27 снежня 2024, Пятніца, 13:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эксперты Канвенцыі Эспо працягнулі расследаванне па астравецкай АЭС

15

Калі парушэнні пацвердзяцца, ад Беларусі могуць запатрабаваць спыніць усе працы па будаўніцтве атамнай станцыі.

Камітэт па ажыццяўленні Канвенцыі Эспо да канца жніўня працягнуў расследаванне пытання аб выкананні Беларуссю сваіх міжнародных абавязкаў у працэсе планавання будаўніцтва АЭС. Дакумент, падпісаны сярод іншых і нашай краінай яшчэ ў 1991 годзе, абавязвае пры будаўніцтве небяспечных аб’ектаў улічваць думку як уласнай грамадскасці, гэтак і краін-суседак, паведамляе «Еўрарадыё».

Расследаванне было распачатае ў сувязі са зваротам украінскіх эколагаў, у якім незалежныя эксперты пералічвалі шматлікія парушэнні канвенцыі Беларуссю. Адзін з аўтараў звароту эксперт-юрыст аналітычнага цэнтру “Грамадства і наваколле” з Кіева Андрэй Андрусевіч патлумачыў, што, акрамя невыканання Канвенцыі, ёсць прэтэнзіі і да беларускага заканадаўства. Нашае права ў галіне экалагічнай экспертызы і ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе не адпавядае патрабаванням Канвенцыі Эспо.

«Гэтае пытанне разглядалася ў лютым. На сённяшні момант Камітэт пастанавіў правесці дадатковае расследаванне і накіраваў ліст у Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі, адказнае за выкананне патрабаванняў паводле дадзенай Канвенцыі, з цэлым шэрагам пытанняў — больш канкрэтных. У прыватнасці, яны пытаюць, калі якая краіна была праінфармаваная, што гэта за інфармацыя была прадстаўленая Беларуссю і г.д. Усё гэта сведчыць, што ў Камітэце па-ранейшаму падазраюць Беларусь у невыкананні абавязкаў паводле Канвенцыі», -- сказаў Андрэй Андрусевіч.

Андрэй Андрусевіч заўважае, што Камітэт па выкананні Канвенцыі Эспо звярнуўся да краін, якія могуць быць закранутыя падчас будаўніцтва і эксплуатацыі станцыі: Літвы, Латвіі, Польшчы ды Украіны — з просьбай даць іх ацэнку супрацоўніцтва з Беларуссю ў пытанні будаўніцтва атамнай станцыі ў межах Канвенцыі Эспо.

«Калі выявіцца, што, на думку Камітэта па ажыццяўленні Канвенцыі Эспо, былі парушэнні канвенцыі Беларуссю ў працэсе будаўніцтва атамнай станцыі, тады нарада бакоў канвенцыі можа запатрабаваць ад Беларусі спыніць усялякія праектныя і іншыя працы па АЭС, пакуль не будуць выкананыя працэдуры, прадугледжаныя Канвенцыяй Эспо. Насамрэч палітычны ціск, які здзяйсняецца на краіну ў падобных выпадках, надзвычай моцны, -- адзначыў Андрусевіч.

Пытанні наконт парушэнняў аўтарамі праекта АЭС нацыянальнага і міжнароднага заканадаўства паўсталі ад самага пачатку праекту. Грамадская экалагічная экспертыза дала негатыўную ацэнку праекту беларускай АЭС. Са скандаламі прайшлі слуханні ў Астраўцы, Вільні і Рызе. Украінскія эколагі абяцаюць падобную сустрэчу беларускім атамшчыкам і ў Кіеве.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках