19 траўня 2024, Нядзеля, 12:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генерал Фралоў: Як толькі сітуацыя хістанулася, АМАПаўцы сталі нікому не патрэбныя

115
Генерал Фралоў: Як толькі сітуацыя хістанулася, АМАПаўцы сталі нікому не патрэбныя

У Менску прайшло прадстаўнічае пасяджэнне аргкамітэта па стварэнні руху пад працоўнай назвай «Афіцэрскі сход».

Старшынём аргкамітэта стваранага руху абраны генерал Валеры Фралоў, намеснікам старшыні - Аляксандр Камароўскі, паведамляе сайт «Еўрапейская Беларусь».

У склад і структуру руху ўвойдуць афіцэры запасу і ў адстаўцы, якія маюць багаты вопыт працы ў арміі, КДБ, МУС і іншых спецслужбах і дзяржорганах. Генерал Фралоў сцвярджае, што праца па стварэнні руху распачалася даўно, але толькі цяпер перайшла ў фармальную фазу.

«Сябры стваранага руху - ветэраны працы ў сілавых структурах і спецслужбах. Зараз у гэтых структурах працуюць іх сябры, калегі, вучні ... Прыхільнікамі нашага руху з'яўляюцца таксама дзеючыя афіцэры, але зараз іх «свяціць» неразумна.

Магу сказаць, што ёсць вельмі сур'ёзнае імкненне афіцэраў, для якіх не пусты гук такія паняцці як абавязак, гонар, высокае пачуццё адказнасці, не застацца ў баку ад працэсаў, якія адбываюцца ў краіне. Ёсць жаданне і гатоўнасць, абапіраючыся на вопыт і прафесіяналізм, паўплываць на тое, каб беларуская канстытуцыя служыла народу, а не змянялася каб дагадзіць асабістым інтарэсам, на тое, каб выбары былі празрыстымі і сапраўды выяўлялі волю народа.

Прыкладам гэтай гатоўнасці з'яўляюцца паводзіны падпалкоўніка Казлова. Наш рух можа паўплываць на тое, каб такіх прыкладаў было больш. Не час сядзець на кухні і абмяркоўваць тое, што адбываецца за чаркай», - распавёў генерал Фралоў.

Генерал Фралоў адзначае, што Беларусь - дастаткова мілітарызаваная ў мінулым краіна, дзе толькі былых афіцэраў налічваецца да 250 тысячаў, і лічыць, што ствараны рух мае патэнцыял для таго, каб стаць уплывовай спакойнай разумнай сілай, здольнай выканаць задачы, якія ён перад сабой ставіць.

Ён кажа, што ёсць велізарная розніца паміж афіцэрскім сходам і сходам афіцэраў. Сход афіцэраў, якое адбудзецца напярэдадні выбараў - гэта паказушнае мерапрыемства, дзе ўсе павінны «ў адзіным парыве» падтрымаць ініцыятыву, якая вылучаецца. Афіцэрскі сход мяркуе, як ні дзіўна гэта гучыць для цывільных, шырокі спектр меркаванняў падчас абмеркавання і жорсткую дысцыпліну падчас рэалізацыі прынятых рашэнняў.

«Зараз відавочна, што краіна стаіць на парозе сур'ёзных падзеяў, і афіцэры не павінны быць закладнікамі ці пешкамі ў гэтых падзеях. У гэтай сувязі я часта ўзгадваю гісторыю Віленскага АМАПа. Калі яны былі патрэбныя, іх выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах ўсе, каму не лянота, але як толькі сітуацыя хістанулася ў іншы бок, яны сталі нікому не патрэбныя. Яны апынуліся ў падвешаным стане, сядзелі забарыкадаваўшыся ў акадэміі паліцыі і не ведалі, чаго чакаць, што рабіць, што з імі будзе далей.

Я тады быў начальнікам Віленскага гарнізона і камандзірам 107-й мотастралковай дывізіі. Мне каштавала вялікіх намаганняў забяспечыць іх бяспеку. Кагосьці адправілі ў Расею, хтосьці з дазволу генштаба СССР быў залічаны ў маю дывізію, з захаваннем сваіх званняў. А некаторыя байцы віленскага АМАПу да гэтага часу хаваюцца ад Інтэрпола ...

Не хацеў бы, каб нашыя афіцэры, і асабліва афіцэры спецслужбаў апынуліся ў такім становішчы.

Мы адсочваем перадвыбарчыя працэсы і абсалютная большасць з нас падтрымлівае кандыдатуру Андрэя Саннікава, узровень якога, з улікам вопыту дзяржаўнай службы, на наш погляд, значна вышэй за іншых кандыдатаў

Лічым, што пры любым прэзідэнце наш вопыт, веды і жаданне бачыць Беларусь дэмакратычнай прававой дзяржавай згуляе сваю ролю», - кажа генерал Фралоў.

Напісаць каментар 115

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках