24 снежня 2024, aўторак, 3:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Жэчпаспаліта»: «Кіраўнік МЗС Беларусі Мартынаў пасмяяўся над Еўразвязам і яго каштоўнасцямі»

11

Польскія газеты працягваюць каментаваць вынікі перамоваў у Варшаве кіраўнікоў МЗС Польшчы і Беларусі Радаслава Сікорскага і Сяргея Мартынава.

Як перадае «Польскае радыё», польская газета «Жэчпаспаліта» у рэдакцыйным каментары, у прыватнасці, адзначае:

«Гутарка міністра замежных справаў Радаслава Сікорскага з кіраўніком беларускай дыпламатыі, здаецца, не прынесла ніякага выніку. Беларускія ўлады робяць, што хочуць. Душаць усе ініцыятывы, якія іх не задавальняюць. Усё, што адбываецца ў краіне, і на што яны не маюць уплыву. Гэта датычыць таксама Звяза палякаў Беларусі пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс.

Насуперак сцверджанням беларускага міністра Мартынава, пераслед нацыянальнай меншасці не з'яўляецца ўнутранай праблемай Беларусі. Таксама не павінен выклікаць здзіўлення той факт, што Польшча цікавіцца лёсам сваіх суайчыннікаў у Беларусі.

Напрошваецца пытанне: ці варта наогул весці перамовы з прадстаўнікамі беларускага рэжыму? Ці было мэтазгодным рашэнне аб змякчэнні некаторых санкцыяў у дачыненні да Беларусі і дазвол беларускім vip-персонам, у тым ліку і Лукашэнку, зноў бесперашкодна падарожнічаць па Еўропе? Гэта можа прагучаць як прызнанне сваёй бездапаможнасці. Гаворка ішла пра тое, каб не пакідаць Беларусь выключна ў зоне ўплыву Расеі. Каб садзейнічаць умацаванню яе суверэнітэту, прапаноўваючы Менску адначасова перспектыву збліжэння з Захадам. І гэты падыход працягвае заставацца актуальным. Хаця гэтая задача не з лёгкіх, у чым нас больш чым наглядна пераканаў у Варшаве міністр Мартынаў. Наведаўшы Варшаву праз некалькі дзён пасля таго, як беларускай міліцыяй і судамі былі ўжытыя жорсткія рэпрэсіі супраць польскай нацыянальнай меншасці, і кажучы, што нічога асаблівага не адбылося, беларускі дыпламат пасмяяўся над Польшчай, Еўрапейскім Звязам, а таксама сістэмай каштоўнасцяў, якая імі прызнаецца» - адзначае ў рэдакцыйным каментары «Жэчпаспаліта».

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках