Занадта шмат «геніяў» у адным месцы
- Рыгор Голасаў
- 21.11.2026, 11:43
Кожны раз узгадваецца часопіс «Карэя» за 15 капеек.
Кожны раз, калі чую выраз «гістарычны саміт у Шэньчжэне», узгадваю часопіс «Карэя», які я ў падлеткавым узросце купляў у кіёсках па 15 кап.
Тады на чале КНДР яшчэ стаяў заснавальнік дынастыі, Кім Ір Сен. Ён любіў аб’язджаць сваю краіну і выступаць у розных гарадках і вёсках перад партыйна-гаспадарчым актывам. Гэтыя выступленні асвятляліся ў СМІ. У часопісе пра гэта паведамлялася прыблізна так: «Апублікаваны геніяльны класічны твор вялікага правадыра таварыша Кіма Ір Сена “17 тэзісаў аб развіцці авечкагадоўлі на аснове ідэй чучхе”».
У наступным нумары паведамлялася пра новы геніяльны класічны твор, а папярэдні больш ніколі не ўзгадваўся. Тэзісаў амаль заўсёды было за дзюжыну, але ў Шэньчжэне больш як на чатырох сысціся не атрымалася. Занадта шмат геніяў у адным месцы.
Рыгор Голасаў, палітолаг, «Фэйсбук»