Renault стварыла электракар, які хочацца купіць проста за знешнасць
- 21.11.2026, 11:47
Кампанія назвала мадэль «Жабяня».
У новага электрычнага Renault Twingo ёсць усе шанцы стаць адным з самых абаяльных гарадскіх аўтамабіляў: акруглыя формы, выразная пярэдняя частка, яскравыя колеры і прадуманы салон робяць яго зусім не падобным да тыповага бюджэтнага электракара. У The Independent навінку ацанілі на 10 балаў з 10, асабліва адзначыўшы камфорт і практычнасць. Сама Renault называе аўтамабіль Le Frog — «Жабяня», піша The Independent (пераклад — сайт Charter97.org).
Мадэль адсылае да арыгінальнага Twingo, які з’явіўся ў 1992 годзе і стаў адным з самых пазнавальных гарадскіх аўтамабіляў Renault. Новая версія захавала ігрывы характар папярэдніка, але атрымала цалкам электрычную начынку і пяць дзвярэй. Даўжыня аўтамабіля — усяго 3,79 метра, таму ён разлічаны найперш на гарадскія вуліцы.

Маленькі звонку, прадуманы ўнутры
Галоўная асаблівасць салона — заднія сядзенні, якія можна незалежна рухаць і складаць. Так уладальнік можа вызваліць больш месца для ног пасажыраў або павялічыць багажнік да 360 літраў.
У аснашчэнне ўваходзяць два экраны, мультымедыйная сістэма з Google, Apple CarPlay і камера задняга віду. У больш дарагіх версіях даступныя падагрэў сядзенняў, клімат-кантроль і сістэма аўтаматычнай паркоўкі.

Renault называе навінку Le Frog — «Жабяня». Яе пярэдняя частка сапраўды надае машыне пазнавальнае выражэнне.
Электраматор магутнасцю 60 кВт (каля 80 к. с.) працуе ад батарэі ёмістасцю 27,5 кВт·г. Запас ходу дасягае 263 кіламетраў. Прадбачана хуткая зарадка магутнасцю да 50 кВт.