23 лiстапада 2024, Субота, 5:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Камароўскі: «Генпракуратура не абараняе простага чалавека без замовы»

10

Генэральная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па факце публікацыі водгукаў наведнікаў сайту charter97.org.

У межах справы ў Менскую гарадзкую пракуратуру, якая вядзе справу, ужо выклікаліся сустаршыні грамадзкага аб’яднаньня вэтэранаў вайны ў Аўганістане «Абаронцы Айчыны» Аляксандар Камароўскі і Алег Воўчак. Ім распавядалі пра «абразы і хлусьню», якія мелі месца ў камэнтарах да артыкула «аўганцаў», змешчанага на згаданым рэсурсе.

У інтэрвію «Радыё Свабода» перадгісторыю крымінальнай справы згадвае Аляксандар Камароўскі. Ён кажа, што лічыць трэба ад з'яўленьня ў прэзыдэнцкай «Советской Белоруссии» асуджэння воінаў-аўганцаў Камароўскага і Воўчака, якія адмовіліся прымаць ад Аляксандра Лукашэнкі юбілейныя мэдалі да 20-годдзя вываду савецкіх войскаў з Аўганістану:

«Год таму падпалкоўнік Рыжанкоў у «Советской Белоруссии» напісаў брудны артыкул пра мяне і Воўчака. А потым charter97.org з маёй падачы напісала артыкул «Цкаваньне ў стылі 1937-га». На гэты артыкул было 65 народных водгукаў. Водгукі пераважна гнеўныя, падпалкоўніка прычасалі па поўнай праграме. Потым мы з Воўчакам адзін дзень з аўтарам судзіліся ў Савецкім судзе, свой гонар абаранялі. Але паглядзелі — чалавек нібыта хворы, яму дрэнна стала, ці то інвалід, і яшчэ што, але падняцца ня мог. Прынамсі, спрабаваў адказваць седзячы. І, я гляджу, зусім не арыентуецца ў тым, што напісана ў яго артыкуле. У мяне тады ўражанне склалася (і я гэта сказаў у судзе), што гэта ўвогуле не ён пісаў, а артыкул яму папросту падсунулі. А ён падпісаў — ды ўсё. Ну, і мы з Воўчакам прынялі рашэнне далей не судзіцца і фактычна яго прабачылі. Суддзя тады папярэдзіла: Сан Саныч, калі вы падпісваеце міравую, дык, паводле закону, больш да гэтай тэмы не маеце права вяртацца. І сапраўды: чаго нам, ваенным, паміж сабой судзіцца?», - распавядае Камароўскі.

Аднак прайшоў час, і гісторыя нечакана атрымала працяг. Да артыкула на сайце charter97.org Аляксандар Рыжанкоў вярнуўся ў суправаджэнні Генеральнай пракуратуры. Цяпер спадар Камароўскі канчаткова перакананы: Рыжанкова нехта мэтанакіравана падштурхоўвае да новага супрацьстаяння. Прынамсі, такое ўражанне ў вэтэрана-аўганца склалася ад двух наведванняў Менскай пракуратуры, якой перададзеныя матэрыялы справы.

І без уплывовых асобаў, на думку Камароўскага, тут не абышлося. Дарэчы, заўтра Камароўскі зноў збіраецца на допыт:

«Сама Генеральная пракуратура адкрыла крымінальную справу. У нас за 16 гадоў кіравання Лукашэнкі ніколі Генпракуратура так апантана не абараняла гонар простага чалавека. А тут непасрэдна пракуратура пачынае крымінальную справу! Мы з Воўчакам там праходзім як сведкі. Пакуль я не ведаю, супраць каго справа можа ўрэшце абярнуцца — магчыма, і супраць нас, а магчыма, у першую чаргу і супраць charter97.org. Таму што там нібыта такія «недазволеныя» водгукі друкуюцца. Я асабіста наконт водгукаў сказаў пракурору, калі ў яго быў: лічу надзвычай станоўчай справай, калі народ можа выказаць сваё меркаванне на любую падзею. Калі ласка, зрабіце ў «Советской Белоруссии», каб кожны чалавек, не баючыся, мог напісаць водгук на ўсю вашу галімаццю, якую вы друкуеце. А канкрэтна, па вялікім рахунку, нават яшчэ ня ведаю, у каго якія прэтэнзіі. Нават да мяне: я два разы ў іх быў, але так нічога і не зразумеў. Таму што ні да мяне, ні да Воўчака не павінна быць ніякіх прэтэнзіяў. Бо мы Рыжанкова не абражалі, мы яму не пагражалі. А гэта выказваўся наш, беларускі народ».

У краінах Еўропы, уключна з Расеяй, інтэрнэт-СМІ не нясуць адказнасці за камэнтары наведнікаў сайтаў. Тым часам charter97.org ужо фігуруе ў крымінальнай справе аб паклёпе на былога начальніка Упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці Івана Каржа. З офісу charter97.org былі канфіскаваныя на экспэртызу кампутары, а рэдактарку сайту Наталлю Радзіну разам з іншымі журналістамі недзяржаўных СМІ увесь час выклікаюць на допыты.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках