19 траўня 2024, Нядзеля, 0:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка не збіраецца выдаваць дыктатара Бакіева (Абноўлена)

81
Лукашэнка не збіраецца выдаваць дыктатара Бакіева (Абноўлена)

Паводле яго словаў, збеглы кіраўнік Кыргызтана знаходзіцца «пад абаронай беларускай дзяржавы і яе прэзідэнта».

Аляксандр Лукашэнка 4 траўня заявіў у інтэрв'ю «Reuters», што не мае намеру перадаваць былога прэзідэнта Кыргызтана Курманбека Бакіева новым уладам краіны. Фрагменты інтэрв'ю былі паказаныя па беларускіх тэлеканалах.

Беларускі кіраўнік заявіў у інтэрв'ю агенцтву, што падача запыту аб экстрадыцыі Бакіева стане для часовага ўрада Кыргызтана «безнадзейным і зневажальным» крокам. Паводле яго словаў, экс-прэзідэнт знаходзіцца «пад абаронай беларускай дзяржавы і яе прэзідэнта».

«Да мяне афіцыйна ніхто не звяртаўся. І адразу хачу заявіць, што гэтыя звароты будуць бессэнсоўныя, таму што яны ведаюць, які будзе адказ ад Лукашэнкі. Прэзідэнт Кыргызтана знаходзіцца пад абаронай беларускай дзяржавы і прэзідэнта. Прэзідэнт Кыргызтана і сёння прэзідэнт. Яго ніхто не пазбавіў паўнамоцтваў. Нават калі б ён захацеў сысці ў адстаўку, дык па Канстытуцыі яе няма каму прымаць - парламент жа таксама разагналі. Таму ён сёння адзіны легітымны чалавек. І ён жа не рвецца ў Кыргызтан, каб вярнуцца і зноў стаць прэзідэнтам, хаця гэта было б зразумела. Ён наўпрост заяўляе, перажываючы за сваю краіну і народ, што ён гатовы аказаць дапамогу ў выхадзе з юрыдычнага тупіка ўсёй краіны і так званага часовага ўрада», - адзначыў беларускі лідэр. На думку Аляксандра Лукашэнкі, калі Бакіеў вернецца ў Кыргызтан, гэта толькі дадасць праблемаў часоваму ўраду. «Крый божа там з'явіцца Бакіеў, сітуацыя будзе развівацца - яна і цяпер, паводле маіх дадзеных, малакантраляваная з боку часовага ўрада, - але для гэтага так званага часовага ўрада яна будзе развівацца ў непажаданым накірунку. Пытанне: навошта вам патрабаваць ад мяне выдачы прэзідэнта Кыргызтана? Гэта рытарычнае пытанне», - сказаў Лукашэнка.

«Вы выдатна ведаеце, што Беларусь - гэта не Кыргызтан. І кожны, хто паспрабуе ў Беларусі паступіць падобным чынам, будзе заўсёды, узважваючы, думаць: наколькі гэта будзе шкодна для яго самога. Гэта зрабіць сабе на шкоду. Беларусь - цэнтр Еўропы, цывілізаванага свету. Таму тут з прычыны іншых у тым ліку фактараў гэта немагчыма, - сказаў ён. - Што да таго, ці стаяла Расея за падзеямі ў Кыргызтане… У мяне звестак няма. Але заявы расейскіх палітыкаў падчас гэтага дзяржаўнага перавароту і пасля яго насцярожваюць. Дакладна такім жа чынам, як і вас». Лукашэнка звярнуў увагу, што Расея і ЗША тым, што падтрымліваюць незаконнае фармаванне і ўрад, які гвалтоўным шляхам прыйшоў да ўлады, у сутнасці, стварылі небяспечны прэцэдэнт.

Раней 4 траўня кіргізскія ўлады паведамілі аб пазбаўленні Бакіева статусу былога прэзідэнта і даручылі пракуратуры прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасці і забяспечыць яго экстрадыцыю. Падставай для пазбаўлення Бакіева статусу і недатыкальнасці часовы ўрад назваў той факт, што ён дапусціў расстрэл мірных грамадзянаў падчас акцыяў пратэсту ў Бішкеку 7 красавіка. Да гэтага за злаўленне Бакіева і яго сваякоў была прызначаная ўзнагарода ў памеры ад 20 да 100 тысячаў даляраў.

«Нічога бясплатна не аддамо»

«За апошні час мы нямала зрабілі ў выбудоўванні нармальных, добрасуседскіх стасункаў з нашымі заходнімі партнёрамі», — заявіў Лукашэнка.

«Што датычыць дыпламатычнага, палітычнага ўзроўню, дык тут адбыліся кантакты на ўсіх узроўнях і нават на ўзроўні прэзідэнта, якога вы так не любіце і не ўспрымаеце на Захадзе з асобнымі палітыкамі. Я не буду называць, вы добра пра гэта інфармаваныя», — сказаў ён.

Паводле яго словаў, у Беларусі з Захадам «па лініі бізнэсу» выбудоўваюцца вельмі добрыя стасункі. «У нас па лініі фінансава-крэдытных інстытутаў нядрэнныя стасункі, — адзначыў Лукашэнка. — Я маю на ўвазе Міжнародны валютны фонд, Сусветны банк, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, рознага кшталту фонды, якія як інвестуюць, так і аказваюць бязвыплатную падтрымку нашай дзяржаве па шмат якіх накірунках».

«Можа быць, Захаду хацелася б тут хутчэй правесці прыватызацыю. Не толькі Захаду ў гэтым выпадку, але і Усходу, — выказаў ён меркаванне. — На што я заўсёды казаў: мы не супраць, але ў нас ёсць нацыянальны інтарэс, і нічога бясплатна не аддамо».

«Каму гэты тэзіс падабаецца? Напэўна, не ўсім, — сказаў Лукашэнка. — Абсалютна мы не супраць, нармальны працэс, але за добрыя грошы, на рынкавых умовах, і ніякага шарлатанства і карупцыйнай прыватызацыі ў Беларусі не было і не будзе. Таму, відаць, і гэты фактар раздражняе нашых заходніх партнёраў, і яны нас папракаюць у марудных тэмпах рэфармавання эканомікі і, канкрэтызую, прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці».

Захад яго «кінуў»

«Калі Еўропа гатовая і хоча з намі супрацоўнічаць ва ўсіх накірунках, калі ласка, прыязджайце. Мы не можам закрыцца: у нас эканоміка адкрытая, мы 75-80% вырабленага экспартуемы. З прычыны гэтага мы не можам закрыцца ад усяго свету і праводзім адкрытую палітыку», - адзначыў Лукашэнка.

Паводле яго словаў, Менск гатовы зрабіць «роўна столькі крокаў, наколькі да гэтага гатовы Захад». «Ведаеце, я не магу нават вам сказаць пра тыя крокі, вельмі адчувальныя для нас, якія я зрабіў. І Захад мяне «кінуў», - дадаў беларускі кіраўнік. - І гэта нам дорага каштавала. І я зразумеў, яшчэ раз падкрэсліваю, што на Захадзе проста велізарная колькасць безадказных палітыкаў. Яны забываюць тое, што казалі ўчора. Непаслядоўныя. Вось, разумееце, у іх добра сёння, быццам з крызісу выходзім, і добра: потым, маўляў, паглядзім, як складзецца...» «Таму не трэба ад нас патрабаваць нейкіх крокаў. Мы робім вельмі шмат крокаў - сотні, можа быць, тысячы за год. Але крокаў, якія задавальняюць нас і наш народ. У галіне сельскай гаспадаркі, прамысловасці, сацыяльнай палітыкі. У нас хапае праблемаў. І коштаўтварэнне - у нас кошты не нізкія, і зарабатная плата яшчэ не высокая, пенсійнае забеспячэнне. Нам шмат крокаў трэба рабіць. І мы іх робім. Але Захад чамусьці хоча нейкіх іншых крокаў - «аддай бясплатна прадпрыемства», так званая прыватызацыя, «рэнтабельнае, высокапрыбытковае прадпрыемства - аддай». Гэта, дарэчы, не толькі Захаду датычыць. Я сказаў, як мы будзем у гэтым накірунку рабіць», - рэзюмаваў ён.

«Добрая ініцыятыва - «Усходняе партнёрства». Я думаю, што Еўразвязу, сапраўды, на межах, важных межах на ўсходзе, абсалютна не патрэбная нестабільная дзяржава, не патрэбныя непрадказальныя рэжымы. Хіба было б дрэнна, калі б мы ў межах «Усходняга партнёрства» змаглі і Украіну, і Беларусь, і іншыя краіны, якія ў гэтым удзельнічаюць, падцягнуць да ўзроўню заходнееўрапейскіх дзяржаваў? Гэта было б нармальна: большы рынак, развіццё стасункаў, выгадная транзітная палітыка. Ужо колькі мы кажам пра гэтае «Усходняе партнёрства» - але ж нічога не адбываецца!» - сказаў Лукашэнка. «Ну што ж, гэта справа больш Еўразвяза, мы пачакаем. Але гэтае ўтварэнне, якое яшчэ не сфармавалася - «Усходняе партнёрства» - ужо сёння нам заяўляе: «Вось будзе нейкая парламенцкая арганізацыя ЕУРАНЭСТ. І вось усе дзяржавы, якія ўваходзяць ва «Усходняе партнёрства», будуць прадстаўленыя парламентарамі, а Беларусь павінна быць прадстаўленая не толькі абраным народам «парламентам», але яшчэ і нейкімі самазванцамі. Чаму да нас такое стаўленне? - абурыўся беларускі кіраўнік. - Што, у нашых дзяржаваў - партнёраў па «Усходнім партнёрстве» не такія праблемы, як у Беларусі? Ды яшчэ паболей праблемаў. Чаму вы да нас падыходзіце так, а да іх інакш?»

Па на думку Лукашэнкі, на Захадзе некаторыя палітыкі «захапіліся неўласцівымі ім справамі і проста не бачаць, што адбываецца ў Беларусі, ці не хочуць бачыць, карыстаючыся інфармацыяй з адных рук». «Мы хацелі б поўнай яснасці і выразнасці. Калі для вас такая Беларусь непрымальная, калі вы не хочаце супрацоўнічаць з намі, вы нам скажыце», - падкрэсліў кіраўнік.

Адказваючы на пытанне пра тое, якіх крокаў Менск чакае ад Захаду, Лукашэнка сказаў: «Што да эканомікі - зона свабоднага гандлю, сістэма абагульненых прэферэнцыяў. Чаму вы нас адтуль выключылі? Гэта што, вам на шкоду? Вы павінны былі дапусціць нас на роўных умовах без дыскрымінацыі на свае рынкі, мы ж вас не дыскрымінуем у Беларусі. Вы гэтага не зрабілі. І ўсё нам высоўваеце нейкія ўмовы... Я яшчэ раз падкрэсліваю: я ведаю, да чаго зводзяцца гэтыя ўмовы: вам не падабаецца Лукашэнка. Прыйдзецца пацярпець - выбар зробіць беларускі народ». Ён таксама адзначыў: «Дыялог павінен ісці паўнавартасна па лініі дыпламатычных каналаў, а не па прынцыпе «вось, Лукашэнку запросім, не запросім, давайце запросім, але параім, каб не ехаў». Ды не паеду я да вас, не бойцеся. А калі і прыеду, дык кусацца не буду».

Лукашэнка асабліва падкрэсліў неабходнасць зняцця як эканамічных, так і візавых абмежаванняў. «Усялякія санкцыі павінны быць знятыя. Гэта - па-першае. Па-другое, візы для нашых грамадзянаў павінны быць такімі, як для нашых суседзяў. Вы ж багатыя, чаго вы нам заломліваеце кошт у 60 еўра?» - абурыўся ён.

Каментуючы пытанне пра магчымасць адмены смяротнага пакарання ў Беларусі, кіраўнік заявіў, што «пераважная большасць беларускага грамадства выказваецца за захаванне ў краіне вышэйшай меры пакарання». «У свой час мы ўвялі пажыццёвае зняволенне. І тыя, хто раней падпадаў пад смяротнае пакаранне як выключнае пакаранне, пераважная большасць, атрымліваюць, як і ў вас, пажыццёвае зняволенне. Калі толькі хоць наймалейшая зачэпка дзесьці ў суда ёсць, што можа быць дапушчаная памылка, дык у нас ёсць альтэрнатыва - пажыццёвае зняволенне. Але, прабачце, калі нягоднік і падонак здзекуецца з вашых дзяцей і забівае іх… Вось расейцы ўвялі мараторый на смяротнае пакаранне. Спытаеце ў кіраўніцтва Расеі і расейцаў: яны ў захапленні ад гэтага? Не!» - адзначыў Лукашэнка.

Пра «бухгалтараў» з Расеі

Лукашэнка таксама заявіў, што «гатовы да прагматычных стасункаў з Расеяй».

«У стасунках з Расейскай Федэрацыяй мы зрабілі гіганцкі крок насустрач адзін адному. Але ў апошні час расейскае кіраўніцтва захацела выбудаваць з Беларуссю абсалютна прагматычныя стасункі, — заявіў беларускі кіраўнік. — Ну, мы да гэтага гатовыя. Але гэты прагматызм не павінен губіць усё тое, што назапашана на сённяшні дзень. А мы зрабілі нямала і не толькі з цяперашнім кіраўніцтвам Расеі, але і з ранейшым кіраўніцтвам Расейскай Федэрацыі. І гэта задавальняе і беларусаў, і расейцаў».

«Калі расейцы, у бухгалтэрыі палічыўшы, убачылі, што яны ўжо занадта тут ствараюць вялікія выгоды для беларускага народа, дык я павінен сказаць, што гэта няправільны рахунак. Гэта касабокі, аднабокі прагматызм. Такога прагматызму быць не павінна», — сказаў Лукашэнка.

«Такі рахунак аднабокі: увядзенне мытнай пошліны на нафту, нафтапрадукты для аднаго чальца Мытнага саюза, для Беларусі, і не ўвядзенне для іншага чальца Мытнага саюза, для Казахстана, — гэта прынамсі карупцыяй папахвае».

Пра прэзідэнцкія выбары

«Я да гэтага часу схільны да таго, што яны павінны прайсці, гэтыя выбары, ну, напэўна, ў пачатку будучага года, пасля заканчэння тэрміну паўнамоцтваў дзеючага прэзідэнта», — заявіў Лукашэнка.

У адпаведнасці з заканадаўствам прэзідэнцкія выбары павінны быць прызначаныя не пазней чым за пяць месяцаў і праводзяцца ў нядзелю не пазней чым за два месяцы да заканчэння тэрміна паўнамоцтваў папярэдняга прэзідэнта. Такім чынам, скрайні тэрмін правядзення прэзідэнцкіх выбараў — 6 лютага 2011 года.

У інтэрв'ю БелаПАН старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына не выключае правядзення прэзідэнцкіх выбараў увосень 2010 года. «Вядома, выбары было б зручней правесці да Новага года. Быў бы іншы настрой у грамадстве», — лічыць яна.

Напісаць каментар 81

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках