У Тэгеране «басіджы» спрабавалі захапіць амбасаду Італіі
2- 9.02.2010, 17:05
9 лютага каля сотні байцоў ваенізаваных фарміраванняў «Басідж» паспрабавалі напасці на амбасаду Італіі ў Тэгеране.
Пра гэта, як паведамляе «Reuters», заявіў на слуханнях у парламенце міністр замежных спраў Італіі Франка Фраціні.
«Каля сотні «басіджаў», апранутых у цывільнае, паспрабавалі напасці на амбасаду з крыкамі «Смерць Італіі!» і «Смерць Берлусконі!», - сказаў кіраўнік МЗС.
Як развівалася сітуацыя ў далейшым і што зараз адбываецца ў Тэгеране, пакуль невядома.
Нагадаем, што, згодна з міжнародным заканадаўствам, дыпламатычныя прадстаўніцтвы валодаюць імунітэтам. Зрэшты, гэты імунітэт можа мець абмежаванні ў сувязі з унутраным заканадаўствам краіны знаходжання.
Нагадаем, што ў студзені ў Іране ў выніку замаху былі забітыя пракурор іранскага горада Хой Валіяла Хаджы Галізадзе і прафесар сталічнага універсітэта імя імама Хасейні, выкладчык ядзернай фізікі Масуд Алі Махамадзі.
Рэакцыя іранскіх афіцыйных асоб з’явілася неадкладна - яны заявілі аб магчымай датычнасці замежных спецслужбаў. Камандуючы іранскай напаўвайсковай Добраахвотніцкай міліцыяй «Басідж» брыгадны генерал Махамад Рэза Накдзі заявіў, што Тэгеран адпомсціць ЗША за гібель Алі Махамадзі.
Fars прыводзіць і іншую заяву на гэтую тэму, зробленую камандзірам падраздзялення Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі ў горадзе Карадж Сайэд Хамзэ Міртакі. Ён заявіў, што забойства вучонага было выклікана асцярогамі «ворагаў» з нагоды паспяховага развіцця іранскай ядзернай праграмы.