Следчы Байкова патрабуе неадкладнага вызвалення
38- 11.06.2010, 8:42
Старэйшы следчы па асабліва важных справах Генеральнай пракуратуры Беларусі Святлана Байкова знаходзіцца пад вартай з 25 лютага.
Яе абарона падрыхтавала прашэнне на імя Аляксандра Лукашэнкі, паведаміў БелаПАН адвакат Байковай Міхаіл Воўчак.
У звароце ідзе гаворка пра неабходнасць абароны канстытуцыйных правоў Байковай, утрымліваецца патрабаванне аб вызваленні яе з-пад варты, указанне на незаконнасць дзеянняў некаторых службовых асобаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Плануецца, што прашэнне будзе накіраванае на наступным тыдні.
Міхаіл Воўчак таксама паведаміў, што з 31 траўня Святлана Байкова абвясціла галадоўку і працягвае яе дагэтуль. Вынікам гэтага стала сур'ёзнае, паводле яго інфармацыі, пагаршэнне стану здароўя падабароннай, пачаліся праблемы з нагамі. Урачы ўгаворваюць жанчыну, якая ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ, спыніць галадоўку, але пакуль безвынікова. 10 чэрвеня са Святланай Байковай сустракалася яе маці. Агульны стан здароўя Байковай абаронца кваліфікуе як «цяжкі».