16 снежня 2025, aўторак, 3:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тэракт чакалі ў Менску

24

Напярэдадні выбуху ў Маскве беларуская міліцыя баялася з'яўлення «расейскіх тэрарыстаў» у сталіцы Беларусі.

Увечары 25 сакавіка, калі беларуская апазіцыя сабралася на плошчы перад Акадэміяй навук святкаваць Дзень волі, да мітынгоўцаў нечакана выйшаў начальнік менскай міліцыі Леанід Фармагей.

Ён ўзяў мегафон і сказаў: «У нас ёсць інфармацыя, што група расейскіх грамадзян можа здзейсніць правакацыі накшталт той, якая адбылася 3 ліпеня 2008 года». Нагадаю, што 3 ліпеня 2008 года ў цэнтры Менска прагрымеў выбух падчас вулічнага канцэрту, на якім, акрамя некалькіх тысяч чалавек, прысутнічалі Лукашэнка і амаль увесь урад з чыноўнікамі ўсіх масцей, піша Ірына Халіп у «Новой газете».

А 25 сакавіка, пасля мегафоннай заявы Фармагея, подступы да плошчы занялі амапаўцы і пачалі правяраць змесціва сумак ва ўсіх, хто ішоў на мітынг. Акцыя прайшла мірна, то бок заява міліцэйскага начальніка зусім не цягнула на імкненне пасеяць паніку ў натоўпе ці разагнаць яе пад добрапрыстойнай падставай. Але яго заява выклікала ва ўсіх адно пытанне: ці меў Фармагей на ўвазе, што выбух 3 ліпеня таксама арганізавала «група расейскіх грамадзян»? Ці гэта частка антырасейскай прапаганды, якую сёння актыўна вядзе беларуская дзяржава? Ва ўсялякім выпадку, апошняя інфармацыя аб расследаванні выбуху ў Менску з вуснаў міністра ўнутраных спраў Беларусі Анатоля Куляшова прагучала ў пачатку сакавіка амаль безнадзейна: расследаванне ідзе, але падазраваных няма.

Выбух у цэнтры Менска прагрымеў у ноч з 3 на 4 ліпеня падчас вялікага канцэрту з нагоды Дня незалежнасці. Спрацавала самаробная выбуховая прылада, начыненая балтамі і гайкамі і закладзеная ў звычайную каробку з-пад соку «Садочок». Пазней сапёры знайшлі і абясшкодзілі другое выбуховае прыстасаванне, якое знаходзілася пад кустом непадалёк ад першага. У выніку выбуху загінуўшых не было, 47 чалавек былі шпіталізаваныя. Канцэрт не перарвалі нават пасля выяўлення другой выбуховай прылады.

На наступны дзень Лукашэнка раскрытыкаваў працу міліцыі і лекараў: «Чаму вы не стварылі суперспецбрыгаду, якая магла б аказваць дапамогу людзям? Чаму кожны лёгка-і цяжкапараненыя валяліся на асфальце? Неаператыўна вы пачалі працаваць з першых хвілін». Праз некалькі дзён ён адправіў у адстаўку сакратара Савета бяспекі Віктара Шэймана і кіраўніка сваёй адміністрацыі Генадзя Нявыгласа.

Следства пачалося з таго, што два дзесяткі апазіцыянераў апынуліся за кратамі. Але праз належныя дзесяць дзён усіх адпусцілі. За час следства былі знятыя адбіткі пальцаў больш чым у мільёна беларускіх грамадзян. Спецслужбы раскрылі чатыры тысячы іншых злачынстваў, звязаных з захоўваннем і вырабам выбуховых рэчываў, але да раскрыцця самога тэракту следства не наблізілася. Беларусь звярнулася па дапамогу ў Інтэрпол - туды перададзена поўнае апісанне выбуховай прылады.

Год таму міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў абвясціў, што ў справе ёсць дзве версіі: альбо выбух падрыхтаваў і ажыццявіў адзіночка, альбо «ў Беларусі дзейнічае глыбока заканспіраваная арганізацыя». Потым Навумаў сышоў у адстаўку, а новы міністр Анатоль Куляшоў і зусім лічыць, што выбух у Менску быў увогуле не тэрактам, а хуліганствам.

Чым бы ні быў выбух з пункту гледжання Крымінальнага кодэксу, следства не прасунулася ў яго раскрыцці ні на цалю. Але цяпер узнікае іншае пытанне: ці ёсць сувязь паміж выбухамі ў маскоўскім метро 29 сакавіка і папярэджаннем з вуснаў самога начальніка сталічнага ГУУС Фармагея аб магчымасці тэрактаў у Менску? Дарэчы, ад панядзелка менская міліцыя перайшла на ўзмоцнены рэжым патрулявання.

У пошуках бомбы. Менск, 25 сакавіка

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках