24 снежня 2024, aўторак, 5:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прызнанне следчага: Міліцыянты з задавальненнем змянілі б уладу (Відэа)

76

На YouTube з'явіліся новыя сенсацыйныя сведчанні пра парушэнні законнасці ў Беларусі.

Ізноў сведчыць міліцыянт. Гэтым разам – былы следчы з Жодзіна Андрэй Пыжык. Яму ўлады даручылі расправіцца з ветэранам Афганістана, які стаў лідэрам апазіцыі ў горадзе. Следчы адмовіўся. У адплату следчаму зламалі кар'еру, піша «Наша Ніва».

22 кастрычніка 2006 года кіраўнік аб'яднання ветэранаў баявых дзеянняў «Абаронцы Айчыны», былы афганец Аляксандр Камароўскі ехаў у Польшчу. На мяжы ў яго былі знойдзеныя фальшывыя даляры ЗША – як высветліць следства, яму іх падкінулі.

У Берасці завялі крымінальную справу. АБЭЗ адразу правёў ператрус дома і на працы Камароўскага.

Яго матэрыялы прыйшлі да старэйшага следчага Пыжыка, які тады працаваў у Жодзінскай міліцыі. Ён стаў разбірацца з імі і адразу заўважыў нестасоўкі. Следчы паехаў з гэтымі матэрыяламі да пракурора Жодзіна. Той наўпрост сказаў: «Камароўскі балатуецца ў дэпутаты, а не павінен балатавацца». І адправіў следчага да кіраўніка гарадскога суда. У кабінеце кіраўніка суда сядзеў госць з Менска, намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Анатоль Рубінаў.

«Матэрыялы справы мною вывучаныя. Я не бачу падставаў для ўзбуджэння крымінальнай справы», - паведаміў следчы.

Па словах следчага Пыжыка, Рубінаў у адказ пачаў крычаць, пагражаць.

«Ён павінен сядзець у турме. Справа павінна быць у найкарацейшыя тэрміны накіраваная ў суд», - заявіў Рубінаў.

Пад ціскам следчы Пыжык крымінальную справу, у рэшце рэшт, пачаў.

Аднак займаючыся гэтай справай, ён толькі пераканаўся, што справа была «шытая белымі ніткамі».

Следчы выявіў, што ператрус у кватэры Камароўскага праводзілі тры супрацоўнікі праваахоўных органаў, а ў пратаколе запісаны быў толькі адзін. Нібыта выяўленых фальшывых даляраў ніхто з панятых не бачыў.

І следчы прыняў рашэнне аб спыненні крымінальнага пераследу Камароўскага, бо ўбачыў, што ён невінаваты.

Калі следчы даклаў аб сваім рашэнні начальніку, той стаў на яго «раўці, крычаць». Калі яны паінфармавалі аб рашэнні следчага пракурора, той наогул у парыве гневу выкінуў справу за дзверы.

«Ты сам сядзеш замест Камароўскага!», - сказалі следчаму.

У выніку следчага Андрэя Пыжыка прымусілі звольніцца.

Ціск на следчага працягваўся і пасля звальнення. Каб запалохаць, яго, акрамя ўсяго іншага, асудзілі на пяць сутак арышту – нібыта за нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы. Тым не менш, Андрэй Пыжык не прагнуўся.

Гэта не першае сенсацыйнае сведчанне міліцыянта падчас гэтай выбарчай кампаніі. Так, падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў распавёў пра механізм фальсіфікацыі выбараў у Менску. А акадэмік Рубінаў пасля тых выбараў пайшоў на новую пасаду: цяпер ён узначальвае «савет рэспублікі» і сядзеў побач з Лукашэнкам ў прэзідыуме «ўсебеларускага сходу».

«Менавіта адміністрацыя Лукашэнкі вырашае, каму ўдзельнічаць у выбарах, а каму – сядзець у турме», - сцвярджае Андрэй Пыжык.

Міліцыянты ахвотна памянялі б уладу, кажа былы следчы.

Напісаць каментар 76

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках