29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сікорскі прапанаваў Лукашэнку пугу і пернік

43
Сікорскі прапанаваў Лукашэнку пугу і пернік

Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі перадаў праз кіраўніка МЗС Беларусі Сяргея Мартынава ліст беларускаму дыктатару.

Пра гэта сёння напісала польская «Gazeta Wyborcza» у артыкуле пад назвай «Ліст Лукашэнку». Паводле інфармацыі газеты, у лісце ўтрымліваюцца 10 пунктаў, падтрымку якіх Варшава ставіць у залежнасць ад павагі Менскам правоў польскай меншасці. Гаворка ідзе, у тым ліку, пра падтрымку Беларусі ў пытаннях атрымання чарговага крэдыту МВФ, адмену візавых санкцыяў, пачатак ў Беларусі часткі праграмаў «Усходняга партнёрства», і «і нават уваход Беларусі на правах паўнавартаснага чальца ў Раду Балтыйскіх дзяржаваў».

«Gazeta Wyborcza» піша таксама, што МЗС Польшчы рыхтуе спіс грамадзянаў Беларусі, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю Польшчы і ўсяго Еўразвяза. Неафіцыйна паведамляецца, што ў ім – кіраўніцтва праўладнага саюза палякаў на чале са Станіславам Сямашкам.

«Тэрмін апублікавання гэтага спісу – гэта пытанне гадзінаў і дзён, а не тыдняў», - заявіў газеце прэс-сакратар МЗС Польшчы Пётр Пашкоўскі.

Паводле інфармацыі газеты, падчас перамоваў у Варшаве, якія былі даволі жорсткімі, кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Мартынаў заявіў, што «правы палякаў у Беларусі не парушаюцца».

«Даволі цяжка ў гэта паверыць, - заявіла выданню «Gazeta Wyborcza» крыніца ў МЗС Польшчы. -- Літаральна ўчора беларуская міліцыя затрымала намесніка старшыні Звяза палякаў Беларусі Мячыслава Яскевіча. Падстава – нібыта падробленыя правы кіроўцы. Увечары ён быў вызвалены, высветлілася, што правы з'яўляюцца сапраўднымі».

Між тым, учора прэзідэнт Еўрапейскага Парламента Ежы Бузек заявіў, што «не выключае разрыву стасункаў паміж ЕЗ і Беларуссю, калі працягнуцца парушэнні правоў чалавека. Калі не будзе ніякага пазітыўнага водгуку на пацяпленне, якое прапанаваў Еўразвяз, трэба распачынаць радыкальныя меры».

Як перадае польскі тэлеканал TVN24, прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі, каментуючы сітуацыю са Звязам палякаў Беларусі, заявіў, што палітыка саступак рэжыму Лукашэнкі не дала вынікаў.

У канцылярыі прэзідэнта Польшчы паведамілі, што ў хуткім часе Лех Качыньскі хоча сустрэцца з кіраўнічкай Звяза палякаў Беларусі Анжалікай Борыс. Прэзідэнт таксама выказаў салідарнасць з беларускімі палякамі, якія, як адзначылі ў канцылярыі прэзідэнта, па-ранейшаму церпяць «неабгрунтаваныя рэпрэсіі».

Польская газета «Rzeczpospolita» у матэрыяле «Беларусь пачула ўмовы» таксама піша пра тое, што міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі агучыў беларускім уладам умовы, пры выкананні якіх Польшча можа дапамагчы Беларусі ў развіцці стасункаў з ЕЗ.

Сітуацыю пракаментаваў дэпутат Еўрапарламента Конрад Шыманскі: «Мэта сустрэчы з Сяргеем Мартынавым не выкананая. У момант, калі палякі ў Беларусі пакутуюць ад рэпрэсіяў, урад Польшчы падпісвае дамову з Менскам аб прымежным руху. Падчас візіту Мартынава ў Варшаву міліцыя арыштавала намесніка старшыні Звяза палякаў Беларусі Мячыслава Яскевіча. Гэта відавочная правакацыя, якая павінна была атрымаць рэзкую ацэнку польскага боку. Замест гэтага, беларускія ўлады атрымалі сігнал на ўсёдазволенасць. Калі міністр Сікорскі збіраўся паразмаўляць «па-мужчынску» з кіраўніком МЗС Беларусі, дык у яго гэта не атрымалася... Візіт павінен быў быць адменены. Урад абавязаны дасылаць больш дакладныя сігналы Менску, і размова з Беларуссю павінна быць халоднай і канкрэтнай».

Папулярны польскі партал nadblog-wszystkich-blogowl.onet.pl у матэрыяле «Радаслаў Сікорскі прыстрашыў Лукашэнку» піша: «Сікорскі паведаміў кіраўніку беларускай дыпламатыі Сяргею Мартынаў пра два магчымыя сцэнары развіцця стасункаў з Беларуссю: пазітыўны сцэнар - у выпадку прызнання ўладамі Звяза палякаў Беларусі, а другі - вядома ж, санкцыі». Аўтар матэрыялу піша, што «нам (палякам) патрэбныя блізкія стасункі з Беларуссю, бо з гэтага народа выйшаў наш нацыянальны герой - Тадэвуш Касцюшка. Сікорскі прыстрашыў Лукашэнку. Але што з гэтага выйдзе?».

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках