18 чэрвеня 2026, Чацвер, 11:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беззаконне здымаць «не трэба»?

3

Журналістаў незалежных СМІ не пусцілі на суд над прызыўніком з Гомеля Яўгенам Якавенкам з фота-і відэакамерамі.

11 лютага карэспандэнту недзяржаўнага інфармагенцтва БелаПАН Анатолю Гатоўчыцу і незалежнаму журналісту Алегу Ражкову не дазволілі ўвайсці ў памяшканне суда Савецкага раёна Гомеля з-за наяўнасці пры іх тэле-і фотаапаратуры. Як паведамляе прэс-служба «БАЖ», інцыдэнт адбыўся перад пачаткам адкрытага судовага паседжання па справе прызыўніка Яўгена Якавенкі, які нібыта ўхіляўся ад службы ў войску.

Супрацоўнік аховы спыніў Алега Ражкова на ўваходзе ля паста рэгістрацыі, калі ўбачыў у руках журналіста штатыў для тэлекамеры. Дапамагчы калегу і высветліць законнасць такіх дзеянняў міліцыянта паспрабаваў Анатоль Гатоўчыц, але і яго самога ў выніку не ўпусцілі, паколькі ён меў пры сабе фотаапарат.

Старшыня суда Аляксандр Кострыкаў, якому Анатоль Гатоўчыц патэлефанаваў з вестыбюля будынка суда, назваў дзеянні ахоўнікаў правільнымі, бо міліцыянты, нібыта, дзейнічаюць на падставе інструкцыі.

У інструкцыі, на якую спаслаўся суддзя, паведамляецца, што «міліцыі забараняецца дапускаць у будынак суда асоб з фота-і відэаапаратурай без узгаднення з старшынём суда або яго намеснікам». Зацвердзілі інструкцыю яшчэ ў 2006 годзе начальнік Савецкага аддзялення (г. Гомеля) Дэпартамента аховы МУС Віктар Палознік і старшыня Савецкага раённага суду Аляксандр Кострыкаў.

У выніку Анатолю Гатоўчыцу дазволілі прайсці ў залу суда толькі пасля таго, як ён пакінуў свой фотаапарат на ўваходзе Алегу Ражкову (камер для захоўвання рэчаў у памяшканні суда няма).

«Гэтая інструкцыя парушае нормы аб галоснасці судовай вытворчасці, вызначаныя Грамадзянска-працэсуальным і Крымінальна-працэсуальным кодэксам», - пракаментаваў інцыдэнт з гомельскімі журналістамі ў судзе намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст Андрэй Бастунец.

Згодна з гэтым кодэксам, грамадзяне, якія прысутнічаюць на адкрытым судовым паседжанні, маюць права весці пісьмовыя і магнітафоныя запісы. А фота-, кіна-і відэазапісы дапускаюцца з дазволу старшыні судовага паседжання і па згодзе бакоў, - звяртае ўвагу юрыст.

Нагадаем, што 11 лютага ў судзе Савецкага раёна Гомеля пакаралі чарговага прызыўніка, які нібыта ўхіляўся ад прызыву ў войска. На гэты раз абышлося без заключэння. На падставе пратакола гарадскога ваенкамата 25-гадовага Яўгена Якавенку пакаралі адміністрацыйным штрафам у памеры 175 тысяч рублёў.

Вінаватым сябе Яўген Якавенка не прызнаў. Яшчэ 22 снежня ён прасіў супрацоўнікаў ваенкамата не грэбаваць Канстытуцыяй і даць яму магчымасць прайсці альтэрнатыўную службу.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках