2 траўня 2024, Чацвер, 3:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады зэканомілі на медалях ветэранам

51
Улады зэканомілі на медалях ветэранам

Ваенныя камісары, якія ўручаюць ветэранам вайны ўзнагароды, кажуць, што такой ганьбы яшчэ ніколі не перажывалі.

Сёння ваенкамы ўручаюць ветэранам медалі «65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», у літаральным сэнсе апусціўшы вочы, і кажуць, што нават падчас вайны дзяржава не дазваляла сабе такой непавагі да салдатаў, як гэта адбылося зараз.

Як піша газета «Штодзёньнік», у канцы 2009 года Мінабароны Беларусі абвесціла адкрыты конкурс на выраб 85 тыс. медалёў «65 гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне». Цікавы сам падыход Мінабароны да ўмоваў конкурсу.

Так, згодна з умовамі конкурсу, 90 балаў са 100 атрымліваў той канкурсант, які прапаноўвае найменшы кошт. Астатнія 10 балаў атрымліваў той, хто ні разу ў кантрактах з Міністэрствам абароны не парушаў умоваў паставак. Паводле ўмоваў конкурсу, пераможца павінен быў паставіць 85 тыс. медалёў да 31 сакавіка 2010 года, каб ўзнагароды паспелі разаслаць па ваенкаматах і ўручыць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны.

Як бачна з умоваў конкурсу, пытанню якасці наогул не было нададзена аніякай увагі, што дастаткова дзіўна, улічваючы галоўную ідэалагічную важнасць мерапрыемства. Па сутнасці, канкурсанты маглі вырабіць медалі хоць з пластыліну, галоўнае, каб было як мага танней. Мы, вядома, утрыруем, і па ўмовах конкурсу ўсе прадпрыемствы абавязаныя былі даць ўзор медаля, які адпавядае ўсім стандартам, але ў канчатковым выніку практычна так усё і атрымалася.

На конкурс падалі свае прапановы чатыры кампаніі, тры з якіх - дзяржаўныя. Перамогу атрымаў Віцебскі прыборабудаўнічы завод, які не спецыялізуецца на вырабе медалёў ці іншых дзяржаўных узнагародаў, затое на працягу шмат год забяспечваў Міністэрства абароны кукардамі і іншай ваеннай атрыбутыкай, якая лёгка штампуецца і не патрабуе асаблівай якасці.

Віцебскі прыборабудаўнічы завод перамог, прапанаваўшы самы нізкі кошт з усіх. Так, напрыклад, Менскі прыборабудаўнічы завод (марка «Белвар») прапанаваў кошт аднаго медаля прыблізна ў 5 тыс. рублёў. Віцебскі завод прапанаваў каля 4 тыс. рублёў за адзін медаль. Гэта дазволіла Міністэрству абароны зэканоміць каля 85 млн рублёў.

Тут варта зрабіць невялікае адступленне і патлумачыць, што на такога кшталту дзяржзаказы ніхто не забівае нейкі суперпрыбыткі. Усе прадпрыемствы, якія падалі свае прапановы Міністэрству абароны, зыходзілі з прыбытку прыблізна ў 3%. Для іх самым важным была прэстыжнасць дзяржзаказу. Усё ж вырабіць узнагароды для ветэранаў нашмат важней за памер прыбытку. Гэта пытанне дзяржаўнай ідэалогіі, што ўсе добра разумелі. Тым не менш, перамогу атрымала прадпрыемства, якое не мела вопыту для выканання важнага ідэалагічнага заказу. Вынік атрымаўся адпаведным.

Не маючы ні тэхналогіі, ні вопыту ў вырабе падобных узнагародаў, віцебскі завод вырабіў медалі сумніўнай якасці, ад якой ваенкамы, якія ўручаюць узнагароды ветэранам у рэгіёнах, у літаральным сэнсе выпалі ў асадак.

Самае дзіўнае, што першыя партыі медалёў Мінабароны яшчэ адпраўляла назад для выпраўлення дэфектаў, а потым, калі тэрміны сталі падціскаць, праверка пачала зводзіцца да банальнай фармальнасці.

Так, згодна з умовамі конкурсу, завод павінен быў вырабіць 85 тыс. медалёў да 31 сакавіка 2010 года, каб да свята ўзнагароды паспелі ўручыць ветэранам. Але да 31 сакавіка завод паспеў вырабіць толькі каля паловы замовы.

У выніку ваенкамы цяпер вымушаныя ўручаць ветэранам ўзнагароды, якія і саматужніцтвам назваць складана. Нават падчас вайны, калі ўся краіна галадала, такой адкрытай халтуры ніхто не гнаў.

Можа быць, гэтая ацэнка камусьці падасца рэзкай, але па-іншаму ГЭТА назваць немагчыма. Як патлумачыў «Штодзённіку» ваенкам аднаго з раёнаў Менскай вобласці, Міністэрству абароны вызначаны бюджэт на правядзенне мерапрыемстваў, звязаных са святкаваннем 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. На мерапрыемствах, якія праходзяць з удзелам першых асобаў дзяржавы, міністэрства зэканоміць не можа, а вось на ўзнагародах ветэранам, якія ў большасці сваёй ўручаюцца ў ціхай рэгіянальнай абстаноўцы, - цалкам.

На гэтай фатаграфіі можна ўбачыць адрозненне паміж тым, які медаль павінен быць, і тым, што рассылае райваенкаматам Міністэрства абароны. Напрыклад, згодна са стандартам і пагадненнем з Расеяй, якая да 65-годдзя Перамогі ў ВАВ рыхтуе дакладна такія ўзнагароды, рэльеф на медалі павінен вырабляцца на шагрэні - гэта такое спецыяльнае пакрыццё (накшталт шагрэневай скуры), якое дазваляе больш выразна бачыць рэльеф, а таксама адрозніць падробленыя ўзнагароды ад сапраўдных. Віцебскі ж завод зрабіў «лысы» рэльеф на «лысым» фоне. Па словах ваенкама, гэта аналагічна таму, што напісаць белымі літарамі на белым фоне.

Але нават «лысы» рэльеф на «лысым» фоне выраблены з парушэннем тэхналогіі. Замест спецыяльнага пакрыцця медалі пакрылі лакам, у выніку чаго на іх пачаў наліпать бруд. Лак на дзяржаўных узнагародах - гэта ўвогуле нонсэнс, але, здаецца, у Мінабароны гэта мала каго цікавіць, бо ў большасці ветэранаў ўжо дрэнна са зрокам.

Зрэшты, не будзем галаслоўнымі і дазволім параўнаць ўзнагароды, якія ўручаюць беларускім ветэранам з узорам, які быў зацверджаны сакратарыятам СНД.

Як бачна, розніца вялізная. Можна вельмі доўга на гэтым прыкладзе пералічваць, дзе была парушаная тэхналогія вырабу медалёў, але і без гэтага выразна бачны і бруд, прыліплы да лакавага пакрыцця, і змазаная выява «лысага» медаля. Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Як паведамлялася вышэй, Міністэрства абароны ва ўмовах конкурсу першапачаткова не цікавіла якасць. Фактычна пераможца тэндэру мог вырабіць медалі з дрэва ці з пластыліну. Бо галоўнае было зэканоміць.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках