14 снежня 2025, Нядзеля, 2:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Справа Байковай»: Менгарсуд падтрымаў КДБ

6

Святлана Байкова прынамсі да 24 чэрвеня будзе знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ. Гэта стала вядома сёння, 11 траўня, у выніку рашэння Менскага гарадскога суда.

Чарговы рух па коле скаргі адваката старэйшага следчага па найважнейшых справах генеральнай пракуратуры, якая была затрыманая супрацоўнікамі КДБ 25 лютага 2010 года, і пратэсту генеральнага пракурора на пастанову старшыні дзяржбяспекі аб абранні і ўжыванні меры стрымання скончыўся адмовай, паведамляюць «Беларускія навіны».

Нагадаем, 30 красавіка суд Цэнтральнага раёна сталіцы вынес пастанову аб пакіданні скаргі і пратэсту без задавальнення. А зараз фармальна і вышэйстаячая судовая інстанцыя прыняла бок Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Паказальна, што ў Менгарсудзе свае пазіцыі адстойвалі адвакат следчага і супрацоўнік генпракуратуры; ад чэкістаў прадстаўніка не было.

Паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэкса паўторнае абскарджванне не дапускаецца, аднак скардзіцца не забаронена. Такую пазіцыю ў кароткай гутарцы з карэспандэнтам «Беларускіх навінаў» выказаў абаронца абвінавачванай Байковай. Прастора для дзеянняў маецца і ў генеральнага пракурора - у парадку нагляду ён мае права выносіць пратэсты на прысуды, вызначэнні і пастановы любога суда Беларусі, за выключэннем пастановаў прэзідыума Вярхоўнага суда. Тым больш, што менавіта да яго праз два месяцы з КДБ паступіць чарговае хадайніцтва аб падаўжэнні тэрміна ўтрымання пад вартай старэйшага следчага генпракуратуры. Першае такое было адхіленае Рыгорам Васілевічам 23 красавіка. Што, праўда, не перашкодзіла чэкістам узбудзіць у дачыненні да Байкавай новую крымінальную справу і пакінуць яе ў камеры СІЗА.

Як стала вядома «Беларускім навінам», на гэты раз у «справе Байковай» з'явіліся новыя артыкулы Крымінальнага кодэкса. Раней старэйшага следчага абвінавачвалі па ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 399 (замах на незаконнае вызваленне ад крымінальнай адказнасці), ч. 2 арт. 399 (незаконнае вызваленне ад крымінальнай адказнасці) і ч. 3 арт. 426 (перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў). Апошні артыкул КК прысутнічае і ў новай крымінальнай справе, але ўжо ў «абрамленні» арт. 393 (прыцягненне ў якасці абвінавачванага загадзя невінаватага) і арт. 397 (загадзя незаконныя затрыманне ці змяшэчнне пад варту).

Пра якіх канкрэтна асобаў ідзе гаворка, пакуль не атрымалася высветліць. У гэтым выпадку ў следства КДБ прастора для дзеянняў маецца. З 2007-га па люты 2010 года старэйшы следчы па найважнейшых справах аддзела Генеральнай пракуратуры па расследаванні справаў аб карупцыі старэйшы дарадца юстыцыі Святлана Байкова расследавала 7 крымінальных справаў у дачыненні да 112 абвінавачваных. У той жа час каля пяцідзесяці сваякоў мытнікаў і іншых фігурантаў, асуджаных па гэтых справах, упэўненыя, што іх блізкіх да крымінальнай адказнасці прыцягнулі незаконна. На гэты конт у КК таксама маецца адпаведны артыкул - 392-ы (вынясенне загадзя неправасудных прысуду, рашэння ці іншага судовага акту).

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках