26 красавiка 2024, Пятніца, 18:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Багдан Барусевіч: «Мы не можам фінансаваць дыктатуру»

22

Маршалак Сейму Польшчы Багдан Барусевіч абураны новай атакай беларускіх уладаў на Звяз палякаў.

Каментары польскіх палітыкаў не пакідаюць сумневаў – варта чакаць жорсткіх мераў у адказ. Раздражненне палякаў узмацняецца яшчэ і моцным расчараваннем ад таго, што ўсе іх спробы зрабіць больш літасцівым беларускага дыктатара, пабудаваць новыя стасункі з Беларуссю, наладзіць цесныя сувязі з Менскам праваліліся.

На просьбу «Беларускага партызана» пракаментаваць сітуацыю, маршалак Сейму Багдан Барусевіч заявіў:

- Пытанне сур'ёзнае. У нас склалася такая сітуацыя ў Беларусі, якую нельга назваць нармальнай. Трэба рабіць тое, што ў нашых магчымасцях. Трэба падтрымліваць нейкія кантакты, але абодва бакі павінны імкнуцца да гэтага. У Беларусі відавочны дэфіцыт дэмакратыі. Ён распаўсюджваецца і на нашую польскую меншасць, якая не можа самастойна развівацца. Гэтыя нападкі, спроба захапіць рэшткі ўласнасці патрабуе нашый рэакцыі. Гэтая ўласнасць аплачаная за кошт польскіх падаткаплацельшчыкаў. Беларусь не можа сказаць, што гэта не польская справа. Мы выдаткавалі мільёны даляраў, каб забяспечыць нашым землякам сякія-такія годныя ўмовы. Рэакцыя будзе! Нельга, каб Лукашэнка гуляў у сваю гульню, паказваючы, што калі Польшча націсне на нейкую кнопку, дык Беларусь зжарэ Расея. Вядома, мы націснем.

- Ці можна казаць пра тое, што польская палітыка супакойвання Лукашэнкі скончыцца? Хітрасць Лукашэнкі апошняга года ўжо нікога ў Польшчы не падмане, і хітрасць польскай палітыкі ўжо не спрацоўвае?

- Нам хацелася б, каб у нас быў дэмакратычны сусед, з якім не ўзнікала б праблемаў. Але калі ўжо нешта адбываецца з палякамі ў Беларусі, мы вымушаныя рэагаваць. Ёсць дэвіз «Б'юць нашых!», ён зараз самы хадавы. Бо сапраўды ж б'юць, гэта не выдумка. Так што хітрасці тут няма.

- Масква ці пасылае ў Варшаву якія-небудзь сігналы ў сувязі з уцягваннем Польшчы ў беларускія справы?

- Не, з Масквой на гэты конт мы нічога не абмяркоўваем. Казаць тут няма пра што, у кожнага свая палітыка. Мы ведаем, што Расея шмат гадоў падтрымлівала Лукашэнку, і значная частка расейскага бюджэту ішла на фінансаванне Беларусі. У кожнага ёсць свае мэты. Нам проста хочацца, каб не ўзнікалі ўвесь час нейкія праблемы з суседам.

- Так можа падзяліць Беларусь паміж Польшчай і Расеяй?

- Не, не. Мы паважаем нацыянальны суверэнітэт. Кожная дзяржава мае права на выбар уласнага шляху. Палітыка падзелу свету на сферы ўплыву даўно састарэла. Мы зацікаўленыя толькі ў тым, каб ля нашых межаў была стабільнасць, каб суседнія краіны развіваліся добра і былі прадказальныя. І раптам мы натрапляем на праблему Беларусі.

Беларусь суверэнная дзяржава, мы паважаем суверэнітэт, але не заплюшчваем вочы на дыктатуру. І не можа быць так, каб мы фінансавалі дыктатуру ці падпісвалі ім чэкі.

- А ў Беларусі дыктатура?

- Але я б не сказаў, што дэмакратыя. Ну, калі такая дэмакратыя, мне б не хацелася жадаць такой дэмакратыі і вам таксама.

Падрабязнасці дзеянняў польскіх уладаў у адказ пакуль не вядомыя. Аднак, як сказала «БП» крыніца ва ўрадзе Польшчы, гаворка ідзе пра блакаванне фінансавай дапамогі з боку Еўразвяза.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках