краіны. Гісторыя робіцца сёння, і мы пераможам!», - заявіў лідэр «Еўрапейскай Беларусі».

Уладзімір Някляеў заявіў, што 9 снежня дэмакратычныя кандыдаты сустрэнуцца паміж сабой, каб распрацаваць агульную стратэгію напярэдадні 19 снежня. Кандыдат у прэзідэнты таксама заклікаў грамадзянаў Беларусі не ісці на датэрміновае галасаванне, а прыйсці на ўчастак 19 снежня і ў гэты ж дзень быць на Кастрычніцкай плошчы Менска ў 20.00.

Кандыдат у прэзідэнты адзначыў, што Лукашэнка ніколі не выконваў сваіх перадвыбарчых абяцанняў, ні пасля першых, ні пасля другіх, ні пасля трэціх выбараў.

«Так будзе і цяпер», - упэўнены кандыдат у прэзідэнты. Лідэр кампаніі «Гавары праўду!» падкрэсліў, што за 16 гадоў кіравання Лукашэнкі Беларусь перасварыліся з усімі суседзямі - спачатку з Еўропай, затым з Расеяй. «Таму нас ніхто не шануе ў свеце, з-за гэтага кіраўніцтва», - заявіў Уладзімір Някляеў.

Перад прысутным таксама выступілі паэт Генадзь Бураўкін, жонка Андрэя Саннікава, журналістка Ірына Халіп і мастак Алесь Марачкін.

«Давайце прачынацца, і давайце не будзем губляць шанец. Я ведаю дакладна, што зараз мы пераможам, таму што гэтыя лідэры, якія выступалі перада мной, яны нас не здадуць, яны нам не здрадзяць. Я ведаю, што 19 снежня перамога будзе няцяжкай, таму што гэтая ўлада зусім не страшная, яна нікчэмная. Гэта ўлада бядарнасцяў на чале з галоўнай бяздарнасцю і нікчэмнасцю. Гэта пра яго народ складае анекдоты, што нават на конкурсе бяздарнасцяў і нікчэмнасцяў Лукашэнка заняў бы толькі другое месца, таму што ён занадта нікчэмны, каб заняць нават першае. Я ўпэўненая, што 19 снежня, калі мы выйдзем на плошчу, гэтая бяздарная ўлада абрынецца як картачны домік, таму што няма ў яе сілаў. Яна можа толькі запалохваць, таму што не ўмее пераконваць, яна можа толькі хлусіць, таму што не ўмее казаць праўду, яна можа толькі саджаць у турму, таму не можа весці цывілізаваны размову. Мой муж Андрэй Саннікаў у сваім тэлевыступе прапанаваў жанчынам адпусціць сваіх мужчынаў на плошчу. Я ўсё-ткі прапаную і жанчынам прыйсці таксама. Я жанчына, маці, дачка, і я буду на плошчы. Усе мае сябры, усе родныя будуць на плошчы! А вы?», - спытала Ірына Халіп.

«Будзем!», - пранеслася па плошчы. Людзі скандавалі: «Лука, сыходзь! Перамога за намі!», «Жыве Беларусь!».

На сцэне быў разгорнуты агромністы транспарант «Патрабуем дадатковых выступаў для кандыдатаў у прэзідэнты на беларускім ТБ!». Андрэй Саннікаў і Уладзімір Някляеў паставілі на ім аўтографы. Зноў выступіў Саннікаў і заклікаў выбаршчыкаў патрабаваць прамога эфіру на ТБ для кандыдатаў у прэзідэнты.

«Гэта нашае тэлебачанне. Патрабуйце прамога эфіру для кандыдатаў у прэзідэнты! Беларусь прачнулася, і перамены будуць ужо ў гэтым годзе!», - заявіў кандыдат у прэзідэнты.

Людзі на плошчы амаль бесперапынна скандавалі «Жыве Беларусь!», «Саннікаў!», «Някляеў!».

На мітынгу нечакана выступіў 82-гадовы пенсіянер Уладзімір Браніслававіч Лячковіч, які прыехаў у сталіцу з калгасу ў Вілейскім раёне Менскай вобласці - спецыяльна на сустрэчу з кандыдатамі ў прэзідэнты. Сталы чалавек раскрытыкаваў улады і распавёў пра гаротнае становішча пенсіянераў у краіне.

Зміцер Вайцюшкевіч праспяваў «Наш бел-чырвона-белы сцяг» і «Я нарадзіўся тут!». Пад радкі «Бясконца наша мара аб свабодзе ...» людзі стаялі на плошчы і скандавалі «Жыве Беларусь!»

У канцы мітынгу прагучаў заклік выйсці 16 снежня, у Дзень беларускай салідарнасці, у 18.00 на плошчу Свабоды, дзе і пройдзе наступная сустрэча з Саннікавым і Някляевым.

Тым часам на супрацьлеглым ад вакзала баку стаў пікет БРСМ і «Белай Русі» пад чырвона-зялёнымі сцягамі. У пікеце стаялі ўсяго некалькі чалавек. Іх атачылі каля сотні менчукоў, якія скандавалі «Жыве Беларусь!», «Радзіма! Свабода! Далоў Луку ўрода!» і «Ганьба!». Гэта выклікала захапленне ў людзей, што праходзілі міма, якія ўсміхаліся, ухвальна ківалі і далучаліся да скандавання.

Праз 10 хвілінаў абараняць пікет Лукашэнкі прыбыў нарад АМАПа ў цывільным. Яны атачылі актывістаў БРСМ і «Белай Русі» шчыльным колам і не падпускалі людзей. Затым сталі іх адціскаць. Пікетоўцы за дыктатара ўвесь гэты час стаялі моўчкі.

Амапаўцам таксама прыйшлося пачуць ад людзей нямала непрыемных словаў. «Баяцца, як жа яны баяцца!», - казалі менчукі.

Фота: «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 452

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках