28 красавiка 2024, Нядзеля, 21:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыя захапіла Польскі дом у Івянцы

38
Міліцыя захапіла Польскі дом у Івянцы

Актывістаў Саюза палякаў, якія знаходзіліся ў будынку, - у асноўным, гэта былі пенсіянеры - выштурхалі з ужываннем сілы.

У Польскі дом у Івянцы, які належыць непрызнанаму беларускімі ўладамі Саюзу палякаў, супрацоўнікі міліцыі разам з судовымі выканаўцамі ўварваліся днём 8 лютага. Пра гэта сайту charter97.org паведаміў актывіст Саюза палякаў, журналіст Анджэй Пачобут.

«Міліцыя захапіла будынак Польскага дома. Яны знаходзяцца ў будынку, сам Дом таксама акружаны міліцыянтамі. Да захопу ўнутры знаходзіліся актывісты нашай арганізацыі, у тым ліку лідэр Івянецкага аддзялення Саюза палякаў Тэрэза Собаль. Чаму прыйшлі судовыя выканаўцы - незразумела, ніякага рашэння суда не было.

Судовыя выканаўцы апісалі маёмасць Польскага дома. Адначасова была выстаўлена ахова на ўваходах, каб не пускаць сябраў СПБ, якія спрабуюць трапіць унутр. Паўтараюцца падзеі 2005 года ў Гародні. Фактычна сілай беларуская дзяржава захапіла будынак грамадскага аб'яднання. Гэта скандал», - паведаміў Пачобут.

Каля 17.00, як паведаміў Анджэй Пачобут, супрацоўнікі міліцыі выгналі з будынку ўсіх змешчаных там актывістаў непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі. «Людзей выштурхоўвалі, выцягвалі за рукі, за ногі. А сёння ж працоўны дзень, у будынку Польскага дома знаходзіліся, у асноўным, пенсіянеры, людзі сталыя. Тыя ж міліцыянты ўвялі ў будынак Станіслава Бурачэўскага, які прызначаны кіраўніком Івянецкага аддзялення праўладнага Саюза палякаў», - паведаміў Пачобут сайту charter97.org.

Па дарозе ў Івянец аўтамабіль з журналістам Анджэем Пачобутам быў спынены супрацоўнікамі міліцыі. Затрыманы вадзіцель Аляксей Салей. Міліцыянты заявілі, што ў яго нібыта падробленыя правы кіроўцы. Анджэй Пачобут быў вымушаны дабірацца ў Івянец на папутных машынах.

Нагадаем, што гэта не першая спроба ўладаў захапіць будынак. 21 студзеня праўладны Саюз палякаў спрабаваў правесці тут з'езд, мэта якога была зрушыць з пасады кіраўніка Івянецкага аддзялення СПБ Тэрэзу Собаль. Актывістку непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў Тэрэзу Собаль абвінавачваюць у злоўжыванні, якое нібыта складаецца ў тым, што ў 2004 годзе па загадзе тагачаснага кіраўніка Саюза палякаў Тадэвуша Кручкоўскага Польскі дом у Івянцы атрымаў матэрыяльную дапамогу. Нягледзячы на тое, што тэрмін даўніны ўжо скончыўся, крымінальная справа ў дачыненні да Тэрэзы Собаль была ўзбуджаная.

Саюз палякаў Беларусі лічыць дзеянні ўладаў правакацыяй і ўпэўнены, што такім чынам улады хочуць паставіць на пасаду мясцовай арганізацыі СПБ лаяльнага ім чалавека.

Саюз палякаў Беларусі быў «расколаты» пры дапамозе беларускіх уладаў некалькі гадоў таму. Падкантрольная ўладам частка арганізацыі з'яўляецца афіцыйна прызнанай. СПБ на чале з Анжалікай Борыс, які падтрымліваецца урадам Польшчы, падвяргаецца ў Беларусі ганенням.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках