Каго так раззлавала патрабаванне адправіць Лукашэнку да псіхіятра?
41- 7.05.2010, 17:30
Пасля затрымання 6 траўня каля Вярхоўнага суда праваабаронца Кацярына Садоўская знаходзіцца ў шпіталі пад наглядам двух міліцыянтаў.
Шпіталь наведала яе нявестка, а таксама лідэры прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў і Ігар Леднік. Ім не дазволілі перадаць Кацярыне Садоўскай раздрукоўку з інтэрнэт-сайтаў з інфармацыяй пра ўчорашнія затрыманні ля Вярхоўнага суду, якія прайшлі пасля абвяшчэння прысуду Мікалаю Аўтуховічу, паведамляе «Радыё Свабода».
Кацярыну Садоўскую затрымалі па дарозе на вуліцы Леніна. Супрацоўнікі міліцыі паведамілі яе сяброўкам, што быццам бы Кацярына Пятроўна лаялася матам, і гэта стала падставай для яе затрымання. Пры гэтым міліцыянты казалі жанчынам, што сведкі ім не патрэбныя.
У міліцыі праваабаронцы стала дрэнна, і яе забрала хуткая дапамога ў клінічную бальніцу. Кацярына Садоўская цяпер знаходзіцца ў аддзяленні рэўматалогіі.
Садоўская мае шэраг праблем са здароўем, яна перанесла складаную анкалагічную аперацыю.
Макаеў і Леднік не выключаюць, што міліцыя вырашыла завесці супраць Кацярыны Садоўскай крымінальную справу. Учора праваабаронца перадавала міліцыянтам артыкул у газеце «Свабода» з дыягназам псіхіятра Дзмітрыя Шыгельскага, які ён завочна паставіў Аляксандру Лукашэнку, і прасіла прызначыць беларускаму кіраўніку псіхіятрычную экспертызу.
У лякарні ў Садоўскай забралі мабільны тэлефон. Праваабаронца ляжыць у бальнічным калідоры. Яе ахоўваюць дзве жанчыны. Адна з іх - старшы лейтэнант па справах непаўнагадовых Святлана Моўчан. Другая жанчына, маёр па званні, адмовілася прадставіцца.
Нагадаем, што 6 траўня ўсе затрыманыя ўдзельнікі пікету ля будынка Вярхоўнага суда атрымалі позвы ў суд на 12 траўня. І толькі Кацярына Садоўская знаходзіцца дагэтуль пад аховай.