23 снежня 2024, панядзелак, 20:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Баранэса Эштан паўстала на абарону журналістаў і апазіцыі Беларусі

11
Баранэса Эштан паўстала на абарону журналістаў і апазіцыі Беларусі

Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешніх сувязях звярнулася з заявай, у якой выказала занепакоенасць сітуацыяй у Беларусі.

Як гаворыцца ў заяве Кэтрын Эштан ад 30 сакавіка, Еўразвяз спадзяецца, што беларускія ўлады прыкладуць усе неабходныя намаганні для таго, каб мясцовыя выбары 25 красавіка адказвалі міжнародным стандартам і нормам АБСЕ.

У заяве адзначаецца, што ў апошні час у Беларусі абмяжоўвалася свабода сходаў, асацыяцый і выражэння.

«ЕЗ глыбока занепакоены ціскам на прадстаўнікоў незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасці і апазіцыйных структур у Беларусі. Так, няўрадавыя арганізацыі і апазіцыйныя партыі па-ранейшаму сутыкаюцца са складанасцямі пры рэгістрацыі. Гэтыя тэндэнцыі выклікаюць асаблівую заклапочанасць напярэдадні мясцовых выбараў. Для ЕЗ вельмі важна, каб яны прайшлі добра», - адзначае Эштан.

Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ падкрэслівае, што аб'яднаная Еўропа будзе ўважліва сачыць за хадой выбарчай кампаніі ў Беларусі.

Эштан таксама асудзіла прывядзенне ў выкананне смяротнага прысуду ў дачыненні да двух беларусаў у Менску. Яна заклікала беларускія ўлады апублікаваць поўную інфармацыю пра гэта, а таксама ўвесці мараторый на вышэйшую меру пакарання.

Пры гэтым еўрапейскі чыноўнік пацвердзіла гатоўнасць ЕЗ супрацоўнічаць з Беларуссю, у прыватнасці, у рамках палітыкі «Усходняга партнёрства». Паводле яе слоў, пашырэнне ўзаемадзеяння залежыць ад «канкрэтных крокаў Беларусі ў накірунку дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона».

Нагадаем, што 16 сакавіка ў Менску прайшлі масавыя ператрусы ў незалежных журналістаў і лідэра грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава, які абвесціў аб намеры стаць кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. Была канфіскаваная ўся тэхніка ў офісе сайта charter97.org, у журналістаў Марыны Коктыш, Ірыны Халіп, Святланы Калінкінай. Пры ператрусе была збітая рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках