4 траўня 2024, Субота, 15:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску «неафіцыйна» прэзентавалі новую кнігу Рыгора Барадуліна

1

13 лютага на Менскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы адбылася прэзентацыя зборніка паэзіі Рыгора Барадуліна «Перакуленае/Опрокинутое».

Гэтая кніга выйшла на беларускай і расейскай мовах у маскоўскім выдавецтве «Время», перадае БелаПАН.

Як адзначыў генеральны дырэктар выдавецтва Барыс Пастэрнак, выданне з'яўляецца як своеасаблівым падарункам вялікаму паэту напярэдадні яго 75-годдзя, так і падарункам людзям, якім дарагая мова. «Бо Барадулін не толькі размаўляе на зразумелай народнай насычанай багатай паэтычнай мовай, але і сам стварае яго», - падкрэсліў Пастэрнак.

Ён лічыць абавязкам выдавецтва выпускаць кнігі беларускіх літаратараў па-расейску, «бо Беларусь - краіна часткова расейскамоўная і расейскалітаратурная, што зусім не адмяняе і не зневажае беларускую літаратуру». «Мне здавалася, што выдавецтва, якое прыязджае на Менскі кірмаш, павінна рабіць нейкі падарунак краіне», - сказаў Пастэрнак. Ён нагадаў, што раней «Время» прывозіла на кірмаш тамы збораў твораў Васіля Быкава і Святланы Алексіевіч, а таксама зборнік паэзіі Веніяміна Блажэннага.

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч назваў прэзентацыю «чаканым святам нечаканай паэзіі з яе паэтычнымі метафарамі, вобразамі і рыфмамі».

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Генадзь Бураўкін назваў кнігу падарункам Масквы беларускай літаратуры. «Для любой літаратуры не страшна, а абсалютна нармальна, калі яна знаходзіцца ў апазіцыі да ўлады. Страшна для ўлады, калі яна знаходзіцца ў апазіцыі да сапраўднай літаратуры. Бо рана ці позна гэтай улады час, людзі даюць ацэнку. І хай гэтая ўлада ў свой час не захацела ці не змагла ацаніць сапраўдныя таленты, такіх геніяў, як Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін, я не сумняюся, што ўзгадваць такую ўладу будуць адпаведна», - сказаў Бураўкін.

Ён выказаў падзяку выдавецтву за тое, што «яно якраз арыентуецца на літаратуру і на яе ўзровень, а не на нейкія іншыя рэчы». «Я рады, што гэтае выдавецтва апранае нашых геніяў вельмі і вельмі годна, інтэлігентна, сучасна, без нейкіх лішніх гульняў з публікай», - сказаў Бураўкін.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках