24 снежня 2024, aўторак, 2:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дарадца Качыньскага: Сітуацыя з палякамі ў Беларусі – найгоршая ў свеце

14

Польскія палітыкі рэзка асудзілі падзеі вакол польскай меншасці ў Беларусі.

У размове з «Еўрарадыё» дарадца прэзідэнта Польшчы па справах суайчыннікаў за мяжой Міхал Дворчык адзначыў, што што больш нідзе ў свеце палякі не сутыкаюцца з такім парушэннем сваіх правоў і свабодаў, як у Беларусі.

«На сённяшні дзень палякі ў Беларусі знаходзяцца ў найцяжэйшай сітуацыі. У іншых краінах, еўрапейскіх і не еўрапейскіх, дзе жыве шмат палякаў і асобаў польскага паходжання, здараюцца, вядома ж, рознага кшталту праблемы і нават парушаюцца правы чалавека ды не вытрымліваюцца еўрапейскія стандарты. Аднак да такіх брутальных сітуацый, як гэта адбываецца ў Беларусі, нідзе ў свеце не даходзіць – у дачыненні да палякаў», - заявіў Міхал Дворчык.

У інтэрв'ю «Польскаму радыё» намеснік старшыні Сенату - верхняй палаты парламента Польшчы - Мацей Плажынскі таксама выказаў пратэст супраць захопу беларускай міліцыяй Польскага дома ў Івянцы. Плажынскі нагадаў, што гэта адзін з трох дамоў у Беларусі, якімі кіруе непрызнаны ўладамі Саюз палякаў Беларусі на чале з Анжалікай Борыс. З 1990-х гадоў у Беларусі пабудаваны за кошт польскай дзяржавы 16 Польскіх дамоў.

Паводле словаў Мацея Плажынскага, падзеі ў Івянцы з'яўляюцца прыкладам палітычных рэпрэсій супраць нацыянальнай меншасці ў Беларусі. Віцэ-старшыня Сенату лічыць падзеі ў Івянцы незразумелымі на фоне візіту міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава ў Польшчу. Беларускі чыноўнік павінен прыехаць у Варшаву 12 лютага.

Нагадаем, што амбасадара Польшчы ў Беларусі Генрыка Літвіна адклікалі ў Варшаву. Рашэнне аб адклiканнi амбасадара МЗС Польшчы прыняў учора пасля захопу беларускімі ўладамі Польскага дому ў Івянцы.

Учора ў Івянцы (Менская вобласць) у Польскі дом, які належыць непрызнанаму ўладамі Саюзу палякаў Беларусі, прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і судовыя выканаўцы. Судовыя выканаўцы прыступілі да вопісу маёмасці. Сам будынак быў акружаны міліцыянтамі. Актывістаў непрызнанага Саюза палякаў міліцыянты з будынка выштурхалі. Пасля гэтага яны правялі туды нейкага Станіслава Бурачэўскага, які кіруе мясцовым аддзяленнем альтэрнатыўнага (лаяльнага уладам) Саюза палякаў.

Папярэдні канфлікт вакол Польскага дома ў Івянцы адбыўся ў канцы студзеня. Тады ўлады спрабавалі зладзіць там з'езд, каб зрушыць кіраўніка мясцовага аддзялення непрызнанага СПБ Тэрэзу Собаль. Дзесяткі актывістаў арганізацыі, якія накіроўваліся ў Івянец, былі затрыманыя.

Саюз палякаў быў расколаты ў 2005 годзе. Частка яго, лаяльная уладам, з'яўляецца афіцыйна прызнанай. Актывісты непрызнанага СПБ на чале з Анжалікай Борыс падвяргаюцца пераследу з боку ўладаў.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках