25 лiстапада 2024, панядзелак, 7:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Някляеў: «Прывяла ў жах рэпрэсіўная машына, якая працуе на знішчэнне»

58
Уладзімір Някляеў: «Прывяла ў жах рэпрэсіўная машына, якая працуе на знішчэнне»

Пасля вызвалення з турмы на Акрэсціна лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», паэт Уладзімір Някляеў адказаў на пытанні сайта charter97.org.

«Тое, што адбылося 18 траўня - гэта беззаконне. Масавыя ператрусы як у офісах, так і на кватэрах актывістаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», арышты, допыты па надуманым, недарэчным артыкуле, канфіскацыя кампутараў і друкаваных матэрыялаў. Відавочна, што яны шукалі і «варожыя» грошы, але паколькі іх не было, то забіралі тое, што магло даць інфармацыю пра кампанію. Перш за ўсё, міліцыю і спецслужбы цікавіла, з кім мы працуем, і хто за намі стаіць», - заявіў Уладзімір Някляеў.

Паэт адзначае, што падчас ператрусу ў яго з кватэры забралі ўсе яго рукапісы апошніх гадоў. «Забралі ўсё, што напісаў. Доўга, вядома, чытаць будуць. Звяртаюся да міліцыянтаў праз charter97.org: хутчэй чытайце, там шмат няскончаных рэчаў! А ўвогуле, смешна. Калі б і былі нейкія сур'ёзныя дакументы, я б іх у кампутарах не трымаў, не такі я дурны. Галоўнае, што раззлавала ўлады - наша кампанія была эфектыўнай. Мы ні да чаго, і ні да каго не прывязвалі, чаго толькі не гаварылі пра нас: што мы працуем то на Лукашэнку, то на Мілінкевіча. Улады былі ўпэўненыя, што мы рыхтуемся да прэзыдэнцкіх выбараў. Але наша кампанія будзе працаваць незалежна ад прэзідэнцкіх выбараў», - адзначыў Някляеў.

З нагоды канфіскаваных у яго і актывістаў «Гавары праўду!» кампутараў, лідэр кампаніі адзначае: «Я не ведаю, навошта ім столькі кампутараў? Вось у офісе charter97.org забралі 8 кампутараў, у нас забралі 18. Яны іх, напэўна, ужо сабе на дачы іх вывозяць, у лазнях ставяць ... Што там шукаць? Магчыма, у маім кампутары хочуць знайсці нейкі твор, які можа «абразіць» Лукашэнку», - не выключае паэт.

Што тычыцца ўзбуджэння крымінальнай справы па артыкуле 250 КК, па якім ён праходзіць падазраваным, Някляеў адзначыў: «Я да гэтага не зразумеў, што гэта за артыкул, як мне не тлумачыў следчы. Як я мог парушыць гэты артыкул, калі я не вырабляю ніякага тавару? Добра б, джынсы шыў і клеіў на іх фірмовыя лейбы, дык няма ж! Не разумею».

«Уся псіхалогія людзей улады ў нашай краіне пабудаваная на прынцыпе «забраць». Дзе што не іх - усё забіраюць. За гэтыя тры дні ў турме на Акрэсціна перад маімі вачыма прайшлі дзесяткі тры маладых хлопцаў. Амаль уся моладзь на Акрэсьціна была - наркаманы, больш пажылыя - алкаголікі. Што толькі з маладымі там не рабілі! Яны прыходзілі ў камеры ў сіняках, не маглі сагнуцца! Збівалі, на «ластаўку» ставілі, і яны прызнаваліся ва ўсім: і чаго рабілі, і чаго не рабілі. Мяне прывялі ў жах нават не дзеянні асобных сяржантаў, а то як працуе сама машына. Яна працуе на знішчэнне. Гэта проста рэпрэсіўная машына!», - заявіў Уладзімір Някляеў.

Фота Радыё Свабода

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках