Школьнікі баяцца задаваць пытанні Лукашэнку
27- 28.04.2010, 10:43
Акцыя праўладнай моладзевай арганізацыі БРСМ «Задай пытанне Лукашэнку» сталася нечаканым канфузам.
Падчас акцыі «Задай пытанне прэзідэнту» вучні замест пытанняў дасылаюць просьбы: «не зачыняць сацыяльныя сеткі», «каб краіна развівалася і набліжалася да еўрапейскіх стандартаў» і пакінуць сістэму адукацыі ў супакоі, паведамляе «Еўрарадыё».
Берасцейскія школьнікі баяцца ўдзельнічаць у акцыі БРСМ «Задай пытанне прэзідэнту». Пра гэта паведаміла настаўніца адной са школаў горада. Акцыя пачалася 14 красавіка, аднак дагэтуль у горадзе знайшлося толькі 10 вучняў, якія пажадалі задаць пытанне Лукашэнку.
«Калі пытаюся дзяцей, якое пытанне яны хочуць задаць Лукашэнку, дык першая рэакцыя чамусьці смех. Я пытаюся, чаму яны смяюцца. А яны кажуць: "А чаму мы павінны падпісваць гэтыя пытанні? Калі б можна было падпісаць пытанне псеўданімам, мы б шмат што спыталі, а сваім імем падпісваць не хочам. А раптам нас пасадзяць?"» -- распавяла настаўніца.
Настаўнікам нават прыйшлося спецыяльна папрасіць школьнікаў паўдзельнічаць у акцыі. У выніку тыя вырашылі не задаваць Лукашэнку пытанняў, а звярнуліся да яго з просьбамі. Школьнікі прасілі, каб краіна развівалася і набліжалася да еўрапейскіх стандартаў, а таксама каб было больш моладзевых праграмаў абмену з краінамі ЕЗ. Аднак галоўнае — гэта пакінуць сістэму адукацыі ў супакоі.
«Пішуць нам: "Паважаны Аляксандр Рыгоравіч! Я хацеў бы да вас звярнуцца з просьбай звярнуць увагу на сістэму адукацыі ў нашай краіне. Мы прыйшлі ў школу, была 11-гадовая сістэма і 5 балаў, потым 12 гадоў і 10 балаў". Тобок за час навучання ў школе яны патрапілі ў тры рэформы адукацыі, і каб такога больш не было», -- перадае змест аднаго з лістоў настаўніца берасцейскай школы.
Спецыяльныя скрыначкі з надпісам «Пытанне прэзідэнту» з 14 красавіка па 25 траўня павінны вісець ва ўсіх навучальных установах краіны. Па задумцы БРСМ, акцыя павінна вызначыць сферы пытанняў, якімі цікавіцца моладзь. Аднак, на думку настаўнікаў, значна больш рэальную карціну можна было б атрымаць, калі б акцыя была ананімнай.