23 снежня 2024, панядзелак, 19:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады ідуць на рэкорд па датэрміновым галасаванні

32

Датэрміновае галасаванне, ад якога заклікалі адмовіцца прадстаўнікі ЕЗ, у Беларусі па-ранейшаму праходзіць, прычым, «яўка» б'е мінулагоднія рэкорды.

Яўка на датэрміновае галасаванне цяпер можа стаць нават большай, чым раней. На мясцовых выбарах 2007 года датэрмінова прагаласавалі 24,9% выбаршчыкаў, нагадваюць «Беларускія навіны».

У першы дзень датэрмінова прагаласавалі 3,6 адсоткаў выбаршчыкаў. За два дні яўка склала ўжо 8,7% выбаршчыкаў, за тры - 15 адсоткаў. На папярэдніх мясцовых выбарах у 2007 годзе ў першы дзень датэрмінова прагаласавалі 2,7 адсоткаў выбаршчыкаў, за два дні - 6,9 адсоткі, за тры - 12,4 адсоткі.

Напярэдадні датэрміновага галасавання сакратар ЦВК Мікалай Лазавік сцвярджаў: «Калі нашыя рэкамендацыі арганізатарам выбараў будуць рэалізаваныя, то адсотак датэрміновага галасавання на мясцовых выбарах гэтага года можа знізіцца ў параўнанні з папярэднімі выбарамі».

На яго думку, арганізацыя датэрміновага галасавання актуальная ў гарадах. «У гарадах шмат мабільных грамадзян: студэнты, якія з'язджаюць дадому, рабочыя, пенсіянеры, якія могуць з'ехаць на лецішча. Таму ў гарадах неабходная не толькі тлумачальная праца, але і арганізацыйная па садзеянні грамадзянам, якія жадаюць прагаласаваць датэрмінова», - сказаў Лазавік.

Фарсіраваць ж галасаванне на вёсцы сакратар Цэнтрвыбаркама сэнсу не бачыць. «Там людзі наўрад ці куды паедуць на выходных. Яны з большай радасцю прыйдуць на ўчасткі для галасавання ў дзень выбараў, каб адчуць святочную атмасферу, паглядзець выступленні артыстаў», - лічыць Лазавік.

Зрэшты, ужо на наступны дзень яму давялося змяніць рыторыку.

«Мае прагнозы не апраўдаліся, - сказаў сакратар ЦВК. - Напэўна, Цэнтрвыбаркаму не варта займацца прагнозамі. Трэба рэальна ацэньваць сітуацыю. Людзі ў Беларусі дысцыплінаваныя. Старэйшае пакаленне імкнецца рэалізаваць сваё выбарчае права ў добрае надвор'е. Моладзь таксама адгукнулася на заклікі арганізатараў выбараў. Маладыя людзі часта праводзяць выходныя дні за межамі выбарчых акругаў, таму яны прагаласавалі загадзя».

Экспэрт у галіне выбарчага заканадаўства Сяргей Альфер здзіўлены высокай яўкай выбаршчыкаў.

«Наконт высокай яўкі я мог выказваць здагадкі ў Менску. Яе можна растлумачыць адміністрацыйным разлікам. У Менску шмат альтэрнатыўных кандыдатаў, таму уладам выгадна вялікая колькасць тых, хто прагаласаваў датэрмінова», - сказаў ён.

Эксперт не верыць, што галоўны фактар - гэта дысцыплінаванасць грамадзян, якія спяшаюцца рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права. «Самастойна ў такой колькасці грамадзяне на датэрміновае галасаванне не прыйшлі б. Уладам давялося ў поўнай меры выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс», - мяркуе ён.

20 красавіка Аляксандр Лукашэнка, выступаючы з традыцыйным штогадовым пасланнем беларускаму народу і «парламенту», фактычна пацвердзіў, што выбары ў Беларусі будуць праводзіцца па-ранейшым сцэнары. І ён не прадугледжвае наяўнасці ў мясцовых саветах апазіцыйных дэпутатаў.

Па словах Лукашэнкі, ён не мае намеру «за руку» прыводзіць такіх людзей ва ўладу, нягледзячы на тое, што гэта яму «некаторыя заходнія палітыкі падказвалі».

«Каму патрэбныя такія дэпутаты? Я гэтага не рабіў і рабіць не збіраюся. Абяруць людзі - працуй. Не абяруць - даруй», - сказаў ён.

Калі апазыцыя прыйдзе да ўлады, яна не будзе ведаць, што рабіць, заявіў Лукашэнка.

«У нас так званая «свядомая» апазіцыя - як кот у алеі: усе бамжы, усе беспрацоўныя, жывуць у асабняках, раз’язжаюць на прэстыжных іншамарках. Ім не патрэбная ніякая ўлада», - заявіў Лукашэнка.

Такім чынам, ставіцца пад сумнеў прагнозы некаторых палітолагаў, што пэўную колькасць апанентаў улады прапусцяць у мясцовыя саветы. Мяркуючы па ўсім, улады наўрад ці маюць намер выкарыстоўваць мясцовыя выбары ў якасці паказальных для Захаду.

Нават сам факт міжнароднага назірання, прычым вельмі абмежаванага, Менск падае як сваю вялікую саступку. Гэта было зроблена у адносінах да замежных дыпламатаў, акрэдытаваных у Беларусі.

Магчымасць назіраць за мясцовымі выбарамі атрымалі 50 дыпламатаў з 24 амбасадаў. У прыватнасці - пяць супрацоўнікаў амбасады ЗША, па чатыры - Швецыі і Літвы, па тры - Польшчы, Вялікабрытаніі, Славакіі і Кітая. Іх паўнамоцтвы міжнародных назіральнікаў будуць сапраўдныя да 30 красавіка.

Хоць апазіцыянеры і праваабаронцы паўтараюць аб сур'ёзных парушэннях з боку ўладаў, у Цэнтрвыбаркаме спакойныя. Па словах Лазавіка, «сігналаў аб парушэннях на мясцовых выбарах практычна няма».

Адсутнасць прагрэсу ў практыцы правядзення выбараў адзначае эксперт Сяргей Альфер.

«З майго пункту гледжання, выбары не сталі больш празрыстымі, - падкрэслівае ён. - Мясцовыя выбары праводзяцца ў абсалютна тым жа духу, што і тры гады таму».

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках